11 красавіка – Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў АД БЕРЛІНА – ДА БАРАДЗІНО

Такі шлях прайшоў жыхар вёскі Любань Адам Адамавіч ДЗЕМ’ЯНОВІЧ – остарбайтэр, стаўшы барацьбітом. Успаміны ветэрана вайны занатавалі вучні краязнаўчага гуртка Любанскай СШ.

Маладосць пакалення, народжанага ў 1920-ых гадах, абпаліла вайна. Пры фашысцкай акупацыі юнак быў прымусова вывезены ў Нямеччыну. Накіравалі да баўэра ў гаспадарку, размешчаную на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Прызначылі працаваць на ферме, даглядаць кароў…

На ўсё жыццё запомніў дзень вызвалення – 7 сакавіка 1945 года. Калі рускія танкі падышлі да мястэчка, мясцовыя немцы разбегліся. Вязням, якіх гаспадары называлі «остарбайтэрамі”, правялі праверку ў штабе савецкіх войскаў і прызвалі ў Чырвоную армію. Адам быў накіраваны ў 23 стралковы атрад, што ўваходзіў у склад ІІ Беларускага фронту. Варшава, Шчэцін, Берлін – геаграфію Еўропы вывучаў не па падручніках, а на ўласным салдацкім вопыце. Асабліва небяспечна было на Одэры. Узводзімыя байцамі пераправы і масты практычна адразу ж варожы бок знішчаў з міна- і агнямётаў. Толькі артпадрыхтоўка з «кацюш” перашкодзіла немцам, але не спыніла іх лютае супраціўленне. Менавіта тут і давялося адчуць сапёру, што «до смерти – четыре шага”: метрах у двух ад яго ўпаў нямецкі снарад, які, на шчасце, не грымнуў выбухам…

У красавіку ў складзе часці наш зямляк быў перапраўлены на Эльбу, якую ўжо фарсіравалі войскі саюзнікаў. Пераможны май сустрэў зноў ва Усходняй Прусіі. На прадпрыемствах у Шчэціне размініраваў і разбіраў абсталяванне, якое немцамі было вывезена з СССР і цяпер вярталася на Радзіму.

Вайна закончылася, але байцоў чакала размініраванне месцаў былых баёў. Сапёрная часць выконвала вайсковы абавязак пад Вялікімі Лукамі, на Барадзіно – славутым ратным полі перыяду першай Айчыннай вайны…

Адам быў дэмабілізаваны 8 сакавіка 1947-га. Ён 5 год не быў дома… Родная вёска сустрэла былога байца напружаннай працай па аднаўленню разбуранай вайной гаспадаркі. Рукі селяніна, стаміўшыся трымаць зброю, з радасцю вярнуліся да спрадвечных земляробскіх спраў. Пашчасціла на знаёмства з дзяўчынай з суседняй Лахаўкі, якая стала яго лёсам.

– Тры гады таму адзначылі 60-годдзе шлюбу, так званае брыльянтавае вяселле, – расказвае Вольга Міхайлаўна. – У калгасе «Новае Палессе” муж быў кладаўшчыком, потым працаваў у жывёлагадоўлі, адкуль і выйшаў на пенсію. Выгадавалі шасцёра дзяцей. На жаль, двое сыноў ужо страцілі… Дочкі з сем’ямі жывуць у Расіі, але штогод наведваюць бацькоўскі дом. Яшчэ двое сыноў засталіся ў роднай вёсцы. Наш бацька зусім слабы, таму так важная падтрымка дзяцей. Шчаслівыя, што маем пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Зычым даўгалецця і спагадлівых нашчадкаў усім добрым людзям.

Застаецца пажадаць мужу і жонцы Дзем’яновічам адсвяткаваць і юбілей Вялікай Перамогі, і шмат іншых значных сямейных датаў, у ліку якіх – 65-годдзе сумеснага жыцця. Гэта вяселле называецца жалезным, адпавядаючы перакоўцы палымяных пачуццяў маладосці на трывалую падтрымку адзін аднаго, што працягвае старасць…

Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть