ФРОНТ ЗА ЛІНІЯЙ ФРОНТУ

У ліпені 1944-га раён быў вызвалены ад фашыстаў, але да жаданага спакою было яшчэ далёка. Прызваны на службу ва ўнутраныя войскі, жыхар вёскі Любань Міхаіл Аляксандравіч НЕНАДОВІЧ выконваў вайсковыя абавязкі ў розных рэгіёнах вялікай краіны. Успаміны ветэрана вайны занатавалі вучні краязнаўчага гуртка Любанскай СШ. 
Пра баявы вопыт ён ведаў ад бацькі – Аляксандр Касьянавіч Ненадовіч быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. У сям’і выхоўвалася чацвёра дочак і адзін сын, з якім і вёў “мужчынскія” размовы былы ўнтэр-афіцэр царскай арміі… 
Пасля вызвалення раёна ад акупацыі двух 18-гадовых Міхаілаў – Ненадовіча і Сергіевіча – выклікалі ў райваенкамат. Вайсковай спецыяльнасцю авалодвалі ў Калінкавічах. Атрымалі чырвонаармейскае абмундзіраванне, праўда, без галаўных убораў – не знайшлося аднолькавых. У той час шмат чаго не было, у тым ліку і цягнікоў. Да вызначанага месца дыслакацыі – Століна – трэба было дабірацца, хто як мог. Вяскоўцы даведаліся, што навабранцы будуць ісці праз мястэчка Лахва. Мама Міхаіла прыбегла на станцыю, каб яшчэ раз благаславіць на службу сына… Полк пераправіўся праз Прыпяць і пачаў выконваць баявы загад. Барацьба з бандытызмам вялася на ўсёй вызваленай тэрыторыі Беларусі.
Сучасныя школьнікі са здзіўленнем даведаліся, што нават ураджэнцы нашых мясцін, у той час – далёкіх ад цывілізацыі, былі ўражаны лясной і балотнай глухаманню Мярлінскіх хутароў. Па словах ветэрана, “тутэйшыя людзі не ведалі, якая існуе ўлада, баяліся цягнікоў, на чыгунцы ад жаху накрывалі галовы адзеннем”. З выяўленых больш як трох тысяч “абарыгенаў”, некаторыя лічыліся дызерцірамі – іх прызначылі ў штрафбаты. Большасць жа – хаваліся ад правасуддзя, таму што ў час акупацыі служылі паліцаямі і іншымі памагатымі фашыстаў.
Баец 12-га асобнага стралковага палка ўнутраных войскаў удзельнічаў, гаворачы сучаснай мовай, у “зачыстках” у Пінскім, Івацэвіцкім, Драгічынскім раёнах. Узімку накіравалі у Заходнюю Украіну. У адрозненне ад нашых мясцін, дзе насельніцтва не падтрымлівала “бульбашоў”, якія хутка здаваліся чырвонаармейцам, вайскоўцы трапілі на сапраўдны працяг вайны. 
– За “бандэраўцаў” заступаліся мірныя жыхары, такім чынам становячыся на бок ворагаў Савецкай улады, – у Міхаіла Аляксандравіча дагэтуль захавалася своеасаблівае стаўленне да “западэнцаў”. – Бандыты хаваліся ў “крайках” – гэта яма, выраўненая з зямлёй і закрытая насцілам з мехавінай для дыхання. Знайсці было вельмі цяжка. У палон не здаваліся – у бязвыхадным становішчы знішчалі самі сябе…
У 1948 годзе стралкоў накіравалі далёка ад Радзімы. Частка палка трапіла на Каўказ, з другой часткай – наш зямляк апынуўся ў Казахстане. На станцыі Кзыл-Арда быў вымушаны наглядаць за асуджанымі людзьмі розных нацыянальнасцей, большасць якіх пазней былі рэабілітаваны. Знаходжанне ссыльных было вельмі цяжкім, але нялёгка давялося і іх канваірам. М.А. Ненадовіч захварэў і быў камісаваны з арміі. Яго служба працягвалася 4 гады і 11 месяцаў.
Гаючым водарам вылечвалі родныя мясціны. Праз тры гады ажаніўся. На лёсе яго жонкі Надзеі Георгіеўны таксама адбіліся выпрабаванні палітычнымі катаклізмамі. Яна паходзіла з сям’і жыхароў Беластоцкай вобласці, з якой, у 1945 годзе перададзенай Польшчы, беларусаў перасялілі ў БССР. 
Разам з Міхаілам Аляксандравічам пабудавала сваё шчасце ў нашым краі. Працавалі ў калгасе “Новае Палессе”. Выгадавалі траіх дзяцей, якія асталяваліся ў іншых гарадах Беларусі, але часта наведваюць бацькоў. Яны ж да апошняга часу яшчэ даглядалі гаспадарку, што мацавала жыццёвыя сілы. Цяпер надышоў час паклапаціцца пра сябе. Немаладыя муж і жонка падтрымліваюць адзін аднаго і радуюцца працягу роду, у якім пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў. 
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть