ДА НАРЫХТОЎЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ – З ІНІЦЫЯТЫВАЙ

Адным з напрамкаў работы кааператараў з’яўляецца
нарыхтоўчая дзейнасць. Маючы магутную сетку розных аб’ектаў
матэрыяльна-тэхнічнай базы, яны спрыяюць захаванасці і рэалізацыі
сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры гэтым вясковае насельніцтва мае магчымасць
здаваць лішкі вырашчанага ўраджаю, што з’яўляецца стымулам для развіцця
асабістых дапаможных гаспадарак. Як гэтыя працэсы арганізаваны на Лунінеччыне,
вывучалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння праўлення Брэсцкага аблспажыўсаюза на
чале са старшынёй Алегам Несцеруком.

Знаёмства з аб’ектамі пачалося ў Луніне. Аб тым, якім
шляхам ідуць у магазіне №1 “Харчтавары” філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне”,
расказала Ніна Віцэнка. Яна адзначыла, што павелічэнню тавараабароту спрыяе
рэканструкцыя, якая завяршылася ў мінулым верасні. У прыцягненні пакупнікоў
важную ролю адыгрываюць сістэма скідак на тавары і праводзімыя акцыі. Аб гэтым
яскрава інфармуюць стэнды і планшэты нагляднай агітацыі. Менавіта на іх
засяродзіў увагу Алег Несцярук, падкрэсліўшы, што вопыт лунінчан варты
пераймання. Нягледзячы на тое, што побач з магазінам знаходзіцца
прыёмна-нарыхтоўчы пункт, работнікі гандлёвай кропкі не адмаўляюцца ад
нарыхтоўчай дзейнасці. Аб гэтым расказала загадчыца Марыя Васюшка. Важным, па
яе словах, з’яўляецца матэрыяльнае стымуляванне. Толькі за май у магазіне
рэалізавалі прадукцыі на 307 мільёнаў рублёў. Прадаўцы ж зарабілі па 3 мільёны
300 тысяч рублёў, у той час калі сярэдні заробак па райспажыўтаварыству складае
2 мільёны 148 тысяч.

Намеснік старшыні аблспажыўтаварыства па нарыхтоўках
Уладзімір Тарасевіч падкрэсліў, што ў напрамку нарыхтоўчай дзейнасці ёсць
нядрэнны патэнцыял, аб чым сведчыць работа самага звычайнага вясковага
прыёмна-нарыхтоўчага пункта. На невялікай вітрыне можна пазнаёміцца з відамі
сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі, якія можна здаць і па якой цане. Тут
існуе сістэма заахвочвання здатчыкаў. Напрыклад за здачу 50 кілаграмаў
макулатуры або 5 кілаграмаў поліэтылену можна атрымаць 5-працэнтную скідку на
набыццё пэўных тавараў. Гэта і прадукты харчавання, і сельскагаспадарчы
інвентар, і камбікорм. Калі ў большасці брэсцкіх рэгіёнаў з рэалізацыяй
камбікорму сёлета былі праблемы, на Лунінеччыне здолелі прадаць 340 тон (лепшы
паказчык у вобласці). Як падкрэсліў начальнік сектара гандлю і нарыхтовак
філіяла “НВК “Палессе” Сяргей Несцераў, толькі ў гэтым пункце яго прадалі амаль
45 тон. У цэлам жа нарыхтоўчы абарот тут склаў 287,8 мільёна рублёў, а гандлёвы
– 81 мільён. У гэтым заслуга загадчыцы Марыі Рубцовай, якая актыўна працуе з
мясцовым насельніцам. Аднак, па словах старшыні праўлення райспажыўтаварыства
Максіма Сумар, не ўсё так гладка ў нарыхтоўчай дзейнасці. Калі
сельскагаспадарчая прадукцыя паспяхова рэалізуецца праз гандлёвую сетку і мае
попыт у перапрацоўшчыкаў, то з пастаўкай другаснай сыравіны ёсць праблемы (за
выключэннем металалому). Ужо зараз на складах знаходзіцца 10 цюкоў спрэсаванай
макулатуры, а вось здаць яе аказваецца не так проста. Такая ж сітуацыя і з
поліэтыленам. Як падкрэслілі кіраўнікі з вобласці, гэта праблема зараз
разглядаецца на дзяржаўным узроўні, таму яны спадзяюцца, што ў хуткім часе
сітуацыя выправіцца.

Наступным прыпынкам стаў Дрэбск. Спыніўшыся каля
магазіна, які месяц таму аднавіў работу пасля рамонту, удзельнікі семінара
падышлі да грузавога аўтамабіля, які закупляў клубніцы. Як высветлілася,
транспартны сродак належаў аднаму з перапрацоўчых прадпрыемстваў краіны.
Закупачная цана на ягады ўстаноўлена ў памеры 16 тысяч рублёў за кілаграм.
Госці былі здзіўлены высокай цаной, заяўляючы, што быццам гэта спецыяльна
арганізаваны закуп. Словы нарыхтоўшчыкаў не здолелі пераканаць сумняваючыхся,
толькі камандзіровачнае пасведчанне прадстаўніцы завода ўнесла дакладнасць.
Калі страсці паўціхлі, Ніна Віцэнка расказала аб важнасці, якую надаюць у райспажыўтаварыстве
рамонту гандлёвых кропак у вёсках, якія, акрамя асноўнай дзейнасці, у
абавязковым парадку вядуць і нарыхтоўчую. На рамонт магазіна ў Дрэбску было
затрачана 780 мільёнаў рублёў, з іх 320 мільёнаў – на набыццё абсталявання. З
моманту адкрыцця прайшоў толькі месяц, а вынікі ўжо радуюць. Калі да  рамонту тут рэалізоўвалі тавараў на 175
мільёнаў рублёў, то за май таварабарот склаў 320 мільёнаў. Як падлічылі
кааператары, пры такіх тэмпах затраты акупяцца праз 3 гады і 3 месяцы.
Удзельнікаў мерапрыемства ўразілі гандлёвыя плошчы магазіна, таварны асартымент
і ўдалае спалучэнне харчовых і прамысловых тавараў. Увагу прыцягнулі вітрыны,
дзе размешчаны інвентар для сада і агарода. Як адзначыў Алег Несцярук, гэта –
важная група тавараў і пра яе нельга забываць, асабліва ў вясковых гандлёвых
кропках. Загадчыца магазіна Вольга Грыневіч удакладніла, што прылады для
прысядзібных работ толькі недаўна пачалі прадаваць, але паспелі рэалізаваць іх
на 4 мільёны 600 тысяч. Яшчэ яна расказала, як ажыццяўляецца продаж
складана-бытавой тэхнікі і пра сістэму скідак пры разліку наяўнымі грашамі.

Прыемна здзівіла гасцей арганізацыя вынаснога гандлю каля
прыдарожнага кафэ “Спадарожнік”. Як расказала загадчык філіяла “Грамадскае
харчаванне” Валянціна Швед, з надыходам сезона нарыхтовак клубніц, гандаль тут
ажывае не толькі ў месцах непасрэднай здачы ягад, але і ў палатках
райспажыўтаварыства. Першыя дні работы паказалі, што невялікія гандлёвыя кропкі
здольны выручаць да 7 мільёнаў рублёў у дзень. І гэта не мяжа, улічваючы, што
кааператары імкнуцца разнастаіць асартымент прапаноўваемай прадукцыі.

У Лунінцы пазнаёміліся з работай магазіна для дзяцей
“Непаседа”. Уразіла афармленне, дызайн памяшкання, шырокі асартымент тавараў і
невялікі куточак для самых маленькіх, але самых галоўных наведвальнікаў, дзе
яны могуць заняцца маляваннем, пакуль дарослыя робяць пакупкі.

Падчас пленарнага пасяджэння абмеркавалі вынікі
фінансава-гаспадарчай дзейнасці спажывецкай кааперацыі вобласці за першы
квартал, разгледзелі пытанні выканання ўмоў аказання дзяржаўнай падтрымкі і
падрыхтоўкі да сезона масавай нарыхтоўкі пладова-ягаднай сыравіны і дзікарослай
прадукцыі. Падводзячы вынікі прайшоўшага ацяпляльнага сезона, засяродзілі ўвагу
на мерах па зніжэнню энергазатрат. Па ўсіх пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

 

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть