КАМФОРТАМ І ЎТУЛЬНАСЦЮ ВАБЯЦЬ ВЁСКІ

Пытанні павышэння дабрабыту і якасці жыцця грамадзян высвятлялі ўдзельнікі чарговага Дня Савета, што адбыўся на тэрыторыі Вулькаўскага сельсавета.
Першым аб’ектам, куды завіталі, стаў магазін у вёсцы Бродніца. І хаця гэты населены пункт не з’яўляецца аграгарадком, такому гандлёваму цэнтру могуць пазайздросціць і ў Лунінцы. Уражвае прасторнае памяшканне ў 280 квадратных метраў, дзе побач з харчовымі таварамі ўтульнае суседства знайшлі прамысловыя. Тут можна набыць складана-бытавую тэхніку, мэблю і ўсё, што неабходна для работы ў садзе і агародзе. Як расказала загадчыца Ніна Верас, тавараабарот у магазіне пры плане 550 мільёнаў рублёў заўсёды перавыконваецца. Прадаўцы вывучаюць попыт спажыўцоў. Так, перад пачаткам навучальнага года пашырыўся асартымент канцылярскіх прыналежнасцей, школьнага адзення. Да таго ж, форму прапаноўваюць і пад заказ. Работа напрамую з пастаўшчыкамі дазваляе праводзіць акцыі і прадаваць тавары па зніжаных цэнах. Акрамя гэтага, у магазіне можна купляць тавары ў крэдыт, які па жаданню грама-дзян прадастаўляецца на 1, 3 або 6 месяцаў.
Наступным пунктам на шляху следавання стаў міні-палігон цвёрдых бытавых адходаў, які знаходзіцца на балансе Лунінецкай ЖКГ. Адказным за парадак тут з’яўляецца майстар участка Мікалай Нікалаевіч. Як паведамілі прадстаўнікі камунальнай службы Сяргей Самусевіч і Аляксандр Сідараў, па гра-фіку сюды накіроўваецца бульдозер, які падграбае і ўшчыльняе смецце. Абсталявана спецыяльнае месца для складзіравання галін дрэў. Справа ў тым, што ў суседнім Міжлессі ёсць кацельня, якая працуе на шчапе. Такім чынам, смецце спачатку здрабняецца, а потым ідзе ў топку. Адзначана, што культура насельніцтва ўзрастае. Між тым, трэба заўважыць, што недастаткова наладжана работа па збору другаснай сыравіны, і не толькі ў вёсках, але і ў гарадах. Гэты недахоп даводзіцца кампенсаваць работнікам палігона самастойна, выконваючы даведзеныя планы на макулатуру, металалом, пластык і іншае. Летась яны са 100-працэнтным поспехам справіліся з заданнем.
У навядзенні належнага санітарнага парадку зацікаўлены як вяскоўцы, так і кіраўнікі прад-прыемстваў і арганізацый, што “прапісаліся” тут. Здаецца, што можа быць цікавага ў рамонтных майстэрнях? Але ж, у “Вулькаўскім світанку” пастараліся зрабіць так, каб добры настрой пачынаўся яшчэ перад прахадной. Кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Соц зазначыў, што імкнуліся прыўнесці ў афармленне нешта новае. Так узнікла ідэя ўстанавіць фантанчык побач з фігуркамі лебедзяў і альтанку. Здаецца, дробязь, але прыемна.
Гонарам аграгарадка з гэтага года лічыцца новая школа. Апошнія штрыхі ў добраўпарадкаванні наводзіць дарожная служба, укладваючы тратуарную плітку на пешаходнай дарожцы. Рознакаляровую афарбоўку набывае дзіцячая пляцоўка. Радуе школьны стадыён. Работнікі навучальнай установы паклапаціліся пра тое, каб упрыгожыць тэрыторыю кветкамі. Асабліва ўражваюць бегоніі. Кіраўнік аддзела адукацыі Валянціна Верас не хавала радасці, расказваючы пра новы аб’ект. Паведаміла пра цеснае супрацоўніцтва з будаўнічымі арганізацыямі, як разам выбіралі каляровую гаму для будынка і класных кабінетаў. Валянціна Ігнатаўна з задавальненнем правяла экскурсію па школе – будучай “скарбонцы” ведаў. Выказала ўдзячнасць будаўнікам за створаную прыгажосць і ўтульнасць.
Вядома, што Вулькаўскі сельсавет – у ліку пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таму невыпадкова перад будынкам сельвыканкама нават цяпер, калі мінула 26 гадоў з дня катастрофы, сустрэлі мікрааўтобус Пінскага пагранічнага атрада, укамплектаваны спецыяльнай тэхнікай для замеру накопленай радыяцыі ў арганізме. За два дні абследаванне прайшлі 80 жыхароў вёскі. Пакуль больш чым 400 бекерэляў на кілаграм (менавіта гэта лічба лічыцца небяспечнай для здароўя чалавека) не выяўлена.
У сельвыканкаме пазнаёміліся з тэхнічным аснашчэннем, інфармацыйным забеспячэннем, з работай па ажыццяўленню адміністрацыйных працэдур.
На добраўпарадкаванне тэрыторыі звярталі ўвагу і ў Міжлессі. Наведалі філіял Дварэцкай школы мастацтваў. Кіраўнік Наталля Ліхтар расказала, што тут дзеткі авалодваюць ігрой на фартэпіяна і баяне, а таксама з задавальненнем наведваюць гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пацеркавае рукадзелле выкладае Іна Яраховіч, работы якой вызначаюцца эстэтычнасцю і нацыянальным каларытам.
Выступаючы на пленарным пасяджэнні, старшыня сельвыканкама Аляксандр Кушнярэвіч адзначыў, што на тэрыторыі сельсавета пражывае амаль 4,5 тысячы чалавек. Тры населеныя пункты з сямі сталі аграгарадкамі. За апошнія 5 год для вядзення дапаможных гаспадарак у пажыццёвае спадчыннае валоданне і ў арэнду прадастаўлена  560 гектараў зямлі. Аднак, гэтага недастаткова, каб забяспечыць надзеламі ўсіх жадаючых. Старшыня райсавета Віталь Адзішчаў паабяцаў дэталёва разгледзець праблему. А.Б. Кушнярэвіч засяродзіў увагу і на добраўпарадкаванні дарог. Аказваецца, грошы ў памеры 60 мільёнаў рублёў, выдзеленыя на гэты год на ямкавы рамонт, у асноўным былі накіраваны дарожнай службай на тое, каб зрабіць тратуар каля новай школы. Паскардзіўся кіраўнік сельвыканкама і на недастатковае выдзяленне сродкаў на асвятленне.
За апошнія гады Вулька 2 значна папрыгажэла. Сучасны выгляд набылі магазін і сельскі Дом культуры. Паявіліся вуліцы з новабудоўлямі, дзе знайшлі прапіску маладыя спецыялісты СВК “Вулькаўскі світанак”. Не за гарамі той час, калі ў кожны дом аграгарадка будуць падведзены вада і газ. Менавіта гэтая акалічнасць у пэўнай ступені паўплывала на тое, што пустуючых дамоў у Вульцы 2 не засталося. Не пакідае родную вёску і моладзь, а, значыць, ёсць будучае ў аграгарадка.
На пасяджэнні, якое  прайшло пад старшынствам Віталя Адзішчава, было таксама разгледжана пытанне аб стане і дадатковых мерах па ўдасканальванню прафілактычнай работы па папярэджанню гібелі, траўматызму, узнікненню пажараў і іншых надзвычайных сітуацый. У абмеркаванні браў удзел начальнік РАНС Мікалай Арашкевіч. Начальнік РАУС Уладзімір Рыбак праінфармаваў аб тым, як вядзецца работа органамі мясцовага кіравання і самакіравання па захаванню законнасці і правапарадку. Вядома, што амаль ва ўсіх сельскіх населеных пунктах ёсць дамы, у якіх ніхто не жыве. Іх стан, а таксама прысядзібны ўчастак часта псуюць знешні выгляд вясковых вуліц. Іншы раз знайсці ўладальнікаў не магчыма. Як паступаць у такіх сітуацыях? На гэтым спыніў увагу галоўны архітэктар раёна Аляксей Сакалоўскі.
Па ўсіх пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть