ДА ПРАФІЛАКТЫЧНАЙ РАБОТЫ – БЕЗ ФАРМАЛІЗМУ

Правядзенне пазачарговага пасяджэння раённага штаба па арганізацыі і каардынацыі работы па папярэджанню гібелі людзей на пажарах было выклікана тым, што з пачатку года ў 18 пажарах на Лунінеччыне загінулі 6 чалавек, пры чым 5 з іх – жыхары Дварэцкага сельсавета.

Супрацоўнікі РАНС, РАУС, аддзела адукацыі, ЖКГ, старшыні сельвыканкамаў на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Цельпуком пры ўдзеле пракурора раёна Віктара Савіча імкнуліся высветліць прычыны трагедый і акрэсліць работу па нядапушчэнню падобнага ў будучым.

Як адзначыў намеснік начальніка РАНС Віктар Гецман, усе пажары, што адбыліся на тэрыторыі Дварэцкага сельсавета падобныя ў адным – прычынай стала курэнне ў ложку нецвярозых грамадзян. 9 студзеня ў агні загінуў непрацуючы жыхар в. Дварэц. Грамадзян неаднаразова быў судзімы за крадзеж, займаўся папрашайніцтвам. У лістападзе 2009-га ў адносінах да яго ўзбуджалася адміністрацыйная справавытворчасць за курэнне ў ложку, ён быў аштрафаваны на 70 тысяч рублёў…

Двайная трагедыя напаткала сям’ю ў Вічыне 15 лютага. У агні загінулі пенсіянерка 1922 года нараджэння і яе сын. Нягледзячы на тое, што мужчына характарызаваўся станоўча па месцы работы, родныя сцвярджаюць, што часта прыходзіў да дому нападпітку і меў прывычку курыць у ложку. На заўвагі маці і сястры ўвагі не звяртаў…

Кажуць, што снарад у адну варонку не трапляе двойчы, а вось пажар у адным і тым жа месцы здараецца. У 2000 годзе ад гібелі маці і сына М. у Ракітна выратаваў супрацоўнік РАНС Канстанцін Богдан, які знаходзіўся непадалёку. Аднавіць дом дапамаглі суседзі. Шэсць год таму гаспадыня памерла ад атручвання алкаголем. У доме заставаліся жыць сын і бацька, якія злоўжывалі спіртным. На ўліку ў сельвыканкаме і РАУС “ціхія” алкаголікі не знаходзіліся. Між тым, агонь, які аднойчы адступіў, у наступны раз не быў такім літасцівым, і 16 лютага забраў жыцці абодвух.

Пасля першага трагічнага выпадку РАНС накіраваў у сельвыканкамы прадстаўленне “Аб мерах па выкананню патрабаванняў заканадаўства па папярэджанню пажараў і гібелі людзей у раёне”. Пры Дварэцкім сельвыканкаме пасяджэнне штаба прайшло 28 студзеня, але насіла яно фармальны характар: умовы, якія спрыялі гібелі людзей не аналізаваліся, не вызначаны канкрэтныя прафілактычныя мерапрыемствы і г.д. Пасля дзвюх трагедый у лютым, таксама не прыняты меры па стабілізацыі пажаранебяспечнай абстаноўкі.

Старшыні сельвыканкамаў, дзе за мінулы год дапушчана павелічэнне колькасці пажараў, трымалі адказ, чаму мелі месца ўзгаранні. У ходзе нарады было вырашана ў бліжэйшыя дні удакладніць і сфарміраваць базу дадзеных асоб, да якіх патрэбна пільная ўвага. У рамках адзінага дня прафілактыкі (па серадах) праводзіць камісійныя абследаванні сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзе пануе п’янства, а таксама адзінокіх састарэлых і інвалідаў. Вынікі праводзімай работы вырашана разглядаць штомесяц на пасяджэннях райвыканкама.

Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая пэўным чынам можа павялічыць колькасць пажараў і, магчыма, трагедый. Гэта – шматкватэрныя дамы барачнага тыпу. Іх на тэрыторыі раёна 19. У 18 жывуць 78 грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Асаблівую трывогу выклікаюць такія дамы ў Мікашэвічах і Люшчы. Склаўшуюся сітуацыю тлумачылі дырэктар Мікашэвіцкай ЖКГ А.Э. Сержпутоўскі і дырэктар ААТ “Лунінецлес” І.М. Плотніцкі. З мэтай забеспячэння пажарнай бяспекі вырашана да 1 красавіка 2011 года набыць апавяшчальнікі і ўстанавіць іх на фасады будынкаў, забяспечыўшы вывад сігнала на іх ад аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў з кватэр грамадзян. Пры выяўленні грамадзян “групы рызыкі” і кватэр з рэпутацыяй “прытон”, ствараць адпаведныя камісіі і прымаць меры.

Супрацоўнікамі РАНС выяўлены парушэнні пажарнай бяспекі і ў шматпавярхоўках Лунінца і Мікашэвіч. Аб тым, што робіцца для выпраўлення сітуацыі, паведаміў дырэктар Лунінецкай ЖКГ В.М. Вакульчык.

У заключэнні Аляксандр Цяльпук адзначыў, што толькі агульнымі намаганнямі ўсіх службаў, прынцыповам падыходам да справы, а не фармальным можна зменшыць колькасць пажараў на тэрыторыі раёна і не дапусціць новых трагедый.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть