ДАРОЖНЫЯ “КРАТЭРЫ”

З надыходам цяпла стан гарадскіх дарог усхваляваў вадзіцеляў, пешаходаў і людзей, якія сочаць за бяспекай руху. Вялікае мноства перашкод каторы год пазбаўляюць грамадзян камфорту. І гэтая з’ява – не веснавыя “пралескі” былых агрэхаў, а сапраўдны паказчык “вечназялёных” недапрацовак…

Чарговы рэйд з супрацоўнікам ДАІ РАУС Юрыем Збралевічам дапамог выявіць дарожныя хібы ў Лунінцы. Час і транспартны паток зрабілі сваю справу: значная тэрыторыя праезных частак патрабуе кардынальнага аднаўлення.

Якраз у дзень праверкі рамонтныя работы праводзіліся на гарадскім пуцеправодзе. Вось толькі ці доўга пратрымаюцца залапленыя дзіры – пытанне да ДЭУ-26.

Нельга не заўважыць перашкоды ў канцы вуліцы Гагарына – своеасаблівы “ляжачы паліцэйскі наадварот” ахапіў палову дарогі. Падобная яміна чакала і на Палескай, дзе даўжыня разбітага ўчастка ад краю да цэнтра дарогі складае амаль 1,5 метра. Вадзіцелю, трапіўшаму ў такую пастку, не пазайздросціш!

А ў жыхароў інтэрната ААТ “Палессеэлектрамаш” і бліжэйшых дамоў па вуліцы Заходняя ўвогуле няма камфортных варыянтаў для выезду: прыдваравы адрэзак шляху больш падобны на поле пасля бамбёжкі – асфальту няма, вакол – ямы, у даждлівае надвор’е поўныя вады.

Асобную ўвагу варта звярнуць на “люкавую” праблему. Праглядваецца яна ледзь не паўсюдна. Дзесьці канструкцыі значна ніжэйшыя за ўзровень дарожнага палатна, у іншых месцах занадта выступаюць. Адным словам, як ні скачы – усё роўна “спатыкнешся”. Менавіта па гэтай прычыне не пашанцавала ў пачатку года лунінчаніну. На перакрыжаванні каля СШ №3 ён наехаў на небяспечны выступ і сур’ёзна пашкодзіў аўтамабіль.

Небяспечныя выступы ёсць не толькі на невялікіх вуліцах, але і ў цэнтры горада. Адзін, напрыклад – прама на сярэдзіне дарогі па Чырвонай каля светлафораў…

Прыведзены вышэй спіс можна працягнуць даўжэзным пералікам. Узнікае пытанне: калі гэта скончыцца? Хутчэй, адказ хаваецца за двума фактарамі – часам і фінансамі, недахоп якіх пастаянна адчувае абслугоўваючая гаспадарка. Спадзяемся, кіраўніцтва ЖКГ выканае вынесенае супрацоўнікамі ДАІ прадпісанне па рамонту дарог і знойдзе сродкі дзеля прыгажосці і ўтульнасці Лунінца!..

Аляксандр МАЦКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть