ЛАСУНКІ ПА МАМІНЫХ РЭЦЭПТАХ

Чым старэйшай станаўлюся, тым часцей хвалюе памяць маё лунінецкае дзяцінства. Так здарылася, што пасля заканчэння Львоўскага медыцынскага інстытута жыла і працавала ўрачом-педыятрам на Украіне, але на схіле год вярнулася ў Беларусь – пераехала да дзяцей. Летась адзначыла 75-годдзе…

Самыя яркія ўражанні – Калядныя. Ёлку ставілі ў доме не перад Новым годам, а да 7 студзеня – Нараджэння Гасподняга. Большасць цацак для ўпрыгожання набылі яшчэ “пры Польшчы”. Набор быў куплены на вялікае дрэва, да столі. У яго ўваходзілі рознакаляровыя шары з надпісамі пажаданняў, іншыя фігуркі са шкла, анёльчыкі і гірлянды, вырабленыя з кардону і пацерак. Але яшчэ больш усім падабаліся цацкі, якія змайстравалі мы самі пад кіраўніцтвам мамы ў доўгія перадкалядныя вечары. Асабліва прыгожым быў залаты ланцуг, на які праз кожныя 40 сантыметраў нанізваліся рознакаляровыя пацеркі. Калі ўжо аздобленую ёлку абвівалі гэтым ланцугом, атрымлівалася, што пацеркі быццам вісяць у паветры, а ёлка стаіць, як у зачараваным лесе, абвітая павуціннем… Мы развешвалі таксама цукеркі, грэцкія арэхі, загорнутыя ў фальгу, пячэнне, спечанае як “хрусцікі”, у форме зорачак і анёльчыкаў. Калі запальваліся рознакаляровыя свечкі ў спецыяльных падсвечніках і пах хвоі змешваўся з водарам воску, здавалася, знаходзімся ў казцы… Наша мама была настаўніцай, а тата – свяшчэннікам, які ў 1947 годзе атрымаў прызначэнне на Жыткавіцкі прыход са славутым цяпер Туравам. Тады ва Усходняй Беларусі навагоднія ёлкі не ставілі, цацкі ў крамах не прадаваліся. Суседзі і аднакласнікі прыходзілі да нас дамоў і глядзелі на лясную прыгажуню, як на сапраўднае дзіва… Пакуль стаяла ёлка, дзеці не дакраналіся да сваіх “смачных скарбаў”, як ні складана было супрацьстаяць спакусам. Пасля Вадохрышча разбіралася аздабленне ёлкі, а самым цікавым момантам быў справядлівы дзялёж знятых “смачнасцей”. Знішчалі іх па-рознаму, у залежнасці ад характару: адны – з’ядалі адразу, другія – расцягвалі асалоду на працяглы час. Мама закончыла зямны шлях у 40 год. Відавочна, так было наканавана звыш. У перадкалядную вячэру (куццю) накрывалі стол вялікім абрусам, а пад яго падкладвалі салому (што нагадвала яслі нованароджанага Іісуса Хрыста). Была традыцыя: кожны выцягваў саломінку, па даўжыне якой вызначалася, колькі ён пражыве. Маме пастаянна даставалася самая кароткая… На стары Новы год, “шчодрую куццю”, да іншых рэлігійных святаў, выпякаўся торт “дзень і ноч”, які складваўся з двух каржоў – светлага і цёмнага. Апошні ў “польскія” часы атрымліваўся з дапамогай какавы. У пасляваенныя гады яе не было дзе ўзяць. Таму з чорнага хлеба сушыліся сухары, потым іх таўклі ў ступцы і пяклі корж, які аказваўся цёмным. Дзецям дастаўляла вялікае задавальненне аблізаць сценкі макітры, у якой збіваўся крэм. Па малалецтву не здагадалася запісаць кандытарскія рэцэпты мамы. “Сакрэты” выпечкі калядных зорачак і анёльчыкаў давялося “вылічваць” па памяці, эксперыментуючы. Больш за паўстагоддзя ў маёй сям’і адзначаюцца Каляды так, як святкавалі ў Лунінцы мае бабулі і дзядулі, мае бацькі…

Алла Мікалаеўна БУДЗЬКО. г. Мінск.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть