Матуліны КВЕТКІ

На ўскрайку станцыі Дзятлавічы, адасоблена ад асноўнай вёскі, нібыта на хутары, з вясны да восені патанае ў кветках сядзіба, дзе жыве 77-гадовая Зоя Ціханаўна БРЭЗІНА.
Яна паявілася на свет напярэдадні вялікага праваслаўнага свята – Нараджэння Багародзіцы. Шчаслівыя бацькі далі дачцэ рэдкае імя – Зоя ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “жыццё”. Гэта быццам бы наканавала лёс жанчыны, увасобіўшай у рэчаіснасць самыя яскравыя, жыццесцвярджальныя якасці: дабрыню, шчырасць, міласэрнасць. А стрыжнем асобы стала надзвычайная працавітасць. Была добрасумленным паляводам у калгасе. Трымала ў парадку прысядзібную гаспадарку. Пры штодзённай занятасці паспявала знайсці час сесці да кроснаў ці ўзяць нітку з іголкай. Здаецца, звычайныя напрацаваныя сялянскія рукі, а колькі імі вырабіла сапраўдных тканых і вышываных шэдэўраў народнай творчасці! 
Пашчасціла на такога ж працавітага мужа. Лявонцій Сільвестравіч пасвіў калгасную жывёлу. Добра разумелі адзін аднаго. Муж ва ўсім дапамагаў жонцы. Яшчэ ў пары паспелі адзначыць залатое вяселле. А на наступны год спыніўся зямны шлях яе “моцнай паловы”. Вось ужо пяты год надзеяй і апорай Зоі Ціханаўны з’яўляюцца дзеці.
Матулін твар асвятляецца ўсмешкай. Прыгадвае, як адзін за адным, нараджаліся дзве дачкі і два сыны. Калі выраслі, засталіся адданымі роднай вёсцы. Тут стварылі сем’і, выхоўваюць сваіх дзетак. Цяпер роўна праз два гады вялікі род збіраецца на залатыя юбілеі. Першай яго адзначыла Марыя – яна працавала на Люшчанскім лесапункце. Летась святкавала Вера – дзяжурная па станцыі Лунінец. Абедзве выгадавалі па трое дзяцей. На наступны год будуць віншаваць Аляксандра. У яго сям’і – двое нашчадкаў. Затое ў Анатоля – пяцёра! Ветэран вайны ў Афганістане, страціўшы на чужой зямлі сяброў і аднапалчан, быццам сапраўды адчувае ўласную адказнасць жыць “за себя и за того парня…”. 
Сыноў цяжка застаць дома – “дальнабойшчыкі” пераважна ў дарозе, перавозяць грузы на далёкую адлегласць. Няхай будзе шчаслівым іх шлях!
Усміхаючыся ўспамінам, раптам Зоя Ціханаўна схамянулася: у яе ж цяпер удвая больш дзяцей! Уважлівыя зяці не адмаўляюць у дапамозе на агародзе ці бульбяным палетку. Колькі радасці дадае іх падзяка за прыгатаваны цешчай звычайны абед, які нахвальваюць, быццам далікатэс! Пашчасціла на добрых і здольных нявестак. Малодшая, Галіна, вядома многім, дзякуючы цудоўным вершам, што не раз друкаваліся ў раённай газеце. Яна і жонка другога сына, Людміла, спяваюць у народным аматарскім аб’яднанні “Світанак” Дзятлавіцкага ЦСДК. Разам з калектывам выступалі ў многіх гарадах краіны і нават за мяжой. А старэйшая нявестка праяўляе і кулінарны талент. Дзялілася ўменнем з супрацоўнікамі часопіса “Залатыя рэцэпты”. Захапляючыся гаспадыняй, сталічныя госці асабліва былі ўражаны старажытнымі рэчамі, што сабраны ў летняй кухні, ператворанай у сапраўдны музей.
Задаволена прыгадала Зоя Ціханаўна аб ролі ў жыцці сям’і друкаваных выданняў. Раёнку чытала “Авангардам” і “Ленінскім шляхам”, цяпер не ўяўляе тыдня без знаёмства з “Лунінецкімі навінамі”. 
Зоя Ціханаўна змахвае няпрошаную слязінку… Яна з маладосці захаплялася спевамі. Цяпер больш любіць, калі спяваюць іншыя. Быў цяжкі час, калі забылася на весялосць: давялося даглядаць сястру і маці, якія некалькі год былі прыкаваны да ложка. Цяпер сілы не стае, каб дапамагаць гатаваць на вяселлі, што раней не абыходзіліся без яе кулінарнага ўмення… 
І ўсё ж жанчына імкнецца засяродзіцца на светлых думках. Жыццё нельга лічыць збяднелым на праявы радасці. Як уражваюцца яе кветнікам дзеці і проста навакольныя людзі! Сапраўднае багацце – і вялікі род: бабуля шчаслівая на 13 унукаў і 18 праўнукаў. Застаецца толькі дзякаваць лёсу за літасць і, у адпаведнасці з імем, радавацца паўнаце жыцця ў кожным дні залатой цёплай восені.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть