ЛЮДЗЬМІ ПРАЦАВІТЫМІ, ХЛЕБАМ БАГАТЫ, НАШ КРАЙ “ГАРАДОЦКІ”! СА СВЯТАМ!

СВК “Гарадоцкі” сустракае свой 70-гадовы юбілей. Сёння ўжо амаль не засталося людзей, якія стаялі ля вытокаў тагачасных дробных калгасаў: “Чырвоны баец” – у Дрэбску, “Іскра” – у Цне, створаных у перадваенны 1940 год і даўшых пачатак сённяшняй буйной гаспадарцы. Адноўленыя ў 1948-ым, а таксама калгасы “Новае жыццё” і “Чкалава” ў Кажан-Гарадку восенню 1959 года аб’ядналіся ў калгас “Маяк камунізму”. У 1993-ім ён быў рэарганізаваны ў аграфірму-калгас “Маяк” , у 1993-ім – у СВК “Гарадоцкі”. У 2004-ым да яго далучылі суседні сельгаскааператыў “Лахвенскі”. З лістапада 2006 года гаспадарку ўзначальвае Сяргей Міхайлавіч ЧЫРЭЦ:

– Нягледзячы на ўсе пераўтварэнні, упэўнена глядзім у будучае. Маючы добрую матэрыяльна-тэхнічную базу своечасова завяршылі веснавую сяўбу, без праблем праводзім хімахоўныя мерапрыемствы, рыхтуем пад залужэнне сенажаці і пашу, прыступілі да нарыхтоўкі кармоў. Дасягнуты пэўныя поспехі і ў жывёлагадоўлі. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на дарошчванні за 4 месяцы гэтага года склалі 585 грамаў, а цялушак – 657. На 305 кілаграмаў павялічыліся надоі малака ў разліку на карову. І што самае прыемнае, з прыходам у гаспадарку галоўнага заатэхніка Андрэя Чарнавокага, здаецца, нарэшце навучыліся атрымліваць малако вышэйшым гатункам. Наогул, усе нашы поспехі – гэта заслуга калектыву, сярод якога моцнае механізатарскае ядро: Міхаіл Боўбель, Генадзь Бірыла, Леанід Бірыла, Валерый Сумарэвіч, Дзмітрый Кацуба, Аляксандр Бунас, Фёдар Грыневіч, Уладзімір Германовіч, Іван Грыцкевіч, Васіль Бірыла, Сяргей Іваноў. На сваім месцы галоўны аграном Сяргей Скіба, галоўны бухгалтар Надзея Кнырэвіч, намеснікі старшыні: па вытворчасці Валерый Федаровіч і ідэалагічнай рабоце Раіса Чырэц і многія іншыя. Надзейна працуе вытворчы ўчастак у Дрэбску пад кіраўніцтвам начальніка Васіля Дземідовіча і брыгадзіра Надзеі Грушко. Упэўнены, дзякуючы далейшым сумесным старанням “Гарадоцкі” з года ў год будзе толькі ўмацоўвацца. Гэтаму таксама садзейнічае распачатае будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу на 600 галоў, дзе ўжо асвоена 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў, набыццё зернеачышчальна-сушыльнага комплексу ЗСК-30, рэканструкцыя агароднінасховішча ў Лахве. Росквіту гаспадаркі, замацаванню спецыялістаў садзейнічае і будаўніцтва жылля. Толькі сёлета з пачатку года ўвялі ў строй 5 новых дамоў.

Сардэчна віншую калектыў і ветэранаў працы з юбілеем. Дзякуй вам за сумленныя адносіны да сваіх абавязкаў. Моцнага ўсім здароўя, даўгалецця і дабрабыту.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть