ЗОЛАТА МАЙСКАЙ ПЕРАМОГІ на Лунінеччыне будзе прымнажацца перамогамі спартыўнымі
Общество

ЗОЛАТА МАЙСКАЙ ПЕРАМОГІ на Лунінеччыне будзе прымнажацца перамогамі спартыўнымі

10 мая 2009 года назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю Лунінца, як дзень адкрыцця новага выдатнага стадыёна. І хаця на слыху ўвесь час было больш сціплае “рэканструкцыя”, усе, хто прыйшоў на ўрачыстасць, упэўніліся: ад старога спартыўнага збудавання засталася хіба што адна назва – “Палессе”. Выдатнае футбольнае поле з найноўшым сучасным пакрыццём, бегавыя дарожкі, трыбуны, цудоўны адміністрацыйны корпус – такога падарунка Лунінец заслужыў даўно.

Гэта пацвердзіў у сваім выступленні і старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, які прыгадаў слаўныя спартыўныя традыцыі Лунінеччыны. Гонар краіны на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, у тым ліку і алімпійскіх, абаранялі і абараняюць Святлана Лукашэвіч, Ірына Хлюстава, Анастасія Шуляк (яна вітала землякоў ад імя беларускіх алмпійцаў), Эдуард Міхан… Чатыры каманды з нашага раёна – “Граніт” (футбол), “Палессеэлектрамаш” (мотабол), “Граніт” і “Базар” (міні-футбол) змагаюцца за лаўры пераможцаў у вышэйшай нацыянальнай лізе краіны. 

Ім падрастае дастойная змена. Вітаючы ўдзельнікаў свята, на поле высыпалі юныя футбалісты, баксёры, лёгкаатлеты, прыхільнікі каратэ. Землякі віталі іх працяглымі апладысментамі. А калі на стадыён праслаўленыя лунінецкія мотаболісты вынеслі сцяг Беларусі – трыбуны ўсталі, вітаючы нацыянальную святыню. Стужку, якая сімвалізавала адкрыццё стадыёна, перарэзалі старшыні: аблвыканкама – Кансатанцін Сумар, райвыканкама – Васіль Агіевіч і Федэрацыі футбола Беларусі Генадзь Нявыглас. Сувенірны ключ ад будаўнікоў Канстанцін Андрэевіч перадаў дырэктару стадыёна Ігару Гапону.

Былі на свяце і іншыя традыцыйныя моманты, у тым ліку – нумары мастацкай самадзейнасці. Але, адчувалася, на трыбунах чакалі галоўнага – пачатку гістарычнага матча паміж мікашэвіцкім “Гранітам” і мінскім “Дынама”. Арганізатары свята пастараліся і сюды прыўнесці кранаючы запамінальны момант. Узняты сцяг спаборніцтваў. Выстраіліся ў прывітальным рытуале каманды. У цэнтры поля на зялёным аксаміце бялее мяч. І раптам да яго упэўненым подбегам накіроўваецца чатырохгадовы Захар Міхневіч – сын трэнера футбольнага клуба “Граніт” Анатоля Міхневіча. Удар, яшчэ ўдар – і мяч аказваецца ў варотах мінскага “Дынама”! Выдатны стымул для перамогі!

Скептыкі не верылі ў тое, што “Граніт”, які знаходзіцца ў самым нізе турнірнай табліцы Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе, здолее ўзяць верх над мінскім “Дынама”. І ўсё ж, мікашэвіцкія футбалісты зрабілі гэта. Безумоўна, у дэбютным матчы на стадыёне “Палессе” дадатковыя сілы вопытнай дружыне братоў Бахно дадала самая сапраўдная падтрымка балельшчыкаў, якой дагэтуль так не хапала нашым землякам.

Пачатак гульні не выклікаў асаблівых эмоцый. Госці прапаноўвалі камбінацыйны футбол, былі больш дакладнымі ў перадачах. “Гранітаўцы” ж занялі абараняльную пазіцыю, адказваючы на масіўныя атакі сапернікаў рэдкімі контратакамі. Трэба адзначыць, што мінчане некалькі разоў былі блізкія да поспеху, але кожны раз на месцы аказваўся наш галкіпер Барыс Панкратаў. На апошніх хвілінах першага тайма “дынамаўцы” мелі рэальную магчымасць адкрыць лік у матчы, але не здолелі рэалізаваць пенальці. Пры нулявым выніку каманды адправіліся на перапынак.

Складана сказаць, якія настаўленіі даваў сваім падапечным Валерый Бахно, але гульня “Граніта” ў другім тайме значна ажывілася. Літаральна праз 5 хвілін пасля яго пачатку ўдала выкарыстаў памылку саперніка Мікалай Януш, выйшаў адзін на адзін з варатаром і мацнейшым ударам паслаў мяч у сетку варот. “Дынамаўцы” тут жа кінуліся ў атаку і на 58 хвіліне зраўнялі лік. Аднак балельшчыкаў такая сітуацыя не задавольвала, і яны скандзіравалі: “Граніт”, “Граніт”… І зноў блізкім да поспеху быў нястрымны Мікалай Януш, аднак яго недазволеным шляхам спынілі сапернікі ў метры ад штрафной пляцоўкі, за што паплаціліся “чырвонай карткай”. І ўсё ж, справядлівасць узяла верх. Пераможную кропку ў матчы паставіў нападаючы Віталіюс Каваляўскас. 2:1 – другая перамога “Граніта” ў сезоне. Мікашэвіцкія футбалісты даказалі, што іх рана спісваць з рахункаў. Вельмі хочацца, каб яны і надалей радавалі ўсіх прыхільнікаў захапляльнай і прыгожай гульнёй.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі трэнер мінчан Славалюб Муслін (Сербія) назваў гульню сваіх падапечных “безобразной”, папрасіў прабачэння ў балельшчыкаў і павіншаваў сапернікаў з перамогай.

Трэнер “Граніта” Валерый Бахно выказаў шчырыя словы ўдзячнасці губернатару Канстанціну Сумару, старшыні райвыканкама Васілю Агіевічу і генеральнаму дырэктару РУВП “Граніт” Сцяпану Тураўцу за падтрымку. Ён таксама падкрэсліў:

– Убачыўшы такую колькасць балельшчыкаў, нам не хацелася іх падвесці, сапсаваць землякам свята. Яны даўно чакалі яго і справядліва заслужылі. Перамога далася складана. У першым тайме мы былі вельмі напружанымі, што не лепшым чынам адбілася на гульні. Якімі толькі крыўднымі словамі нас не называлі ў прэсе, але я верыў у каманду. Удача і самааддача футбалістаў – складаныя поспеху, у тым ліку і ў гэтым гістарычным матчы.

P.S.
Падчас прэс-канферэнцыі дырэктар стадыёна Ігар Гапон папрасіў прабачэння ў балельшчыкаў і гасцей за аб’ектыўныя нязручнасці ў арганізацыі мерапрыемства.






Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть