МикашевичиНовости районаОбществоЭкология

Жывая вада Лунінецкага раёна

Лунінеччына – край чароўных паданняў і легенд, найпрыгажэйшая ў свеце зямля, на якой жывуць працавітыя, кемлівыя і гасцінныя людзі. Самабытны куточак  прываблівае да сябе, зачароўвае непаўторнасцю, адмысловой культурнай спадчынай і некранутай прыгажосцю тутэйшых мясцін. Немагчыма не захапляцца Палессем, як немагчыма застацца абыякавым да яго мясцовага каларыту. Здаецца, што тут усё прасякнута загадкавасцю і таямнічасцю, і спазнаць гэты непаўторны свет дадзена не кожнаму. Тут старадаўнія традыцыі пераплятаюцца з сучаснасцю, а ў шалясценні старасвецкіх дубоў можна адчуць нават подых сівых стагоддзяў.

Працягваем вандроўку па знакамітых і знакавых мясцінах роднай зямлі пад рубрыкай “Мой край”. Нагадаем, нядаўна расказвалі пра гісторыю стварэння каплічкі пры дарозе, што стаіць ля аўтамабільнай трасы Кобрын-Гомель. Сёння накіруемся да крынічкі, што знаходзіцца непадалёку ад вёскі Дрэбск на мяжы Гарадоцкага і Лахвенскага сельскіх Саветаў.

Да яе вядзе палявая дарога. Справа, сярод жытнёвага поля, шалясціць на ветры Калінаў гаёк. Невялічкая купка дрэў – усё, што засталося ад зялёнага вострава, дзе раслі раскідзістыя кусты ажыны ды малінніку. Памятаю, як яшчэ ў далёкім і незваротным дзяцінстве хадзілі сюды за спелымі і сакавітымі ягадамі, слухаючы расказы бабулі пра хуткаплынную Марочну, затопленыя баржы і праклятую калісьці раку, якая стала балотам ды крынічку, што б’е з самых зямных нетраў. Злева – Жураўлёвае балота. Некалі гэтыя мясціны аблюбавалі прыгожыя птушкі. На жаль, журавы адсюль даўно зніклі, высахла і балота. Засталася адна толькі назва. З узгорка відаць рэчышча Марочны. Як расказваюць старажылы, у былыя часы рака сапраўды была паўнаводнай і па ёй хадзілі на лодках ды баржах. Аб гэтым нават паведамляе у сваім допісе “Паданні Лунінецкага краю” вядомы гісторык і краязнавец Сцяпан Нефідовіч: “На Лунінеччыне ёсць два даўнія поцягі рэчак Марочных. Па шырыні і глыбіні далін-рэчышчаў (усходняй, што цягнецца каля Краснай Волі, Перунова да Лахвы, і заходняй – між Лахвай і Кажан-Гарадком) можна толькі здагадвацца, якімі патокамі вады валодалі гэтыя рэчкі. Дарэчы, у мінулым стагоддзі ў час меліярацыі пры пракладцы каналаў і ў адной і ў другой даліне былі выкапаны старажытныя драўляныя баржы, што сведчыць аб глыбіні тых рэк”. Тут жа Сцяпан Паўлавіч згадвае і пра паданне пра  Марочну.

“Даўно тое было. Аднойчы панскі спраўнік паехаў па нейкіх справах у Дрэбск. Убачыў у прыгоннай сям’і вельмі пекную дзяўчыну. Загадаў цівунам даставіць яе ў Лахву. Хацеў пацеху сабе зрабіць. А дзяўчына не аддалася, вырвалася ў адной сарочцы. Не па дарозе, напрасткі пабегла. А паміж Дрэбскам і Лахвай рака Марочна ў той час працякала. На дварэ холадна, зазімак. Рака не плынная, таму лядком пакрылася. Вось па тым лядочку і пабегла дзяўчына. Край мінула, сярэдзіну, а не дабегшы да берага метраў дзясятак, увалілася. З палонкі ніяк выбрацца не можа. Крычала, клікала каго-небудзь на дапамогу – нікога, і Бога маліла – не дапамог.

Мінулі стагоддзі, высахла Марочна, а на тым месцы б’е крыніца. То, кажуць, дзявочыя слёзы льюцца з-пад зямлі”.

Дарэчы, менавіта такое паданне ў маленстве чула ад дзеда Васіля, сядзіба якога стаіць каля двух кіламетраў ад крынічкі.

Амаль пасярэдзіне засохлага рэчышча прабіваецца вада празрыста-крыштальная, сцю-дзёная. Мясцовыя людзі кажуць, што і ўлетку, і ўзімку яе тэмпература каля 8 градусаў. Многія едуць сюды, каб узяць чыстай гаючай вадзіцы, спаталіць смагу, набрацца сілы ды моцы. У 1999 годзе крынічку асвяцілі, тэрыторыю вакол добраўпарадкавалі, агарадзілі, паставілі альтанку і крыж з абразам Маці Божай. На плоце вісіць шыльдачка, усталяваная Лунінецкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам сельскагаспадарчай вытворчасці ў 2020 годзе падчас правядзення конкурсу “Жыві, крыніца”, на якой напісана, што тут знаходзіцца помнік прыроды. На жаль, зараз ён  у запушчаным стане. Вакол трава амаль у чалавечы рост, альтанка выглядае недагледжанай, да самой крынічкі варта апускацца асцярожна, каб не ўпасці ды не пакалечыцца. Здаецца, што не трэба вялікіх грошай, каб ля святога месца навесці чысціню і парадак. 

Навокал цішыня. Толькі чутно, як ёмістасць напаўняецца крыштальнай вадой. Калі толькі здараецца нагода, сюды, каб набраць гаючай вады, прыязджае ўраджэнка Дрэб-ска, а цяпер жыхарка Брэста, Алена Бурык (на здымку). Алена Аляксееўна выкладае гістарычныя дысцыпліны ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна, загадвае кафедрай гісторыі славянскіх народаў.

– Для мяне гэтае месца асаблівае, нават болей – сакральнае, – гаворыць гісторык. – Тут прайшло маё дзяцінства і юнацтва – самыя шчаслівыя гады. Памятаю, як з сяброўкамі басанож бегалі да крынічкі, каб напіцца самай смачнай і чыстай вады ў свеце. Прайшло шмат часу, а родны край так і вабіць да сябе, заве ў госці, каб, як і ў далёкім дзяцінстве, спаталіць смагу. Нездарма нашыя продкі з глыбокай пашанай адносіліся да такіх мясцін і верылі, што крыніцы – “вочы Маці зямлі” – святыя,  бо даюць людзям сілу, ба-дзёрасць, здароўе і чысціню.

Сапраўды, гэтыя мясціны прыцягваюць да сябе, прыварожваюць своеасаблівай энергетыкай, якая дорыць супакаенне. Здаецца, нават і час тут запавольвае свой імклівы бег.  

Кацярына Яцушкевіч

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть