АБНАДЗЕЙВАЕ “МАЯ ПЕРСПЕКТЫВА”

На базе дзіцячага цэнтра Лунінецкай гарадской арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” адбыўся “круглы стол” па тэме “Сацыяльнае партнёрства дзяржаўных структур і некамерцыйных арганізацый Лунінецкага раёна для вырашэння праблем прафесійнай рэабілітацыі і працаўладкавання інвалідаў”.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня нашай арганізацыі Васіль Ярмольчык. Аб дзейнасці Беларускай асацыяцыі, якая летась адзначыла 15-гадовы юбілей, шматлікіх праектах і семінарах расказала намеснік старшыні Ганна Лапчык. У падарунак яна прывезла маляўнічыя брашуры і DVD-дыскі з запісам практыкі свайго і замежнага вопытаў. Ганна Францаўна выказала шкадаванне, што на сустрэчу, на жаль, не завіталі прадстаўнікі мясцовай улады. Іх увагі патрабавалі істотныя пытанні, якія вырашыць у адзіночку немагчыма. Цікавы расповяд госці дапоўніла юрыст і каардынатар праектаў у сферы працаўладкавання людзей з інваліднасцю Беларускай асацыяцыі Галіна Крот. Па яе словах, літаральна ў маі гэтага года ў Лунінцы адкрыецца паліграфічная майстэрня “Мая перспектыва”, дзе будуць працаваць тры чалавекі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Рэгіёну дапамогуць з закупкай неабходнага абсталявання, а вось месца размяшчэння будучага прадпрыемства гаспадарам трэба знайсці самастойна. Але, як заўважыў старшыня нашай арганізацыі Васіль Ярмольчык, менавіта з гэтым пытаннем узніклі пэўныя праблемы.

Навіна аб “Маёй перспектыве” абрадавала ўсіх удзельнікаў “круглага стала”, якія прынялі актыўны ўдзел у дыялогу з гасцямі сустрэчы. У прыватнасці, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Уладзімірава прывяла цікавыя лічбы. Сёлета адпаведным рашэннем райвыканкама ўстаноўлена бронь для працаўладкавання 17 інвалідаў. У першым квартале ў якасці беспрацоўных зарэгістравана сем чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Пецярым з іх прадастаўлена работа (аднаму – за кошт брані). Увогуле, адаптацыя інвалідаў да прафесійнай дзейнасці ажыццяўленяецца пры наяўнасці ў іх спецыяльнасці (прафесіі) у адпаведнасці з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі, сфарміраванай медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй. Праблема ажыццяўлення адаптацыі заключаецца ў адсутнасці амаль ва ўсіх інвалідаў спецыяльнасці, што, зразумела, ускладняе іх працаўладкаванне.

З гэтымі словамі згадзілася старшыня раённага таварыства інвалідаў Людміла Курак. Яна заўважыла, што сярод яе падапечных прыкладна 60 – маладыя і працаздольныя. І стаіць вялікае пытанне: ці згадзяцца яны пайсці на работу? Як вядома, спатрэбіцца даведка ад медыцынскіх спецыялістаў. Узяць яе людзі проста баяцца: “маўляў, яшчэ групу здымуць”. Такое ў корані няправільнае меркаванне чамусьці вельмі распаўсюджана ў асяроддзі інвалідаў.

Зусім з іншага пункту гледжання на праблемы адаптацыі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі глядзяць у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Аб гэтым расказалі яго дырэктар Тамара Патурай і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Таццяна Дырда. Зараз тут праходзяць працоўную рэабілітацыю два паліграфісты і адна швачка. Заўважана, што гэта станоўча ўплывае на жыццядзейнасць, развівае навыкі адносін і паводзін у грамадстве, садзейнічае набыццю спецыяльнасці, здымае шэраг сацыяльных і матэрыяльных праблем. Занятасць маладых людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі дазваляе перагледзець памеры пенсій у бок павелічэння.

Разам з тым, ёсць праблемныя пытанні. Безбар’ернае асяроддзе, увядзенне дадатковай колькасці інструктараў пра працоўнаму навучанню. Трэба яшчэ ўлічваць спецыфіку работы з дадзенай катэгорыяй, кантроль за захаваннем тэхнікі бяспекі і якасцю вырабаў.

Дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Людміла Шэўчык звярнула ўвагу, што пачынаючы з 2007 года, забяспечваецца пераемнасць пераходу выпускнікоў з гэтага цэнтра ў тэрытарыяльны. Прааналізаваны дадзеныя аб колькасці юнакоў і дзяўчат, ступені іх захворваемасці, узроставых асаблівасцях і іншыя паказчыкі. Складзены адпаведныя спісы да 2010 года ўключна, распрацавана картка выпускніка. Выхаванцы з задавальненнем наведваюць абодва цэнтры.

Падводзячы вынікі “круглага стала”, старшыня Лунінецкай гарадской арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Васіль Ярмольчык падзякаваў усім удзельнікам. Верым, што наступнае паведамленне аб іх дзейнасці будзе датычыць адкрыцця майстэрні “Мая перспектыва”.

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть