Дарога да СУСТРЭЧЫ ішла праз вайну…

15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

У далёкім краі, дзе да пастаяннай небяспекі дадаваліся пакуты ад сузірання пустыні і недахопу вады, Віктар БАЎКУНОВІЧ марыў аб сваёй Беларусі – краіне лясоў і азёр. Родная зямля паўставала ў вобразе прыгожай дзяўчыны, з якой створыць шчаслівую сям’ю, каб працай і дзецьмі мацаваць мірнае жыццё радзімы… Усё так і адбылося. Вярнуўшыся з “неаб’яўленай вайны” ў 1987-ым (праз два гады савецкія войскі былі выведзены з Афганістана), ураджэнец Купаўцоў уладкаваўся токарам у лакаматыўнае дэпо. На вечары ў Баравецкім СК запрасіў на танец жыхарку вёскі, якую неўзабаве назваў жонкай… З цягам часу стаў машыністам дызель-цягніка. З чыгункай звязала жыццё і Наталля Іванаўна, спецыяліст па мытным афармленні станцыі Лунінец.

Напярэдадні дня, калі былыя воіны-“афганцы” ўшаноўваюць памяць закончыўшых зямны шлях аднапалчан, Віктар Васільевіч дастае фотаальбом, адлюстраваўшы “абпаленую Афганістанам” маладосць яго пакалення. Малодшы сын – пяцікласнік СШ №2 г. Лунінца Дзмітрый – гатовы бясконца разглядаць здымкі і слухаць успаміны самых родных людзей аб нараджэнні іх кахання. Старэйшы, Аляксандр, – студэнт Гомельскага чыгуначнага каледжа. Бацька назваў першынца імем свайго баявога сябра. Калі ж выбіралі імя малодшаму сыну, натуральным падалося ўшанаванне ў сям’і абодвух абаронцаў Айчыны – святых Аляксандра Неўскага і Дзмітрыя Данскога.

Як тут не задумацца аб спрадвечным наканаванні жыцця, якое вызначыла сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў менавіта 15 лютага – у праваслаўнае свята Стрэчання Гасподня… Фота Аляксандра КОЎКІ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть