ДА ПАВАЖАНАГА ЎЗРОСТУ – З УВАГАЙ І ПАДТРЫМКАЙ

Не выпадкова на парадак дня сесіі раённага  Савета дэпутатаў было вынесена пытанне аб рабоце мясцовых органаў улады па сацыяльнай падтрымцы ветэранаў, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, пажылых грамадзян і інвалідаў і мерах па яе ўдасканаленню. Гэта стала яшчэ адной нагодай задумацца над тым, што можна зрабіць, каб палепшыць жыццё састарэлых людзей, дапамагчы ветэранам адчуць, што іх вопыт, мудрасць, жыццёвыя каштоўнасці запатрабаваны грамадствам. Бо многае, чым ганарыцца Лунінеччына, створана іх рукамі або пры іх непасрэдным удзеле.
Спачатку дэпутаты наведалі аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. Загадчыца Таццяна Дырда падрабязна расказала пра падапечных, іх здольнасці і таленты. Развіццю працоўных уменняў і навыкаў, арганізацыі правядзення вольнага часу тут надаюць шмат увагі. На занятках гурткоў маладыя людзі вырабляюць сваімі рукамі сапраўдныя шэдэўры з пацерак, малююць і вышываюць карціны. У аддзяленні арганізавана працоўная рэабілітацыя: тут шыюць пасцельную бялізну і аказваюць паслугі аператара электроннага набору і вёр-сткі. Умацаванню здароўя спрыяюць заняткі ў трэнажорнай зале.
У аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў знайшлі прытулак 20 чалавек, родныя якіх не сталі абцяжарваць сябе стварэннем умоў для годнай старасці бацькоў, і тыя, хто наогул не мае блізкіх. Загадчыца Ніна Сахвон расказала, што дзякуючы падтрымцы з боку дзяржавы людзі не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі. У аддзяленні ёсць пакой адпачынку з мяккім кутком і тэлевізарам, невялікай бібліятэкай і настольнымі гульнямі. Тут праводзяцца вечары адпачынку і святкуюцца Дні імянінніка. Калі патрабуецца духоўнае адасабленне, можна правесці час у пакоі, створаным пры ўдзеле служыцеляў царквы. Пры неабходнасці лячэння ў стацыянары, заўсёды прыходзіць на дапамогу раённая бальніца. Да дня пажылых людзей будуць дарэчы салодкія пачастункі і памятны падарунак, якія ўручыў старшыня райсавета Віталь Адзішчаў.
Каля будынка, дзе размяшчаецца таварыства інвалідаў па зроку звярнулі ўвагу на зручны пандус і незвычайныя прыступкі: першая і апошняя пафарбаваны ў жоўты колер. Менавіта так павінны быць абсталяваны большасць аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, згодна з Дзяржаўнай праграмай па стварэнню безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі. Аднак, пакуль гэта толькі мары гэтай катэгорыі грамадзян. Член праўлення таварыства, жыхар Мікашэвіч Іван Горбат звярнуўся да дэпутатаў з просьбай дапамагчы вырашыць праблемы, якія існуюць у горадзе гранітаздабытчыкаў. Так, каля аддзялення “Беларусбанка” пабудаваны пандус з ухілам, па якім не магчыма падымацца, а каля магазіна “Цэнтральны” зроблены вельмі вузкі заезд, і інваліду-калясачніку немагчыма скарыстацца спецыяльна пабудаваным пад’ёмам. Гандлёвыя аб’екты з прыступкамі не маюць фарбаванага адцення, каб людзі са слабым зрокам маглі арыентавацца. Ды і бардзюры ў горадзе шэрыя. З гэтымі іншымі пытаннямі неаднаразова грама-дзяне звярталіся да кіраўнікоў устаноў і старшыні гарсавета Анатоля Давыдовіча. Аднак зрухаў няма, усё застаецца без змяненняў.
Нягледзячы на існуючыя праблемы, таварыства, што аб’ядноўвае людзей са слабым зрокам, займае актыўную жыццёвую пазіцыю, аб чым расказала старшыня Надзея Кічатава. А яшчэ тут шмат таленавітых людзей. Адзін з іх – Андрэй Гурбановіч, у актыве якога вялікая колькасць песень уласнага сачынення. Іх выконвае ансамбль “Палескія крыніцы”, кіраўніком якога ён з’яўляецца. Творы самадзейнага аўтара праслаўляюць Лунінеччыну, беларускі край, родную мову, традыцыі. У гэтым пераканаліся дэпутаты падчас невялікага канцэрта.
Раённая ветэранская арганізацыя аб’ядноў-вае больш як 15 тысяч чалавек. Аб тым, якая дапамога ім аказваецца, якая вя-дзецца работа, расказала старшыня Надзея Лазіцкая.
Ветэраны звярнуліся да дэпутатаў з просьбай аказаць садзеянне ў рэканструкцыі брацкай магілы непадалёк ад вёскі Сітніцкі Двор, дзе пахаваны партызаны, загінуўшыя ў гады Айчыннай вайны. Выказалі незадаволенасць паводзінамі маладых людзей, якія ператвараюць плошчу Леніна ў райцэнтры ў сметнік, а праваахоўныя органы, санітарная і экалагічная службы  не прымаюць адпаведных мер. Выйшлі з прапановай даць новую назву вуліцы Перамогі і прысвоіць званне “Ганаровы жыхар Лунінца” Льву Коласаву і Адаму Пілевічу.
Старшыня раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Аляксандр Жуланаў паведаміў аб тым, што не на ўсіх прадпрыемствах аказваецца дапамога ветэранам вайны ў Афганістане, не заўсёды кіраўніцтва ідзе насустрач, каб адпусціць работніка для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах.
Выступаючы на пленарным пасяджэнні, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Семянчэнка спынілася на выкананні Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады. Зараз на ўліку знаходзіцца 1405 адзінокіх і 4808 адзінокапражываючых грамадзян. 
За 8 месяцаў дзяржаўная адрасная дапамога аказана 153 пажылым грамадзянам на суму амаль 208 мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага, 1135 чалавек атрымалі матэрыяльную дапамогу з фонду сацыяльнай абароны. Пры садзеянні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа 30 ветэранам уручаны харчовыя наборы. 19 інвалідаў забяспечылі каляскамі.
На надомным абслугоў-ванні знаходзіцца 672 чалавекі ў 63 населеных пунктах. Для аказання медыка-сацыяльнай дапамогі пажылым людзям, якія маюць патрэбу ў медыцынскім назіранні, працуе бальніца сястрынскага догляду на 25 ложка-месцаў. Аб гэтым расказаў галоўны ўрач ЦРБ Мікалай Кочык. Па яго словах, медыцынскім аглядам ахоплена 99,9 працэнта ветэранаў, 58 працэнтаў грамадзян састарэлага ўзросту і 99,5 – адзінокіх пенсіянераў. У адпаведнасці з заканадаўствам, ажыццяўляецца забеспячэнне лякарствамі. 
Яшчэ адно важнае пытанне, вынесенае на парадак дня сесіі райсавета, – справаздача аб рабоце пастаяннай камісіі па пытаннях законнасці, захоўвання правоў і свабод грамадзян. Яе старшыня Мікалай Арашкевіч канстатаваў, што на пасяджэннях разгледжана 28 пытанняў, прынята 6 рашэнняў. Дэпутаты азнаёміліся, як вядзецца работа па зваротах грамадзян у РВУ “Лунінецрайгаз”, на хлебазаводзе, па заяўляльным прынцыпе “адно акно” – у Дзятлавіцкім і Чучавіцкім сельвыканкамах. Не застаецца па-за ўвагай Дэкрэт №18 “Аб дадатковых мерах па абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. А вось узровень кампенсацыі бацькамі расходаў на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, жадае быць больш высокім. Не лепшым чынам вядзецца прафілактычная работа па папярэджванню п’янства, алкагалізму і крадзяжоў.
Па вынесеных на парадак дня пытаннях, а іх было 7, прыняты адпаведныя рашэнні. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть