АДЗІН З “МАГІКАН”

Так жартам і ўсур’ёз называе сябе хірург Васіль Сцяпанавіч БОЙКА. Ён больш за 35 год служыць справе выратавання і дапамогі людзям, а ў святочныя калядныя дні адзначыў 60-гадовы юбілей. Заснавальніка медыцынскай дынастыі папрасілі падзяліцца ўспамінамі аб пройдзеным шляху, думкамі аб жыццёвым крэда.

– Нарадзіўся ў вёсцы Лугі. У нашым родзе былі ўрачы, якія працавалі за межамі малой радзімы. Бацька заўсёды арыентаваў: глядзі, якімі паважанымі людзьмі сталі сваякі. Яшчэ большае ўражанне зрабілі мясцовыя медыкі: фельчары Васіль Андрэевіч Лукашэвіч і Генадзь Аляксандравіч Пяткевіч. У час майго дзяцінства іх аўтарытэт сярод сельскага грамадства быў непахісным. У мясцовай школе восем класаў закончыў на “выдатна”, паспяхова завяршыў і СШ у Вялікіх Чучавічах. Сціплага хлопчыка – 160 сантыметраў рост, 40 кілаграмаў вагі – бацька суправаджаў на здачу дакументаў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстутыт. Выбарам ВНУ распарадзіўся выпадак. Адзін з землякоў, які напярэдадні быў абітурыентам, паведаміў, што там выкладае прафесар з прозвішчам Бойка. Я і вырашыў: раптам – гэта лёс? Забягаючы наперад, паведамлю: з вучоным пазнаёміўся толькі на 3-ым курсе пры здачы экзаменаў, а вучыўся са студэнтам-аднапрозвішчнікам з імем Віталь. У дакументах ставілі толькі ініцыялы, часта здаралася забаўная блытаніна… Практыка і інтэрнатура адбываліся ў Пінскай бальніцы. Тут жа прапанавалі заставацца выкладаць у медвучылішчы. Калі адмовіўся, накіравалі ва ўчастковую бальніцу ў Столінскі раён. Што ж, развітацца з хірургіяй? Звярнуўся ў Брэсцкае абласное ўпраўленне аховы здароўя з просьбай аб пераразмеркаванні. Пашанцавала: у Лунінцы якраз утварылася вакансія. Але і Плотніцы пазбегнуць не ўдалося. Восенню 1974 года Палессе напаткала вялікая паводка, і мяне ў складзе брыгады медыкаў самалётам даставілі на месца адпрацоўкі. Вярнуўся праз месяц, калі небяспека падтаплення спынілася. Настаўнікамі ў прафесіі сталі лунінецкія хірургі. Выдатнымі ўрачамі былі Іван Аляксандравіч Ханавец і Аляксандр Пятровіч Максіменка, сапраўдны карыфей сваёй справы – Міхаіл Антонавіч Ярашук. Прадстаўнікі наступных пакаленняў жартоўна называлі іх “магіканамі”… Назіраў за іх дзеяннямі, у думках паўтараў. Калі ў час майго першага дзяжурства прывезлі пацыента з паказаннямі да аперацыйнага ўмяшальніцтва, набраў хатні нумар старэйшага калегі. Можна сказаць, атрымаў тэлефоннае благаслаўленне… Памятаю не толькі першую аперацыю, але і, відавочна, кожную. І хаця яе ажыццяўляе адзін хірург, у нашай прафесіі вялікую ролю адыгрывае калектыўная пазіцыя. Напярэдадні абмяркоўваем нюансы, таму што самае дасканалае абсталяванне не можа замяніць чалавечыя рукі. У пачатку работы задавальнялі ўмовы і ў старым бальнічным гарадку. Ужо год працуем у новай бальніцы. Маем апаратуру для правядзення лапараскапічных аперацый. Гэта – адпаведнасць ХХІ стагоддзю. Але без ведаў і вопыту, назапашаных папярэднікамі, не абысціся і цяпер. Сучасная тэхніка дазволіць без вялікіх разрэзаў зазірнуць у арганізам пацыента, але, калі ўдакладніш дыягназ, можа аказацца: неабходна традыцыйная аперацыя. Так што маладым спецыялістам, якія на “ты” з камп’ютэрнымі маніпуляцыямі, усё роўна трэба авалодваць уменнем па старынцы трымаць “сэрца на далоні”. Старажытныя філосафы вызначалі медыцыну як высакароднейшую з навук. Тры прадстаўнікі нашай сям’і звязалі з ёй лёс. Жонка Людміла Васільеўна – урач-педыятр, шмат год узначальвала службу мацярынства і родадапамогі. Выгадавалі двух сыноў. Аляксандр – практыкуючы неўролаг, працуе ў Мінску. Аляксей займаецца тэарэтычнай хіміяй – па запрашэнню аднаго з універсітэтаў Канады закончыў аспірантуру, абараніў дысертацыю на званне доктара навук. З гэтай нагоды пачуцці двоесныя: з аднаго боку, гонар за сына, чужой краіне даказаўшага, што і беларусы “не лапцем капусту ядуць”, з другога – відавочна, усім бацькам хочацца, каб дзеці заставаліся на бліжэйшай адлегласці… Сялянскі сын, я захапляўся спрадвечнымі заняткамі. Паляванне засталося ў мінулым. Рэдка выбіраюся на рыбалку. У спрыяльны час заняты земляробствам. Высадзіў фруктовыя дрэвы каля дома, даглядаю сад і агарод на дачным участку. Зімой вяртаюся да чытання. З дзяцінства люблю класічную літаратуру, гістарычныя раманы, дэтэктывы. У сучаснасці адкрыў для сябе Барыса Акуніна. Захапленнем усяго жыцця застаюцца спевы Ганны Герман, яе “Надзея” – нібыта гімн нашай прафесіі… Радасць дастаўляе знаёмства з родным краем – летам з сябрамі рэгулярна ажыццяўляем аўтападарожжы па Беларусі. Бабуля вучыла: не рабі зла – і нічога не бойся. Імкнуся выконваць і другі яе запавет: зрабіў дабро – і пусці на ваду, забудзь аб ім. Сагравае сямейны ачаг, справа – гучаць званы храма, які па меры магчымасці стараюся наведваць, злева – зіхаціць свяцільнямі бальніца, дзе працягваю служыць аднойчы абранай справе. Усё гэта дае падставы лічыць сябе шчаслівым чалавекам, чаго жадаю і навакольным.

Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть