ГАЛОЎНАЯ СПРАВА – НАКАРМІЦЬ

З будаўніцтвам новых малочнатаварных фермаў і  маштабнай рэканструкцыяй старых, як ніколі, узрастае неабходнасць у абнаўленні дойных статкаў. 
У СВК “Хваецкае” своеасаблівай “фабрыкай” сучаснага статка з’яўляецца МТФ па дарошчванню і адкорму буйной рагатай жывёлы ў Вульцы 1.  Пад наглядам 11 працаўнікоў  тут утрымліваецца 1127 цялушак ад чатырох месяцаў і да пакрыцця. Усе яны размешчаны ў летніх выгульных дворыках. Іх дзённы рацыён складаецца з сенажу, зялёнай масы і камбікорму і пры двухразовым кармленні прыносіць неблагі вынік. За пяць месяцаў сярэднясутачныя прывагі склалі 573 грамы, што на 55 грамаў больш, чым летась. 
Пакуль жывёла не мае асаблівай патрэбы ў трывалым даху над галавой, у двух памяшканнях пачалі рэканструкцыю. Да пачатку зімова-стойлавага перыяду ў іх можна будзе размясціць 320 кароў, што вельмі радуе загадчыцу фермы Наталлю ДАРАХОВІЧ:
– Калектыў у нас падабраўся дружны і працавіты. Свае абавязкі, незалежна ад стажу і вопыту, кожны стараецца выконваць сумленна. Напрыклад, жывёлавод па абслугоўванню маладняку Ганна Шпакоўская, якая працуе больш як 20 год, за 5 месяцаў на сваёй групе цялят атрымала 707 грамаў сярэднясутачных прываг. А прыйшоўшая да нас толькі год таму Марыя Кіндрук  у маі перавысіла гэты “мясцовы рэкорд”  больш як на 50 грамаў. Праўда, за 5 месяцаў сярэднясутачныя прывагі ў яе групе склалі 675 грамаў.
Пазнаёміўшыся бліжэй з Марыяй Анатольеўнай, даведалася, што ў яе вялікая сям’я – пяцёра дзяцей школьнага ўзросту. Ураджэнка Украіны ў “Хваецкае” трапіла пасля 7 год пражывання на радзіме мужа ў Цне. Два гады таму ў Вульцы 1 сям’я атрымала добраўпарадкаваны дом. Муж Сяргей Канстанцінавіч уладкаваўся на трактар. Яна ж пайшла ў паляводы. Гэта было вельмі зручна для матулі, дзеці якой яшчэ патрабуюць шмат увагі. Калі падрос малодшы Анатоль, паспрабавала сябе ў ролі цялятніцы. Спачатку была падменнай, а цяпер ужо і групу з 226 цялушак даверылі. 
– Работа ў мяне добрая, – кажа Марыя Кіндрук.– Хоць і цяжка было спачатку, але хутка навучылася. Заробкі ў жывёлагадоўлі значна большыя, чым у паляводстве, таму і стараюся тут замацавацца. Рабочы дзень у нас звычайны, не такі, як у аператараў машыннага даення, калі ў 5 раніцы на працу бегчы трэба, а з 8-мі пачынаем. Паспяваю і дома ўправіцца, і сюды не спазніцца. Жыллём таксама задаволена. Ёсць усе ўмовы для жыцця, да таго ж і горад блізка, а там у ліцэі старэйшы наш  Дзяніс вучыцца.
На пытанне, што, на вашу думку патрэбна, каб жывёла расла як след, Марыя Анатольеўна ўсміхнулася:
– Кармы якасныя, а мая справа – зрабіць так, каб кожная жывёліна іх як мага больш з’ела. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть