Зрабіць радзіму прыгожай
Общество

Зрабіць радзіму прыгожай

Бостынь

Прыярытэтным накірункам у рабоце Бастынскага сельсавета яго старшыня Фёдар Рашэцкі называе пытанні навядзення санітарнага парадку на зямлі і ў населеных пунктах падведамаснай тэрыторыі.

– Радуе той факт, што многія жыхары з разуменнем адносяцца да гэтай справы: рэгулярна рамантуюць і фарбуюць агароджы, фасады дамоў, прыбіраюць смецце, высаджваюць кветкі не толькі на прысядзібных участках, але і ўздоўж вуліц, – расказвае Фёдар Міхайлавіч. – Такім чынам, людзі ствараюць прыгажосць і ўтульнасць як на сваіх падворках, так і за іх межамі. Да ліку добрасумленных гаспадароў можна аднесці: у Бастыні – Міхаіла Арабей, Таццяну Зылевіч, Яраслава Ціхалаза і Паўла Бунаса, у Велуце – Мікалая Макоўскага, Міхаіла Баўкуновіча і інш.

На жаль, сустракаюцца нядбайныя землякі, да якіх даводзіцца неаднаразова звяртацца дэпутатам сельсавета, старастам населеных пунктаў, старшыні сельвыканкама з прадпісаннямі аб навядзенні належнага санітарнага парадку. З пачатку года ўласнікам домаўладанняў уручылі 76 дакументаў з патрабаваннямі ўхіліць выяўленыя недахопы. Іх атрымалі ў тым ліку 12 мяркуемых спадчыннікаў. Яшчэ раз нагадваю ўсім: нават калі пастаянна не пражываеце ў бацькоўскай хаце, вы абавязаны сачыць за чысцінёй. У адмоўным выпадку будынак трэба знасіць. Дарэчы, так паступілі два ўласнікі ў першым квартале 2016-га. Яшчэ адзін дом знаходзіцца ў стадыі зносу, як мінімум тры – значацца ў планах. У сакавіку ў Бастыні па вуліцах Лунінецкая, Ганцавіцкая, Савецкая і Іркуцка-Пінскай дывізіі прывялі ў парадак 11 пустуючых зямельных участкаў, дзе высеклі зараснікі слівы, акацыі і бэзу. Цяпер яны знаходзяцца ў запасе для прадастаўлення грамадзянам пад індывідуальную забудову і вядзенне асабістай дапаможнай гаспадаркі.

На падведамаснай тэрыторыі выявілі 16 стыхійных смеццезвалак, куды неруплівыя грамадзяне вывозяць бытавыя адходы, галіны дрэў, апілкі і інш. Усе яны ліквідаваны, ды вось парадокс. Ведаючы аб адказнасці, бачачы чысціню, жыхары ўсё роўна засмечваюць наваколле! Запазычылі фотапасткі, будзем фіксаваць парушэнні. Віноўныя будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу памерам да 25 базавых велічынь. На сённяшні дзень гэта – 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў.

23 красавіка прымем актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Калектывам прадпрыемстваў і арганізацый давялі заданні, вызначылі месцы работы. Да канца месяца плануем абнавіць выгляд брацкіх магіл, абеліскаў і помнікаў савецкім воінам і партызанам, ахвярам фашызму. На могілках 29 красавіка ў Бастыні, а 30 – у Велуце масава будзем прыбіраць смецце, старыя вянкі, леташнюю лістоту. Зноў-такі спадзяемся, што землякі не застануцца ўбаку ад гэтых мерапрыемстваў.

У ліпені на пасяджэнні сельвыканкама разгледзім вынікі работы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, фізічных і юрыдычных асоб па добраўпарадкаванню сваіх і замацаваных тэрыторый, вызначым гаспадароў “Дамоў узорнага парадку”. Пры гэтым, асаблівую ўвагу звернем на эстэтычнае афармленне будынкаў, наяўнасць малых архітэктурных формаў, клумбаў, зялёных насаджэнняў. Пераможцам уручым граматы, падзячныя пісьмы, дыпломы і сувеніры.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть