ЛЕТАПІС ВЁСКІ АД ЗЕМЛЯКА

 Вёска Астрамечава Брэсцкага раёна – адна з найбольш вядомых у Беларусі. І не толькі тым, што ў пачатку мінулага стагоддзя тут была адкрыта народная бібліятэка, але і сённяшнімі дасягненнямі аднайменнага сельгаскааператыва, якім шмат год кіруе доктар эканамічных навук Аляксей Скакун.

З нядаўняга часу да набыткаў далучылася і ўнікальная кніга Івана Панасюка “Остромечево и “остромычивцы”. Выданне ўражвае сучасным паліграфічным афармленнем, глыбокім зместам, дакладнай вызначанай аўтарскай пазіцыяй – яшчэ вышэй падняць на п’едэстал вёску, якая неўзабаве ўрачыста сустрэне сваё 500-годдзе!..

Трывалай падковай зместу стала ўдумлівае і паслядоўнае вывучэнне гістарычных пісьмовых крыніц, сярод якіх і “Кніга судовых спраў” (1506-1523). Надзвычай цікавыя звесткі сабраны краязнаўцам.

Значная ўвага нададзена сучаснікам, таму асяродку, у якім сталеў будучы настаўнік гісторыі, асабістым назіранням за жыццём землякоў. Прозвішчы многіх з іх трапілі ў аповяд, як і здымкі з сямейных фотаальбомаў. Нават працуючы на Лунінеччыне, Іван Аляксеевіч не губляў сувязі з астрамечаўцамі, а найбольш цікавыя лісты ўключыў у змест кнігі.

Не забыў краязнаўца і пра вірлівае жыццё нашых сучаснікаў, дасягненні працаўнікоў СВК “Астрамечава”. Менавіта Аляксей Сцяпанавіч пасадзейнічаў напісання грунтоўнага летапісу прыбужскай вёскі. На старонках кнігі знайшлося месца і “Астрамечаўскаму вальсу”, аўтар якога – вядомы беларускі паэт Уладзімір Сітуха.

З глыбінь стагоддзяў упэўнена вядзе чытача да нашых светлых дзён аўтар-укладальнік кнігі Іван Панасюк – творца высокага палёту, думак, пачуццяў і канкрэтных спраў, агульным здабыткам якіх мацнее з году ў год тутэйшая гаспадарка. Адна з лепшых у нашай краіне.

Мікола ПАНАСЮК, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть