Званы Хатыні гучаць і па Флярова…
Общество

Званы Хатыні гучаць і па Флярова…

флярова2У лютым-сакавіку 1943-га, праводзячы палітыку генацыду і “выпаленай зямлі”, фашысты знішчылі Флярова і навакольныя хутары. За перыяд акупацыі на тэрыторыі сельсавета загінулі 124 мірныя жыхары. Паніхіду па ахвярах фашызму адслужыў іерэй Аляксандр Барысаў у храме, што будуецца ў Рэдзігерава ў гонар іконы Божай Маці “Казанская”.

Адроджаная пасля вайны вёска Флярова ўвекавечана ў Хатыні. На цэнтральнай сядзібе сельсавета абеліск у гонар загінуўшых землякоў – воінаў і партызан, некалькі год таму дапоўніўся стэламі з імёнамі ахвяр фашызму сярод мірнага насельніцтва. Іх нашчадкі пяшчотна дакраналіся пальцамі да радкоў з дарагімі прозвішчамі – адзіны напамін, што застаўся ад загінуўшых родных.

фляроваУ ліку ўдзельнікаў мера-прыемства былі людзі, якія цудам выратаваліся ў час трагедыі. Лунінчанка Вольга Вашкевіч прыгадвала:

– Мой бацька, Вікенцій Конца, загінуў у 1939-ым на нямецка-польскай вайне. Мне толькі споўнілася пяць год, калі здарылася трагедыя вёскі. Дзеда Ілью Вашкевіча доўга катавалі немцы, каб паказаў шлях да партызан. Нічога не дабіўшыся, прыбілі да агароджы, аблілі бензінам і падпалілі… У полымі трагедыі загінулі многія родныя. Хутка памерла ад тыфу мама. Яе сястра забрала мяне ў атрад. Ратуючыся ад аблаў, калі я не паспявала за дарослымі, цёця закутвала мяне ў радзюжку і цягнула па замёрзлых канавах. Так і ўдалося выжыць…

Вольгу Вікенцьеўну добра ведаюць у раёне па грамадскай дзейнасці. Яна ўзначальвае савет ветэранаў працы райспажыўтаварыства, актыўна ўдзельнічае ў народным хоры “Спадчына” ГДК.

Шмат пакут выпрабавала і жыхарка Флярова Наталля Рамановіч. У час трагедыі загінулі яе дзед і бацька. Яшчэ раней, восенню 1942-га, у Сітніцкім Двары была цалкам знішчана сям’я дзядзькі. А хутка і маму забраў тыф… На схіле год Наталля Іванаўна зноў вярнулася на малую радзіму. Жывуць з Яраславам Кушнеруком, які ў дзяцінстве таксама пацярпеў ад карнікаў. Ахвярамі фашыстаў у Флярова сталі яго дзядзька і стрыечны брат.

Людзі, якіх абяздоліла вайна, не страцілі дабрыні і спагады. Гэтыя двое старых, якія перасягнулі 80-гадовы рубеж узросту, на сустрэчу ў памяць 70-годдзя трагедыі прыехалі з раніцы на школьным аўтобусе. Перажывалі за буслоў – тыя вярнуліся да радзімых гнёздаў, што дагэтуль пакрыты снегам. Вось гаспадарам сядзібы і давялося ратаваць птушак, якія часова размясціліся на двары разам з курамі.

Нечаканыя сакавіцкія халады і моцны вецер не напалохалі жыхароў, якія ў вызначаны час сабраліся ў цэнтры Рэдзігерава. З асаблівым пачуццём удзельнічаў у мерапрыемстве Аляксей Харытонавіч Заяц – на абеліску ўвекавечана імя яго бацькі, які загінуў на фронце. З павагай да старэйшага пакалення вянкі ўскладалі прадстаўнікі мясцовай улады, дырэктары Рэдзігераўскай СШ Іна Рахацэвіч і Чэрабасаўскай БШ Васіль Шэляговіч, участковы інспектар РАУС Юрый Антановіч, загадчыкі аддзяленняў раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Мархотка і Лідзія Чыжакова (менавіта “дзеці вайны” – пад асаблівай увагай куратараў праекта “Актыўнае цяперашняе пажылых людзей”, да ўдзелу ў якім госці з Лу-нінца запрашалі вяскоўцаў).

У мясцовым СДК адбыўся Урок Памяці. Сутнасць сустрэчы красамоўна адлюстроўвала назва тэматычнай выставы кніг, прысвечаных трагедыям Вялікай Айчыннай”: “І помніць – страшна, і забыць – немагчыма”.

Узорны аркестр народных інструментаў Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў выступіў з канцэртам, які асабліва захапіў школьнікаў Рэдзігераўскай СШ. У выкананні маладых салістаў Марыны Корчык, Андрэя Канапацкага і Максіма Перапёлкіна гучалі песні “Балада аб салдаце”, “Балада аб маці”, “Жураўлі на Палессе ляцяць” і іншыя, якія нагадвалі аб мужнасці ваеннага пакалення, бацькоўскім запавеце любіць родны край.

Па шчасліваму супадзенню ў гэты ж дзень мясцовы свяшчэннік адвёз матушку ў раддом. Падалася вельмі сімвалічнай радасная вестка аб тым, што вёска хутка папоўнілася яшчэ адным маленькім жыхаром…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть