Ім патрэбна людская ўвага

Напярэдадні чарговай гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана прадстаўніца ідэалагічнага аддзела райвыканкама Дзіяна Чыгір разам са старшыней раённай арганізацыі “Белая Русь” Людмілай Казадаевай і начальнікам аддзела прызыву на ваенную службу райваенкамата Міхаілам Арашкевічам наведалі на дамах бацькоў дзевяці юнакоў, што аддалі самае дарагое – жыццё ў чужой краіне пад незнаёмым небам. Маршрут прайшоў праз Ракітна, Дварэц, Дрэбск, Рэдзігерава, Сітніцу, Мікашэвічы, Дзятлавічы, Велуту і завяршыўся ў Лунінцы.

Усе атрымалі памятныя сувеніры і прадукты ад малочнага і хлебазаводаў. Шчыра радуючыся прыезду гасцей, старэнькія ўжо мамы і таты заверылі, што ўсё неабходнае ёсць, дровамі назапасіліся, ды і старшыні сельсаветаў дапамагаюць, заўсёды ідуць насустрач. У размове даведаліся таксама аб некаторых праблемах і пажаданнях. Так, Вера Дзмітрыеўна, маці старшага сяржанта Міхаіла Мацевіча, з Ракітна вельмі прасіла, каб узімку ад дому да цэнтральнай вуліцы рашчышчалі дарогу, бо ў самой сіл не хапае. Ніна Данілаўна, мама радавога Мікалая Захарчука, з Чэрабасава расказала, як доўгі час не магла дабіцца, каб адрамантавалі радыё. Дзякуй, што дапамог жанчыне старшыня Рэдзігераўскага сельсавета Валерый Лусевіч. Прыйшлося сутыкнуцца з яшчэ адной непрыемнасцю – ад ЖКГ прыйшла аплата за вываз мусара на імя сына, які даўно пражывае ў Брэсце. Але Валерый Федаравіч абяцаў дапамагчы і тут. А вось Кацярына Гаўрылаўна, маці радавога Андрэя Гулівец, уражэнка Украіны, скардзілася, што з часам забываюць пра іх і іх дзяцей, не хапае жанчыне простага чалавечага цяпла, удзелу.

Але самым галоўным для гэтых людзей былі ні скаргі, ні патрэбы, а ўвага, магчымасць выгаварыцца, паведаць пра сваё жыццё, успомніць сыноў, якіх ужо ніколі не абнімуць і паплакаць, выпусціць хоць на хвілінку вечны боль ад непапраўнай страты. Здавалася б, усе яны такія розныя, але словы іх аднолькавыя, як і горкія слезы, як і няшчасце, што будзе адзывацца ў душы ўсё жыццё.

Асаблівую ўдзячнасць за дапамогу ў правядзенні акцыі хацелася б выказаць дырэктарам хлебазавода К.М. Аліфяровічу і ААТ “Лунінецкі малочны завод” С.Ф. Карпцу за падрыхтаваныя падарункі і сувеніры.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть