Общество

ЗГОДА ДЫ ЛАД – ДЛЯ СЯМ’І КЛАД

“Я – самая шчаслівая”, – гаварыла яна сабе, выходзячы замуж у юным 18-гадовым узросце. “Я – самая шчаслівая”, – думала, калі нараджала першынца – сыночка Вову, а затым яшчэ адзін за адным – 5 хлопчыкаў. І няхай жыццёвы шлях не заўсёды быў лёгкім і бесперашкодным, для лунінчанкі Наталлі КАЗЛОЎСКАЙ сям’я заставалася самай вялікай каштоўнасцю ў свеце.
Яны пазнаёміліся пасля сустрэчы ў цэркві Хрысціян Веры Евангельскай у Мікашэвічах. Наталля – мясцовая жыхарка, Аляксандр – прыезжы з Краснаярскага краю (сям’я пераехала ў тагачасны рабочы пасёлак, які з’яўляўся малой радзімай матулі). Нягледзячы на 11-гадовую розніцу ва ўзросце, маладыя быццам дапаўнялі адзін аднаго. Яны часта праводзілі вечары, але развітвацца не хацелі. Гэтае жаданне ажыццявілася 18 сакавіка 1994 года, калі Наталля і Аляксандр стварылі дружную і, як акажацца пазней, мнагадзетную сям’ю.
Калі Казлоўскія ўпершыню чакалі дзіця, будучы бацька марыў пра сына. Матулі ж было ўсё роўна – толькі б здаровым нарадзіўся. Хлопчык паявіўся на свет спякотным жнівеньскім днём 1995-га. Калі размова зайшла пра імя малыша, Аляксандр прапанаваў назваць Уладзімірам – у гонар свайго брата. Асабліва радавалася гэтаму свякроў: яна душы не чула ва ўнуку.
З радасцю ў сям’і ўспрынялі навіну аб чарговым папаўненні. Бацька шчыра верыў, што “снарад у адну варонку не трапіць”. Гуляючы неяк па кірмашу, прапанаваў набыць прыгожую сукенку для будучай дачушкі. Але Наталля запярэчыла: маўляў, народзіцца, дык усё купіцца. Верагодна, ужо адчувала, што пад сэрцам носіць сыночка…
У адрозненне ад старэйшага браціка, Сашка паявіўся марозным студзеньскім днём. Хлопчык нават не падазраваў, што гэтак жа, як і зіма выпрабоўвае прыроду сваімі завеямі, так і лёс наканаваў яму жыццёвыя цяжкасці. Акрамя страшнага дыягназу “ДЦП”, урачы выявілі ў 4-месячнага малыша адсутнасць рэакцыі на гукі… Вера бацькоў, намаганні спецыялістаў у баранавіцкім санаторыі “Антант”, імкненне самога Сашкі стаць звычайным хлопчыкам далі свой плён – ён пачаў хадзіць!
Арцёмка нарадзіўся ў 98-ым сапраўдным “багатыром” – вагой 4,5 кілаграма! Але пры гэтым не прынёс маме асаблівых складанасцей. Свайго транспарту ў Казлоўскіх не было, і калі Аляксандру Мікалаевічу давялося забіраць жонку з радзільнага дома, на дапамогу прыйшоў… айцец Васілій.
У канцы мінулага тысячагоддзя сям’я папоўнілася Уладзіславам. Тады імя толькі ўваходзіла ў “моду”, і сёння яго цяжка назваць рэдкім. Але гэты факт зусім не засмучае хлопчыка. З ранняга дзяцінства малыш добра малюе. Наведвае заняткі ў адным з аддзяленняў дзіцячай школы мастацтваў.
Сярод шматлікіх родзічаў Казлоўскіх не было Дзмітрыя. Гэты недахоп Наталля Фёдараўна “выправіла” ў год міленіума. Спакойны з маленства, хлопчык застаўся такім і сёння. Праўда, турбуюць бацькоў яго праблемы з мовай.
Летась першакласнікам стаў самы меншы сынок – Мішка. Яго імя сям’я падабрала яшчэ да нараджэння – ніхто нават думкі не дапускаў, што замест браціка можа паявіцца сястрычка… Ён – адзіны, хто “прымусіў” маму адправіцца ў Пінскі радзільны дом. На жаль, у малыша таксама ёсць недахопы з мовай. Арцём, Дзіма і Міша знаходзяцца на надомным навучанні.
У маі 2002 года Казлоўскія пераехалі ў Лунінец, дзе Аляксандр, як былы ліквідатар на Чарнобыльскай АЭС, атрымаў дыхтоўную 5-пакаёвую кватэру. Два пакоі размеркавалі паміж хлопчыкамі, яшчэ ў адным – па чарзе яны робяць урокі, гуляюць на камп’ютэры, чытаюць кніжкі, складваюць “Лега”. У тым жа годзе Наталля Фёдараўна атрымала галоўную ўзнагароду за мацярынства – ордэн Маці.
– Па розных прычынах зараз мы не наведваем царкву, але ўсведамляем, што без рэлігіі дзетак выхаваць цяжка, – разважае мнагадзетная матуля. – Тым не менш, гутаркі пра Бога вядзем. А ў тым, што Ён не даў мне дачушку, не расчаравана. Ведаеце, мае хлопчыкі вырастуць – і дзяўчаты будуць абавязкова…
Да Дня жанчын Наталля Фёдараўна атрымае аж 7 сувеніраў! Але, якія б яны ні былі, для шчаслівай матулі самым галоўным падарункам застануцца шчырыя ўсмешкі яе сыночкаў…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть