ГАЛОЎНЫЯ ЛЮДЗІ НА ЗЯМЛІ

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК – знакавы для аграрыяў. Менавіта ў канцы лістапада прынята падводзіць вынікі работы за год.

Праўда, вось ужо каторы год запар надвор’е ў гэты дзень зусім не святочнае. Аднак, з самага ранку гараджане і вяскоўцы спяшаліся ў райцэнтр, каб зрабіць неабходныя запасы прадукцыі на зіму на сельскагаспадарчым кірмашы, атрымаць кансультацыі ад спецыялістаў ці проста добра адпачыць.

Карысталася попытам “бульба” і збожжа, парсючкі і рыба, саджанцы дрэў і разнастайныя вырабы з прыроднага матэрыялу. Філіялы райспажыўтаварыства і аддзел рабочага забеспячэння арганізавалі бойкі гандль гарачымі шашлыкамі, блінамі і чаем. Юнакі і дзяўчаты з сельскагаспадарчага коледжа спявалі і запрашалі да ўдзелу лунінчан. То тут, то там можна было паўдзельнічаць у бяспройгрышных латарэях.

Урачысты сход адбываўся ў гарадскім Доме культуры. Вынікі работы аграрыеў Лунінеччыны падвёў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. У сваёй прамове ён яшчэ раз падкрэсліў, што “ёсць глыбокі сэнс у тым, што сельскагаспадарчы год заканчваецца менавіта святам вяскоўцаў. Невыпадкова ў кожным з нас нас закладзена павага да зямлі. Спакон веку яна была асноўным багаццем краіны, а працуючыя на ёй людзі – залатым фондам Беларусі. Таму і зразумела, што дзяржава нават у самыя складаныя гады дапамагала і працягвае падтрымліваць працаўнікоў палёў і фермаў. Дзякуючы пастаяннай увазе старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара аграпрамысловы комплекс дынамічна развіваецца і ўпэўнена глядзіць у будучае. У планах – перавод датацыйнай сельскагаспадарчай вытворчасці да рэнтабельнага аграбізнеса. Гэта падкрэсліў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланні, аб гэтым будзе весціся размова і ў ходзе Чацвёртага Усебеларускага Схода, удзел у якім прыме і прадстаўнічая дэлегацыя Лунінеччыны”.

Васіль Міхайлавіч таксама зачытаў урадавую тэлеграму ад старшыні праўлення Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь Пятра Пракаповіча, а потым уручыў заслужаныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам сельгаскааператываў, ветэранам вытворчасці і маладым спецыялістам гаспадарак. У бягучым годзе валавы збор збожжа ў гаспадарках Лунінеччыны склаў 56 тысяч тон збожжа. Найбольшая ўраджайнасць – больш як 36 цэнтнераў з гектара – атрымана ў СВК “Гарадоцкі”. Добрыя паказчыкі ў гэтым годзе па кукурузе і бульбе. Нарыхтавана 96 тысяч тон кармавых адзінак, што ў пераразліку на ўмоўную галаву складае 27 цэнтнераў. За апошнія пяць год у гаспадаркі раёна пастаўлена 687 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, інвеставана на тэхнічнае перааснашчэнне каля 150 мільярдаў рублёў, у тым ліку 60 – сёлета. У раёне працягваецца рэалізацыя праграмы мадэрнізацыцыі старых і будаўніцтва новых малочна-таварных ферм. Добра разумеючы, што без прафесіяналізму і майстэрства працаўнікоў не вырашыць тых складаных задач, што стаяць перед сельскай гаспадаркай, на працягу ўсіх этапаў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі акцэнт рабілі на павышэнне якасці жыцця вяскоўцаў, стварэнне для іх годных умоў працы і адпачынку.

Ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы атрымлівалі работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый з рук генеральнага дырэктара РУП “Брэсцкае абласное племянное прадпрыемства” Сяргея Трацюка і старшыні раённага Савета дэпутатаў Віталя Адзішчава, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіля Клімчука і начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Наталлі Верас.

Напярэдадні свята былі падведзены вынікі раённых спаборніцваў, з імі азнаёміў в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Бойка. Ён жа ўручыў прадстаўнікам калектываў і лепшым працаўнікам дыпломы і грашовыя прэміі.

Падзякавалі кіраўнікам сельгаспарганізацый за супрацоўніцтва дырэктар ААТ “Лунінецкім малочны завод” Сяргей Карпец, намеснік дырэктара ААТ “Пінскі мясакамбінат” Іван Пяшко і галоўны бухгалтар Марына Пусь.

Выступленні і ўзнагароды, як звычайна, перамяжоўваліся музычнымі нумарамі ў выкананні калектываў “Світанак”, “Сустрэча” “Шляхцічы”, “Гармонік”, “Альтаір”, “Старая калекцыя” і “Вандроўнікі”. Сольнымі нумарамі парадавалі Максім Перапёлкін, Дзмітрый Абравец і Дзмітрый Гарошка.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть