АНДЭГРАУНД НА ПАВЕРХНІ МАЛАДЗЁЖНАГА АСЯРОДДЗЯ

Вялікая колькасць музычных накірункаў дае магчымасць цяперашнім слухачам аддаць перавагу таму ці іншаму. Аднак не ўсе застаюцца вернымі абранаму стылю – часам бывае, густы мяняюцца.
Праўда, ёсць людзі, якія не толькі “браніруюць” у душы месца для мастацтва, але і імкнуцца ў некаторым сэнсе развіваць яго самастойнымі кампазіцыямі. Такімі творцамі можа без сумнення пахваліцца Лунінец, дзе папаўняецца прыхільнікамі знаёмая маладому пакаленню хіп-хоп культура. Аб тым, як абстаяць справы ў аматараў “музыкі вуліц”, расказалі лідэры мясцовай групы “Sтая PRO” Ілля ГУШЧЫН і Аляксандр МАРКО…
Маладыя людзі зацікавіліся рэпам яшчэ ў школе. Памятаюць, як чытальнікі рыфмаваных радкоў, пакладзеных на “басістую” музыку, насілі шырокія штаны, доўгія прасторныя майкі і кепкі набакір. У той час юнакі лічылі гэтае захапленне звычайнай забавай, якая ратавала ад суму і збірала сяброў у вялікую кампанію. 
Паступова інтарэс саступіў месца творчым праяўленням. Першым узяўся за работу Саша: на прымітыўнай камп’ютэрнай праграмцы ствараў музыку, пісаў тэксты, далучыў да занятку брата Сяргея. Тут, праўда, дапамог не зусім прыемны выпадак: гуляючы ў футбол, хлопец зламаў нагу і вымушаны быў два месяцы сядзець дома. 
Ніхто ніколі не размяркоўваў абавязкі – аддавалі перавагу той музыцы або словам, якія падаваліся найбольш удалымі. Крок за крокам асвойвалі новыя метады стварэння кампазіцый, запісвалі песні ў хатніх умовах, а неяк нават прадэманстравалі адзін з трэкаў на дыскатэцы ў кінатэатры “Кастрычнік”.
Пазней да братоў далучыўся Ілля. Ацаніўшы зробленае, сам вырашыў паспрабаваць сілы. Спатрэбіўся амаль год, каб асвоіцца ў больш сур’ёзнай праграме.
Так маладыя людзі працягнулі разам шлях да ўласных дасягненняў. Заявілі пра сябе ў інтэрнеце, разгледзелі заўвагі сяброў і знаёмых. Увогуле трэба сказаць, што назва групы – гэта вынік шматлікіх абмеркаванняў і перамен. Яшчэ да папаўнення трэцім удзельнікам, у вузкіх колах дуэт быў вядомы як “Новы погляд”. Але хлопцы палічылі словазлучэнне банальным і памянялі на “Главы”. “Калегі па цэху”, як і чакалася, усё пераблыталі, аднесліся да перамены насцярожана, маўляў, лічаць сябе лепшымі за астатніх, галоўнымі… Сэнс жа заключаўся ў наступным: каманда з дапамогай тэкстаў расказвала аб пэўных жыццёвых сітуацыях, эпізодах, момантах сустрэч, падзеях, нібы разбітых на кніжныя раздзелы. У чарговы раз разважаючы над назвай, ледзь не “напароліся” на брэсцкіх рэпераў – планавалі назвацца “Прайд Прадакшн”, але ўспомнілі пра аднайменную групу з абласнога цэнтра. А пасля падумалі: калі займаемся адной справай разам, дык будзем звацца “Стаяй”… А прыстаўка “про” з’яўляецца для саміх удзельнікаў своеасаблівым арыентырам – рабіць музыку дома, але максімальна добрай якасці.  
Шосты год група папаўняе ўласную медыятэку. Сёння яна налічвае каля 15-ці кампазіцый. З хатніх выступленняў хлопцам найбольш запомніўся фестываль па брэйк-дансе (тады праграма прадугледжвала танцавальныя і вакальныя нумары). Вельмі парадавала арганізацыя: райцэнтр наведалі рэперы з гарадоў Брэстчыны і нават Гомеля. Па словах сяброў, паўтарыць штосьці падобнае без удзелу спонсараў і якаснай рэкламы складана. Добра, што ёсць тэлефон з вялікай колькасцю сяброўскіх нумароў, электронная пошта і прынтэр – раздрукаваныя або віртуальныя аб’явы распаўсюджваюцца даволі аператыўна. Самі ж ідэі аб правядзенні вечарынак узнікаюць спантанна: прабяжыць думка “штосьці даўно не было ў Лунінцы руху!” – лічы, палова справы зроблена! Застаецца знайсці залу, “адшліфаваць” нумары. Радуе разуменне і садзеянне кіраўнікоў, якія прадастаўляюць памяшканне. 
Маладыя выканаўцы мараць, каб музыка аб’яднала як мага болей людзей! Яны лічаць: рэп дапамагае расказаць аб хвалюючых праблемах, інтарэсах, захапленнях, выдатна падыходзіць для карыснай прапаганды. Яскравы прыклад – песня “Жыццё”, у аснову якой пакладзена частка аўтабіяграфіі Аляксандра. Яна і цяпер выдзяляецца на фоне астатніх “тэм”.
Аб будучым хіп-хопа хлопцы гавораць па-рознаму, але зыходзяцца ў адным – прыхільнікі культуры знойдуцца заўжды. Пажадана толькі, каб не паходзілі на сённяшніх “рэпераў”-падлеткаў, атрымліваючых асалоду ад няякаснай музыкі з дынаміка мабільнага тэлефона. Самі мяркуюць застацца вернымі агульнай справе, радуючы блізкіх і сяброў новымі запісамі.
Аляксандр МАЦКЕВІЧ. 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть