АЗДАРАЎЛЕННЕ: ШТОГОД БОЛЬШ І ЛЕПШ

Законам “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС” прадугледжана аздараўленне дзяцей. У 2010-ым, як і ў папярэдні час, яно арганізоўвалася па трох напрамках, кожны з іх характарызуе галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Наталля ЦЯЛЬПУК:

– У нашым раёне ў аздараўленні маюць патрэбу больш як 8 тысяч дзяцей. Згодна з падпраграмай “Дзеці Чарнобыля”, 5925 юных жыхароў палепшылі самаадчуванне за кошт рэспубліканскага бюджэту, 56 – за сродкі Саюзнай дзяржавы. Летась умацаваць здароўе змаглі 74 працэнты хлопчыкаў і дзяўчынак (у 2009-ым гэта лічба складала толькі 63). З агульнай колькасці каля 80 працэнтаў дзяцей аздаравіліся, крыху больш як 20 – пралячыліся.

Год таму дзве ўстановы адукацыі (Багданаўская і Палеская СШ) былі аднесены да чыстай зоны пражывання, а чатыры (СШ вёсак Вулька 2, Кажан-Гарадок і Язвінкі, яслі-сад-сярэдняя школа ў Краснай Волі) – з зоны з правам на адсяленне ў зону з перыядычным радыяцыйным кантролем. У апошняй цяпер размешчаны 29 ўстаноў адукацыі, 11 – у чыстай мясцовасці.

На працягу года вучні адпачывалі ў здраўніцах пераважна Брэстчыны – ДРАЦ “Світанак” і “Колас”, АЦ “Світанак” РУВП “Граніт”, санаторыях “Жамчужны”, “Буг”, “Брэстаграздраўніца”, “Алеся”, “Чабарок”, а таксама ў АЦ “Залаты колас” (Туапсэ, Расія). Асабліва задаволены дзеці і дарослыя ўмовамі арганізацыі навучальнага працэса, лячэння і вольнага часу ў санаторыі “Ружанскі”.

Другі напрамак аздараўлення датычыць перыяду летніх канікул. Летась 300 дзяцей адпачылі ў САЛ “Спадарожнік”, 941 – у прышкольных лагерах. Гэта значна больш, чым у папярэднім годзе. Абласныя ўпраўленні адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва па-ранейшым ставяць задачу павелічэння колькасці дзяцей, якія адпачываюць на тэрыторыі раёна.

Амаль 500 школьнікаў (5 працэнтаў ад агульнай колькасці) выязджалі за мяжу: 215 – у складзе груп, арганізаваных аддзелам адукацыі, 278 – па асабістых запрашэннях. Юныя лунінчане аздараўліваліся ў 10 краінах – Італіі (212), Ірландыі (140), Германіі (66), Вялікабрытаніі (26), Швейцарыі (21), Бельгіі (19), Нідэрландах (7), Канадзе (5), Францыі (2), Іспаніі (1). Прыкладна палову іх складаюць дзеці ва ўзросце 6-10 год, трэцяя частка – 11-13 год, астатнія – 14-18 год. Па сацыяльным статусе 25 працэнтаў дзяцей, што адпачывалі за мяжой, выхоўваюцца ў мнагадзетных сем’ях, па 18 – у малазабяспечаных і няпоўных, 5 працэнтаў складаюць дзеці-сіроты, амаль 2 – дзеці-інваліды, 1,5 – з нядобранадзейных сем’яў.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб прадастаўленні сацыяльных ільгот некаторым катэгорыям непаўналетніх дзяцей” ад 30.09.2010 г. №517, цяпер вучні бясплатна падвозяцца да здраўніц і адтуль – да месца жыхарства. Акрамя гэтага, права на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне дадзена школьнікам, якія пражываюць на тэрыторыі, не пацярпеўшай ад катастрофы на ЧАЭС, але наведваюць установы адукацыі, размешчаныя на “забруджанай” тэрыторыі.

Як і ў папярэднія гады, у сельскіх установах адукацыі працэнт аздараўлення быў значна вышэйшым, чым у гарадскіх. Асаблівы недахоп пуцёвак для юных гараджан адчуваўся летам. Сёлета плануецца аздаравіць не менш як 80 працэнтаў вучняў, якія наведваюць установы адукацыі, размешчаныя на “чарнобыльскай” тэрыторыі. Пры фарміраванні груп неабходна ўдзяліць пільную ўвагу сіротам і інвалідам. На летніх канікулах адкрыецца 31 прышкольны аздараўленчы лагер на 948 дзяцей, а ў САЛ “Спадарожнік” умацуюць здароўе яшчэ не менш як 300 школьнікаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть