«МЫ Ў АДКАЗЕ ЗА ТЫХ, КАГО НАВУЧЫЛІ…»

Гэта, як зразумелі, не Экзюперы. Гэта – рэальнасць, пра якую сёння разважае пракурор раёна Віктар САВІЧ:

– Артыкул 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” прадугледжвае, што прафілактыкай сярод непаўналетніх разам з іншымі зацікаўленымі органамі і службамі павінны займацца дзяржаўныя ўстановы адукацыі. І ў гэтай важнай справе ім адводзіцца вядучая роля. Першае, з чаго звычайна пачынаецца такая работа – выяўленне падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, аказанне ім дапамогі, фарміраванне законапаслухмяных паводзін, прыняцце іншых мер па прафілактыцы безнагляднасці.

Летась на тэрыторыі раёна непаўналетнімі ўчынена 19 злачынстваў – на 41 працэнт менш, чым у папярэднім годзе. Аднак колькасць “удзельнікаў” канфліктаў з законам зменшылася не на шмат – 15 супраць 18-ці ў 2009 годзе. Прычым пераважная большасць злачынстваў учынена вучнямі, якія стаяць на ўнутрышкольным і ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Часцей за ўсё падранкі ідуць на крадзеж. І што асабліва трывожыць, ёсць выпадкі рэцыдыву. Найбольшая колькасць злачынстваў учынена вучнямі СШ №2 г. Лунінца (дырэктар В.П. Барысевіч) і Бастынскай СШ (дырэктар Я.А. Койка).

Работнікі пракуратуры пастараліся высветліць прычыны, якія ўскосна садзейнічаюць такому становішчы спраў. Здаецца, у кожнай школе педагогі стараюцца максімальна задзейнічаць дзетвару, не выпускаюць іх з поля зроку. Паўсюдна створаны так званыя саветы прафілактыкі. Вось толькі ці не ператварыліся яны ў звычайную фармальную структуру, якая на справе не ўплывае на становішча спраў з падлеткавай злачыннасцю?

Як удалося высветліць, паседжанні названых фарміраванняў ў большасці школ праводзяцца нерэгулярна, работа іх не плануецца. А калі і плануецца, то рэальная тэматыка паседжанняў не супадае з мяркуемай. Адсутнічае практыка заслухоўвання справаздач класных кіраўнікоў. А хто як не яны маглі б даходліва і дакладна прааналізаваць сітуацыю ў класе, абазначыць болевыя кропкі, а магчыма, і падзяліцца вопытам па прафілактыцы правапарушэнняў сярод іх падапечных?

Без прынцыповасці і глыбокага аналізу прычын праходзіць і разгляд паводзін падлеткаў, якія аступіліся. Нельга сказаць, што дзейсная ўзаемасувязь існуе паміж педкалектывамі і інспекцыяй па справах непаўналеніх. Планы сумеснай работы (а яны павінны быць) іншы раз складаюцца толькі пасля таго, як ва ўстанове зафіксаваны прыкры выпадак. Нельга пакуль станоўчую ацэнку даць індывідуальнай рабоце з хлапчукамі і дзяўчынкамі, схільнымі да канфлікту з законам. Як вынік – яны нярэдка ідуць на паўторнае злачынства.

Двое непаўналетніх у Бастыні сталі проста небяспекай для мясцовага магазіна. Іх асуджальныя паводзіны сталі прычнай пастаноўкі на ўлік у ІПН. Аднак з поля зроку грамадскасці яны ўсё ж выпалі. У выніку – чарговы крадзеж. Прычым, бралі не толькі прадукты харчавання, а і гарэлку з цыгарэтамі. І гэта пры тым, што адзін са злодзеяў – малалетні. У школе педагогі так і не здолелі дакладна растлумачыць, што ўсё-такі спрабавалі яны зрабіць, каб утрымаць хлопцаў на краі бездані. У многіх школах вельмі абмежавана і кола мерапрыемстваў, якія праводзіць сацыяльна- псіхалагічная служба.

І зусім ужо прыкрым стаў выпадак у Любані, дзе настаўнік мясцовай школы быў затрыманы разам з вучнямі пры крадзяжы бульбы з прысядзібных участкаў жыхароў. Прычым такіх эпізодаў было не адзін, не два, а пяць.

Упушчэнні ў прафілактычнай рабоце не прымусілі сябе доўга чакаць. Сёлета за адзін толькі месяц зарэгістраваны прыкметны рост злачынстваў сярод падлеткаў. І зноў у спісе – рэцыдыўнае злачынства, якое ўчынілі два вучні СШ №4 г. Лунінца.

Лічу, што ў школах, дзе зарэгістраваны выпадкі крыміналу сярод падлеткаў, трэба абавязкова правесці дэталёвае службовае расследаванне па кожнаму такому факту, устанавіць прычыны і ўмовы, якія гэтаму садзейнічалі, не пакінуўшы без увагі бяздзейснасць педагогаў.

Вядома, абвінавачваць сёння ва ўсіх грахах толькі школу – няправільна. Вось чаму з асаблівай настойлівасцю нагадваем пра неабходнасць узамадзеяння з праваахоўнікамі, бацькамі, грамадскасцю, бо толькі разам можна не дапусціць падобнага ў далейшым.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть