ЧАМУ ХОЛАДНА Ў ДЗІЦЯЧЫМ САДКУ?

Адказ на гэтае пытанне сёння шукаюць не толькі бацькі, якія з-за холаду ў групах адмаўляюцца вадзіць дзяцей ў мікашэвіцкі дзіцячы сад №4, але і работнікі аддзела адукацыі разам з гарадской камунальнай службай.

Праблема ўзнікла не ўчора, але мінулай марознай зімой у дашкольнай дзіцячай установе, якой летась споўнілася 20 год, яна абвастрылася асабліва. Раённы аддзел адукацыі, на чыім балансе знаходзіцца садок, звярнуўся ў камунальную службу з прапановай разам высветліць прычыны такога становішча з тым, каб не дапусціць падобнага ў будучым. Была створана спецыяльная камісія, якая ў лютым 2010 года правяла абследаванне. Вынікам стаў адказ за подпісам дырэктара КУШВП “Мікашэвіцкая ЖКГ” А.Э. Сержпутоўскага, дзе прапаноўвалася правесці шэраг рамонтных мерапрыемстваў.

– У чэрвені 2010 года аддзел адукацыі ў КУПП “Лунінецкая архітэктура” заказаў праектна-каштарысную дакументацыю на капітальны рамонт сістэмы ацяплення дзіцячай установы, – тлумачыць начальнік раённага аддзела адукацыі Валянціна Верас. – Аператыўна вызначыліся і з выканаўцам – будаўнічай фірмай “ТВК”. Заключылі дагавор, і будаўнікі прыступілі да работы у ходзе якой былі заменены цеплавыя сеткі, трубы, па якіх цепланосьбіт падаецца ў групы, і самі прыборы ацяплення. На гэтыя мэты было выдаткавана каля 200 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. Рэканструкцыя была завершана да сярэдзіны лістапада. Мы спадзяваліся, што мінулагодніх праблем удасца пазбегнуць, аднак спадзяванні не спраўдзіліся. Пасля падключэння практычна новай сістэмы ацяплення тэмпература ў пакоях не перабольшвала 14 градусаў, а ў асобных апускалася да 11 градусаў па Цэльсію. Праблему райвыканкам адразу ж узяў на кантроль. Зараз дадаткова ўстанавілі новую помпу, замянілі элеватарны вузел, памянялі на большага дыяметру трубу, па якой ідзе падача гарачай вады. У чатырох групах тэмпература трымаецца ў межах санітарнай нормы, у трох – застаецца ніжэйшай за патрабуемую. Работы па выяўленню прычын такога становішча і іх ухіленню працягваюцца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть