Общество

ЗНАЙСЦІ ДАРОГУ ДА РОЗУМАЎ І СЭРЦАЎ

Гэтаму прадстаўнікі ідэалагічнага актыву раёна настойліва вучацца. У тым ліку і дзякуючы мерапрыемствам, нашкталт семінару, што 12 кастрычніка прайшоў у Мікашэвічах.
Многія з удзельнікаў нарады, як ні дзіўна, упершыню пабывалі на ААТ “Спецжалезабетон”, а таму з цікавасцю слухалі расказ яго дырэктара В.П. Басевіча пра ўнікальнасць прадпрыемства і яго прадукцыі; калектыў, які настойліва імкнецца стаць недасягальным для канкурэнтаў; а яшчэ – пошукі новых для гэтага шляхоў. Самы надзейны з іх – пастаяннае абнаўленне вытворчасці і асартыменту прадукцыі. Штомесяц яе выпускаецца ў сярэднім на 7,5 мільярда рублёў. Уражваюць і памеры інвестыцый: за пяць апошніх год яны склалі больш як 17 мільярдаў рублёў. Дзякуючы капіталаўкладанням, удалося мадэрнізаваць чатыры тэхналагічныя лініі, на чарзе – пятая. На ўзроўні і сярэдняя заработная плата, якая адной з першых у раёне дасягнула ўстаноўленай планкі – 500 долараў у эквіваленце.
Госці пабывалі ў цэхах прадпрыемства, паназіралі, як вырабляецца навінка – труба для мікратанеліравання. А  яшчэ – затрымаліся каля лініі па выпуску тратуарнай пліткі. Тут якраз прыступілі да выканання спецзаказу – каляровай пліткі для добраўпарадкавання тэрыторыі каля ўзводзімай у Лунінцы Лядовай арэны.
– Нарадзіўся ў Лунінецкім раёне, усё жыццё тут жыву, але ўпершыню давялося пабываць на ААТ “Спецжалезабетон”, – сказаў намеснік дырэктара політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа В.П. Каратыш. – Уражаны ўнікальнасцю выпускаемай прадукцыі, няпростымі ўмовамі, у якіх працуюць людзі, і тым, як мудра ладзяць у калектыве работу – вытворчую і выхаваўчую.
У адміністрацыйным будынку многія звярнулі ўвагу на незвычайныя стэнды, на якіх былі прадстаўлены не толькі справы і дасягненні прадпрыемства, але і падшэфнай школы №2. У навучальнай установе, у сваю чаргу, на самым бачным месцы – звесткі пра тое, як працуюць шэфы. Намеснік дырэктара па маркетынгу Т.А. Меляшкевіч заўважыла, што паколькі многія з бацькоў школьнікаў з’яўляюцца работнікамі “Спецжалезабетона”, такая ўзаемазацікаўленасць дае плён.
У гэтым упэўніліся, пабываўшы ў названай школе. На парозе гасцей сустракалі вучні ў прыгожай строгай форме. Як высветлілася, гэта тыя, хто вырашыў прысвяціць сябе правазнаўству. На факультатывах яны паглыблена вывучаюць спецыяльныя прадметы. Зараз такіх класаў 4, у наступным годзе па настойлівай просьбе бацькоў мяркуюць адкрыць яшчэ адзін. Улічваючы тое, што пры наборы ў іх вучняў захоўваецца конкурс у 2,5 чалавека на месца, такая форма навучання запатрабавана.
“Пасля наведвання гэтай навучальнай установы мне вельмі захацелася ў школу. Як тут слаўна, што ёсць у нашым раёне такія навучальныя калектывы і, галоўнае, такія адданыя і захопленыя людзі, як Галіна Паўлаўна Сыцэвіч, – не стрымала ўражанняў галоўны эканаміст, адказная за ідэалагічную работу ў калектыве Лунінецкага КБА Алена Сыцэвіч.
На думку ж дырэктара, ёсць яшчэ адзін немалаважны аспект, які істотна паўплываў на рашэнне адкрыць спецыялізаваныя класы прававога накірунку. У недалёкім мінулым навучальная ўстанова не магла пахваліцца высокім узроўнем дысцыпліны, а пэўны час нават была ў ліку тых, хто пагаршаў статыстыку падлеткавай злачыннасці. Зараз правапарушэнняў тут не рэгіструецца наогул. І хоць далёка не ўсе ў будучым стануць праваахоўнікамі, сярэдняя паспявальнасць за адзін толькі год вырасла з 6,3 да 6,9 бала. У параўнанні з мінулым прыкладна ў два разы павялічылася колькасць тых, хто працягвае вучобу ў ВНУ.
І ўсё ж супрацоўнікі РАУС тут дастаткова частыя госці. Яны ахвотна расказваюць будучым правазнаўцам пра сваю работу. З асаблівай задаволенасцю адзначыла Галіна Паўлаўна той факт, што выкладчыкі Акадэміі МУС, з якой у школы заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, пастаянна дэманструюць нефармальную зацікаўленасць у арганізацыі навучальнага працэсу і далейшым лёсе выпускнікоў прававых класаў.
Увогуле, многіх з тых, хто нячаста бывае ў Мікашэвічах, горад уразіў размахам і зусім неправінцыяльным падыходам да арганізацыі справы. Вось і ў аўтапарку №6 па-добраму пазайздросцілі з густам аздобленай падведамаснай тэрыторыі, парадку, які пануе на вытворчых пляцоўках і ў цэхах, а таксама выдатным бытавым умовам. Кароткая экскурсія, якую правяла дырэктар С.Я. Лахвіч, пацвердзіла неабвержную ісціну: у калектыве клапоцяцца не толькі пра сённяшні, але і пра заўтрашні дзень аўтамабілістаў, свята захоўваючы добрую пераемнасць пакаленняў. Калектыў па праву мае вядомасць аднаго з найбольш стабільных і паспяховых у аб’яднанні “Брэстаблаўтатранс”.
Пра тое, што ў Мікашэвічах ёсць прадпрыемства, якое падпарадкоўваецца Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, ведаюць далёка не ўсе жыхары маладога горада, не кажучы пра іншыя населеныя пункты раёна. Між тым, гэта так. РУП “Уніформ”, якое займаецца пашывам спецадзення, сёлета наведаў Міністр МНС Энвер Барыеў. Невялікі калектыў уразіў госця тым, што займаецца выпускам унікальнага адзення для выратавальнікаў. Спецыяльны касцюм з маркай “Уніформ” дае магчымасць пажарным пэўны час знаходзіцца ў зоне адкрытага полымя. А гэта – выратаваныя жыцці, адхіленая бяда.
Расказ дырэктара РУП “Уніформ” В.А. Шаравар слухалі з асаблівай увагай. Не прамінула Вера Антонаўна падкрэсліць і тое, што зараз прадпрыемства працуе ў зладжаным рытме, мае нядрэнныя прыбыткі. Сёлета паспрабавалі выйсці са сваёй прадукцыяй на замежны рынак. Першая партыя вогнетрывалых касцюмаў адпраўлена ў Казахстан. У калектыве не без падстаў спадзяюцца на далейшае пашырэнне рынкаў збыту, што дазволіць развіваць вытворчасць, нарошчваць аб’ёмы выпуску прадукцыі і, у рэшце рэшт, паляпшаць дабрабыт работнікаў.
РУВП “Граніт” – канчатковы пункт экскурсу ідэалагічных работнікаў. Тут удзельнікаў семінару хлебам-соллю сустракалі генеральны дырэктар прадпрыемства С.П. Туравец і яго намеснік А.М. Кустрэй. У актавай зале, дзе праходзіла выніковае пасяджэнне, ідэолагі з цікавасцю паглядзелі відэафільм, які даў магчымасць упэўніцца ў сапраўды маштабным размаху гранітаздабаваючай вытворчасці і перспектыаах яе далейшага развіцця.
Ацэнку рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2006-2010 гады даў намеснік старшыні райвыканкама В.А. Рафаловіч, які адзначыў паступальны рух наперад ва ўсіх галінах гаспадаркі пры захаванні важнейшых сацыяльных прыярытэтаў. Удалося не толькі захаваць прадпрыемствы, мінімізаваўшы наступствы сусветнага эканамічнага крызісу, але і павялічыць вытворчы патэнцыял, што дазволіла павысіць узровень жыцця людзей. За пяцігодку аб’ёмы вытворчасці выраслі больш чым у паўтара раза. Створана 4000 новых рабочых месцаў. Шпаркімі тэмпамі развіваецца будаўнічая галіна, імпульс якое дае ў караіне і нашым раёне, у прыватнасці, шырокамаштабнае жыллёвае будаўніцтва. З пачатку пяцігодкі ў 1,7 раза павялічылася сярэдняя заработная плата, якая зараз складае ў раёне 1 мільён 149 тысяч рублёў.
Спакваля дакладчык перайшоў да спраў у Мікашэвіцкім рэгіёне. Варта сказаць, што 65 працэнтаў аб’ёмаў усёй прамысловай вытворчасці раёна даюць менавіта тамтэйшыя прадпрыемствы. Станоўчую характарыстыку атрымалі сферы гандлю, адукацыі, аховы здароўя. Што датычыць сельскагаспадарчай галіны, то было адзначана, што СП “Аграграніт”, нягледзячы на павелічэнне валавай вытворчасці малака, мае самы вялікі яго сабекошт у раёне. У гаспадарцы адна з самых высокіх у аграпрамысловай галіне Лунінеччыны заработная плата. І гэта можна было б лічыць слушным дасягненнем, калі б не адна акалічнасць: тэмпы яе росту апераджаюць тэмпы сельскагаспадарчай вытворчасці на 12 працэнтаў.
Наступныя вытсупаючыя – дырэктар КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ” А.Э. Сержпутоўскі і старшыня гарвыканкама А.І. Давыдовіч спыніліся на пераўтварэннях, якія адбыліся ў горадзе за апошнія некалькі год. (Падрабязная справаздача надрукавана ў №78 “ЛН” за 8.10.2010г. – Т.В.). На фоне пераканаўчых лічбаў і фактаў шчыра і доказна прагучала думка кіраўніка мясцовай “вертыкалі”: “Магчыма, некаму з мясцовых жыхароў зробленае падасца не такім важкім і маштабным, то дастаткова ўспомніць, якімі былі Мікашэвічы ўсяго некалькі год таму”. Агляднае будучае заклікана зрабіць жыццё гараджан яшчэ больш камфортным і зручным. Дастаткова сказаць, што неўзабаве тут паявіцца міні-ТЭЦ на мясцовых відах паліва, якая зніме праблему з гарачым водазабеспячэннем. Працягваецца газіфікацыя горада і прылягаючых вёсак, іх добраўпарадкаванне.
Цікава расказвала пра дасягненні калектыву і сістэму сацыяльных гарантый на прадпрыемстве намеснік дырэктара ААТ “Спецжалезабетон” па маркетынгу Т.А. Меляшкевіч. Вядома, важна мець істотныя даплаты да заробкаў напярэдадні ўсемагчымых святаў, разлічваць на дадатковае страхаванне да пенсіі, бясплатна атрымліваць вітаміны ў пікавы час прастудных захворванняў, адчуваць штодзённы клопат кіраўніцтва аб людзях – галоўным багацці калектыву. І ўсё ж, не прыніжаючы важнасці матэрыяльнага фактару, Тамара Аляксандраўна падкрэсліла маральную матывацыю да працы, якой з’яўляецца расказ аб справах прадпрыемства і яго работнікаў у радыё- і тэлеперадачах, а таксама на старонках раённай газеты. У многім зняць дробныя праблемы дапамагае і пастаяннае сацыяльнае апытанне, якое праводзіцца на “Спецжалезабетоне” з дапамогай устаноўленых спецыяльных скрынак, куды рабочыя апускаюць пісьмовыя пытанні і прапановы. Вырашаюцца праблемы звычайна аператыўна, што станоўча ўплывае на мікраклімат у калектыве.
Напрыканцы семінару шэрагу ідэалагічных работнікаў раёна старшыня райсавета В.М. Адзішчаў, намеснік старшыні райвыканкама В.А. Рафаловіч і старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Л.І. Казадаева ўручылі  Ганаровыя граматы  і Падзячныя лісты абласнога і раённага ўзроўняў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть