ЧАМУ ЗНЯЎ ШЛЯПУ МОЙ СЫН


Неяк ехалі мы з сынам з Мінска ў Лунінец. Я не адразу зразумеў, чаму ён за Салігорскам збавіў хуткасць, прыпыніўся на некалькі хвілін і зняў шляпу.

– Мы праязджаем праз тэрыторыю Жыткавіцкага раёна – мясцін, дзе ты тата партызаніў, – ўнёс яснасць Юсціновіч-малодшы. – Месца святое, крывёю палітае.

Давялося ваяваваць у складзе 105-га атрада 50-й брыгады Палескага злучэння. На рахунку нашага атрада – нямала баявых спраў: засады, разгром гарнізонаў ворага, дыверсіі на дарогах, удзел у “рэйкавай вайне”, падрыў мастоў і г.д. Народныя мсціўцы смела і рашуча знішчалі акупантаў днём і ноччу. Праўда, іншы раз і самі немалую плацілі цану. З горыччу прыгадваю страту ў баю незадоўга да вызвалення Беларусі цудоўнага байца Рымашэўскага. Вельмі адукаваны чалавек, выдатны суразмоўца, ён часта гутарыў з намі, простымі партызанамі. Сёння разумею, што быў ён яскравым прадстаўніком пакалення маладых беларусаў. Гэта і да яго можна аднесці словы славутага палкаводца Жукава, які пісаў: “Я заўсёды захапляўся нацыянальнай рысай беларусаў, чулых на бяду, верных у таварыскай дружбе, гатовых да самаахвяравання, храбрых і адважных у баях з ворагам”. Пазней мне пашчасціла ўдзельнічаць у парадзе Перамогі войскаў антыгітлераўскай кааліцыі ў Берліне ў 1945 годзе. Той парад разам з іншымі таксама прымаў Георгій Жукаў.

Кропка ў крывыпралітнай вайне пастаўлена 65 год назад. Але дагэтуль не даюць спакою ўспаміны. У снах прыходзяць баявыя сябры. Памятаюцца лясы, ахутаныя шэрым ранішнім туманам, што надзейна маскіраваў партызан; трывожныя ночы і дні ваеннага ліхалецця; юнацтва, апаленае вогненным франтавым подыхам…

Я разумею сына, які здымае шляпу, праязжаючы праз тэрыторыю Жыткавіцкага раёна – маю малую радзіму гераічнай Бацькаўшчыны.

Мікалай ЮСЦІНОВІЧ, кулямётчык 920 палка 247 стралковай Рослаўска- Радамскай дывізіі, Ганаровы грамадзянін г. Лунінец.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть