ЧВЭРЦЬ СТАГОДДЗЯ

ў жніўні мінулага года споўнілася самаму маладому ў раёне сельгаспрадпрыемству – КУП “Міжлескае”. 
Створаны ў адпаведнасці з Праграмай комплекснага асваення зямель Беларускага Палесся на тэрыторыі вёскі Міжлессе саўгас атрымаў назву “ХХV з’езд КПСС”. На працягу 10 год яго ўзначальваў Іван Сцяпанавіч Сідун, пад кіраўніцтвам якога стваралася матэрыяльна-тэхнічная база гаспадаркі, будаваліся сацыяльна-культурныя аб’екты, жыллё. У 1992 годзем саўгас быў перайменаваны ў “Міжлескі”. З 1995 па 1997 гаспадаркай кіраваў Міхаіл Іларыёнавіч Чарнавокі; з 1997 па 1999 – Канстанцін Пятровіч Кулакоўскі, з кастрычніка 1999-га яе ўзначальвае Васіль Еўдакімавіч Коваль.
У 2001-ым да саўгаса далучылі суседні калгас “Чырвоны Кастрычнік”. Праз 2 гады аб’яднаная гаспадарка была рэарганізавана ў КУП “Міжлескае”. 
Сёння на яго тэрыторыі знаходзяцца вёскі Міжлессе, Красная Воля, Засценак, хутары Язвішча і Жалозы, дзе пражываюць 2100 чалавек. 348 з якіх працуюць У сельгаспрадпрыемстве. 
Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці малака і мяса, якія складаюць 80 працэнтаў усёй таварнай прадукцыі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы налічвае больш як 3260 галоў, амаль палова з якіх – дойны статак. 
Агульная плошча гаспадаркі – 7450 гектараў, з іх – 6274 гектары сельгасугоддзі з балам глебы 38, ворыва – 2781 гектар (бал 47).

З УПЭЎНЕНАСЦЮ Ў ЗАЎТРАШНІ ДЗЕНЬ
На думку Васіля Еўдакімавіча Коваля шырока адзначаць 25-гадовы юбілей сельгаспрадпрыемства можна было б пры наяўнасці “свабодных” грошай. Ды толькі гаспадарцы, якая зараз знаходзіцца на піку пераўзбраення, іх катастрафічна не хапае на больш важныя патрэбы. Таму і свята вырашылі адзначыць сціпла, прымеркаваўшы яго да чарговага справаздачнага сходу:
– Асноўныя нашы ўкладанні – гэта жывёлагадоўчая галіна. Амаль паўсюдна правялі рэканструкцыю памяшканняў, у кароўніках устанавілі сучасныя малакаправоды, малочныя блокі абсталявалі новымі халадзільнікамі. Пры назапашванні кармоў сталі больш увагі ўдзяляць не толькі іх колькасці, але якасці, пажыўнасці і разнастайнасці. Усё гэта станоўча адлюстравалася на паказчыках. Так, валавыя надоі малака ў параўнанні з 2008-ым летась павялічыліся на 619 тон і склалі 5992 тоны. У разліку на карову за год надаілі 4416 кілаграмаў малака, што на 308 кілаграмаў больш мінулагодняга. Ад рэалізацыі малака атрымалі 3292 мільёны рублёў. Сярод лепшых працаўнікоў аператары машыннага даення Валянціна Некрашэвіч, Іна Грудзько, Алена Емельяновіч, якія за год у сярэднім ад каровы надаілі адпаведна 5545 кілаграмаў малака, 5180 і 5150.
Нядрэнныя вынікі дасягнуты ў вырошчванні буйной рагатай жывёлы. У прыватнасці, вытворчасць мяса павялічылася на 22 тоны і склала 396 тон. Сярэднясутачныя прывагі на дарошчванні выраслі да 601 грама. Рэалізаваўшы 288 тон мяса атрымалі 1255 мільёнаў рублёў. Большасць жывёлаводаў сумленна адносяцца да сваіх абавязкаў. Высокіх прываг падчас вырошчвання жывёлы дасягнулі Таццяна Бярозка (770 грамаў), Святлана Нагорная (768), а Вольга Шыманская, Таццяна Яраховіч, Лідзія Бярозка, якія працуюць на адкорме на Краснавольскай МТФ, атрымалі па 807 грамаў.  
На жаль, ёсць і недапрацоўкі. Невысокай застаецца таварнасць малака – 83 працэнты і выхад цялят у разліку на 100 кароў. Летась іх атрымалі толькі 55. Заатэхнічнай службе ёсць над чым працаваць.
У параўнанні з папярэднім годам павялічылася аддача раслінаводства. З 24,1 цэнтнера з гектара ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых вырасла да 28,2. Збожжавых намалацілі 3783 тоны, кукурузы – 203, рапсу – 491. Усяго ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства атрымалі 674 мільёны рублёў. Станоўчыя вынікі дасягнуты, дзякуючы добрай арганізацыі працы. Сярод лепшых механізатараў Ігар Свібовіч і Міхаіл Мікалаевіч, Сяргей Лінкевіч і Дзмітрый Яраховіч, Міхаіл Бярозка і Мікалай Соц, Віктар Яраховіч і Віталь Бярозка, вадзіцель Мікалай Свібовіч.
На гэты год узялі на сябе больш высокія абавязацельствы як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. Лічбы для нашага сельгаспрадпрыемства рэальныя, неабходна толькі разумець гэта і сканцэнтраваць намаганні на іх выкананне. 

У РАДАСЦІ ЧЭРПАЮЦЦА СІЛЫ
З года ў год стабільна працуе калектыў МТК №1 пад кіраўніцтвам Ільі Лукашэвіча. Калі ў 2006-ым у разліку на карову тут надойвалі менш як 3 тысячы кілаграмаў малака, то ў 2007-ым ужо 4 тысячы, у 2008-ым – 4700, а ў 2009-ым узялі планку ў 5070 кілаграмаў. Сёння за суткі ад каровы атрымліваюць 12,7 кілаграма малака, што ў параўнанні з леташнім на 20 працэнтаў больш. 
Калектыў з 46 чалавек абслугоўвае 495 кароў і 1100 цялушак, прызначаных для ўзнаўлення статка. Радуюць жывёлаводаў іх сярэднясутачныя прывагі, якіх тут летась атрымалі 770 грамаў. Дасягнуць большых вынікаў дапаможа запланаваная на гэты год рэканструкцыя памяшканняў, дзе ўтрымліваецца маладняк. Будзе таксама развівацца і мясны напрамак. Для гэтых мэт падабраны 144 каровы, якія пачалі ўжо даваць прыплод.
Адной з лепшых цялятніц у гаспадарцы лічыцца Таццяна Бярозка, якой даверана група цялят да 6-месячнага ўзросту. Аднятыя ад каровы яны патрабуюць асаблівага догляду, што ў поўнай меры і дае ім клапатлівая даглядчыца. Дзякуючы старанням працаўніцы ў суткі маладняк яе групы набірае па 770-грамаў вагі. 
– Пры добрай кармавой базе, якую маем зараз, атрымліваць высокія прывагі не так і складана. Галоўнае любіць сваю работу ды ўмець радавацца вынікам працы. Калі бачыш з якой ахвотай цяляткі спяшаюцца да кармушак і праз некаторы час пакідаюць іх пустымі душа проста спявае. Зусім іншая справа, калі цяляты хварэюць. Своечасова выклікаю ветурача і абавязкова пралечваем жывёлу. Сёлета ў нашым цялятніку плануюць зрабіць рэканструкцыю. Упэўнена, гэта не толькі аблегчыць працу, але і павысіць яе эфектыўнасць.  
Працую на ферме з 1993 года. Гледзячы на цялушак, амаль беспамылкова навучылася вызначаць з якой у будучым атрымаецца добрая кароўка. Не памылілася і тады, як гадавала карміцельку для сябе. У суткі яна давала па 25 літраў малака. Зараз карову ўжо не трымаем. Сын з дачкой выраслі і пакінулі наш дом. Жывем з мужам Міхаілам Аляксеевічам, даглядаем за бацькам – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны інвалідам 1-ай групы Сцяпанам Якаўлевічам Кішкевічам. 

БЯРЫЦЕ ПРЫКЛАД З АДАМАЎНЫ,
раяць у “Міжлескім” аператарам машыннага даення.
Калі б давалі прыз за самую акуратную работу, яго абавязкова прысудзілі б Марыі Адамаўне БОГДАН. Яна ніколі не лянуецца як след вычысціць стойла і лішні раз прайсціся спецыяльнай грабёнкай па баках кожнай з 50-ці кароў сваёй групы. Таму і выдзяляюцца яны ў агульным статку чысцінёй і дагледжанасцю.
– А хіба можна інакш? Малако – гэта ж асноўны прадукт харчавання. Гаспадыня, якая дбае пра здароўе сваёй сям’і, ніколі не дапусціць, каб у даёнку патрапіў бруд. А мы ж у адказе не толькі за бяспеку сваіх блізкіх, але і іншых людзей, якія ўжываюць наша малако. Прыкра, што не заўсёды можам атрымліваць яго высокагатунковым. І прычына тут не толькі ў неахайнасці даярак, але і ў тэхналагічных недапрацоўках, з якімі пастаянна змагаюцца нашы спецыялісты.

З ЖАРТАМ ПА ЖЫЦЦІ
Яго ніколі не вабілі высокія заробкі за межамі краіны, не клікалі дальнія дарогі рамантыкі. Ігар СВІБОВІЧ упэўнена трымаецца за родную матухну-зямельку. Усе 15 год працоўнага стажу ён прысвяціў хлебаробскай справе. 
За сумленную працу кіраўніцтва даверыла яму самы магутны і дорагакаштуючы трактар “Джон-Дзір” са шматлікімі агрэгатамі, а пазней – і такой жа маркі камбайн. На кожным з іх у механізатара свае напарнікі: глебу рыхтуе і зерневыя сее разам з Мікалаем Кнырэвічам, а збожжа ўбірае з Міхаілам Нікалаевічам. З ім жа зімой дастаўляе кармы на малочнатаварныя фермы. Па выніках мінулага жніва занялі першае месца ў сельгаспрадпрыемстве па намалотах – 1325 тон. Гэты паказчык стаў трэцім вынікам у раёне. Усе свае перамогі і рэдкія няўдачы Ігар успрымае праз прызму жарту, што дапамагае яму быць камунікабельным і таварыскім. 

ВЫДАТНЫ СТАРТ У БУДУЧАЕ
Нягледзячы на маладосць, сельгаспарадпрыемства мае свае працоўныя дынастыі. Прадстаўніком адной з іх з’яўляецца Віктар БЯРОЗКА. 
Выхадзец з сялянскай сям’і, ён змалку ўсвядоміў, што аснову дабрабыту складае карпатлівая праца. Гэтае правіла дапамагае яму быць пастаянна ў ліку лепшых у гаспадарцы. Толькі летась на трактары МТЗ-1221 ён перавёз больш як 2 тысячы тон зялёнай масы і стаў лідэрам працоўнага спаборніцтва ў калектыве.
Мінулы год прынёс яму яшчэ адзін падарунак – ключы ад новага дома, пабудаванага па прэзідэнцкай праграме. Цяпер у маладой сям’і ёсць усё для шчаслівага жыцця. 

БАЦЬКОЎСКІ ПРЫКЛАД
Нібы прымеркаваўшы да працоўнага юбілею – 25-годдзя работы ў гаспадарцы – летась механізатару Міхаілу БЯРОЗКУ выдзелілі новы корманарыхтоўчы комплекс “Ягуар”.
На працягу свайго першага жніва магутная тэхніка ў працавітых руках зарэкамендавала сябе выдатна. З яе дапамогай Міхаіл Максімавіч нарыхтаваў 98 працэнтаў усіх кармоў, назапашаных на зімова-стаойлавае ўтрыманне. Добрасумленнаму механізатару даверана таксама – сяўба кукурузы і кармавых буракоў, з чым ён таксама выдатна спраўляецца. 
Трактарыстамі ў гаспадарцы працуюць і сыны Міхаіла Максімавіча – Віталь і Васіль. Віталь, дарэчы, выдатна праявіў свае здольнасці на перавозцы зялёнай масы падчас леташняй касавіцы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть