Злучыць «Івушку» і сельгастэхніку новы аўтобусны маршрут
Общество

Злучыць «Івушку» і сельгастэхніку новы аўтобусны маршрут

Прыемна назіраць, як Лунінец прырастае шматпавярхоўкамі. Разам з гэтым павялічваецца тэмп жыцця: хочацца ўсюды паспець і многае зрабіць. У гэтым на дапамогу прыходзяць гарадскія аўтобусы. Вось і новы маршрут №7, які ў бліжэйшы час паявіцца ў райцэнтры, злучыць два мікрараёна буйной забудовы – Заводскі і Сельгастэхніку. Расказвае начальнік аддзела перавозак філіяла “Аўтапарк №10” Аляксандр Самусевіч:

– Маршрут №7 – патрабаванне часу. Аб яго неабходнасці гаварылі лунінчане на агульных сходах, які праводзілі прадстаўнікі райвыканкама. Да гэтага часу ўсе гарадскія аўтобусы былі “прывязаны” да вакзала. Маршрут №7 – адзіны ў Лунінцы, які не мае ў сваім раскладзе прыпынку на чыгуначнай  станцыі. Яго ад-праўной кропкай будзе магазін “Івушка”, што на вуліцы Сухога, канцавой – Сельгастэхніка. Мы распрацавалі расклад, які хутка размесцім на кожным прыпынку.

– У чым асаблівасць гэтага маршруту?

– Перш-наперш, ён накіраваны на тое, каб своечасова дастаўляць дзяцей з аддаленых раёнаў да навучальных устаноў, працаўнікоў – да месца работы і да дому. Да таго ж, жыхарам Сельгастэхнікі цяпер не трэба рабіць перасадку, каб трапіць у басейн ці Лядовую арэну. А яшчэ – маршрут вельмі кароткі – без заезда на аўтастанцыю і бальніцу. Яго працягласць у абодва бакі – 15 кіламетраў, якія будуць пераадолены за 41 хвіліну.

– Аўтобус будзе курсіраваць на працягу ўсяго дня?

– Так. Але ён, так бы мовіць, – адназменны. З вуліцы Сухога ён будзе ад’язджаць на працягу не ўсяго дня: два рэйсы раніцай, столькі ж – у абед і адзін – увечары. У іншы час  канчатковым прыпынкам будзе “Мотадром”. З Сельгастэхнікі апошні аўтобус адправіцца ў 17.05.

– Шкада, што ў больш позні час аматарам здаровага ладу жыцця з аддаленай часткі горада складана будзе дабрацца да спартыўных аб’ектаў.

– Гэта пробны маршрут. Калі ён будзе запатрабаваны, у далейшым зможам карэкціраваць рух.

– Ці паўплывае новы маршрут на графік руху іншых гарадскіх аўтобусаў?

– Крыху зменіцца расклад маршруту №6, які цяпер таксама будзе заязджаць на вуліцу Сухога. У аўтобусаў №1 і №2 з 1 лістапада іншай будзе схема руху, звязаная з заездам у бальніцу. Цяпер з вуліцы Чапаева маршрут будзе пралягаць па Пушкінскай і Смаленскай, а вось на Віленскай прыпынку не будзе. Зараз работнікі ДРБУ-101 і Лунінецкай ЖКГ вядуць работы па абсталяванню новых прыпыначных пунктаў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть