А ВЫ БАЧЫЛІ Ў ПАЛЁЦЕ МНЕМАЗІНУ?

4 кастрычніка – Сусветны дзень жывёлін

Такая ж экзатычная другая назва гэтага матылька – чорны апалон. Ён адносіцца да прыродаахоўных відаў. Але і паляўнічы трафей, што ідзе на каралеўскую мантыю, можна здабыць у лясных угоддзях краю. Тут водзіцца гарнастай, з футра якога, як вядома, вырабляюцца накідкі для каранованых асоб. Легенда сцвярджае, што беласнежны звярок настолькі ахайны, што, калі не можа ачысціць сваю шкуру ад выпадковай плямы, памірае ад сораму. Адсюль і дэвіз манархаў: “Лепш памерці, чым забрудзіцца”… 
Пра гэтага і іншых лясных насельнікаў краю ўсё ведае вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мікалай ВАНЮК, усё ж засяроджваючы нашу ўвагу на “чырвонакніжніках”:
– Самыя вялікія мясцовыя папуляцыі – баброў і дзікоў. Апошнія, а таксама казуля, заяц-русак, лісіца з’яўляюцца асноўнымі аб’ектамі аматарскага палявання. Маюцца таксама лось, янотападобны сабака, заяц-бяляк, ваўкі, куніцы – лясная і каменная, вавёрка звычайная, тхор лясны, норка амерыканская, выдра, андатра, гарнастай.
Азёры і рэкі багатыя шматлікімі відамі рыб: лешч, амур, таўсталобік, карась, карп, сом, лінь, шчупак і іншыя.
І ўсё ж жывёльны свет абумоўлены водна-балотнымі ўгоддзямі, на якіх у вялікай колькасці селяцца птушкі. Таму край прыкметны вялікімі папуляцыямі крыжанкі і шэрай качкі, маецца беласпінны дзяцел. Асноўнымі аб’ектамі аматарскага палявання з’яўляюцца рабчык, глушак, дзікія галубы, лысуха, шэры гусь.
Сапраўдным гонарам для раёна лічацца выяўленыя рэдкія і знікаючыя прадстаўнікі жывёльнага свету. Перададзены пад ахову карыстальнікам зямельныя ўчасткі і водныя аб’екты, дзе маюцца 48 месцаў пражывання 21 віду жывёлін, якія занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі. Гэта блакітніца, чапля вялікая белая, кваква, філін, журавель шэры, бусел чорны, падворлік вялікі, бугай вялікі і малы, змеяед, арлан-белахвост, кулік-сарока, зімародак звычайны, дзяцел зялёны і трохпалы, вяртлявая чарацянка, мнемазіна (чорны апалон), галубянка чарнаватая, шашачніца ранняя (ці вялікая), чмель махавы.
Жывёльны і раслінны свет – бясцэннае багацце нашага краю, многія віды якога з’яўляюцца прыродаахоўнымі і ў Еўрапейскім Саюзе. Давайце ж засцерагаць “братоў нашых меншых”, каб “людзьмі звацца” і адпавядаць экалагічным нормам цывілізаваных краін.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть