“Мне сніцца доўга будзе ПАДБАЛОТА”

Хутар з такой назвай ведаюць старажылы вёскі Бастынь. Размешчаны паблізу возера Белае, складаўся з трох гаспадарак, але многіх людзей вабіў прыгажосцю наваколля. Зеляніна стромкіх соснаў і празрыстасць чыстай вады дагэтуль захоўваецца ў памяці Паліны ІВАНЦОВАЙ, хаця пажылая жанчына пакінула мясціны, дзе нарадзілася, калі была дзяўчынкай.
– Хутар яшчэ “пры цары” купіў мой дзед Лазар, – пра жыццёвыя перыпетыі продкаў успамінае суразмоўніца. – Сям’я была вялікай, стараліся належна апрацоўваць сваю зямлю. Два сыны дзеда сталі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай. Дзядзька з вайны не вярнуўся…
У кнізе “Памяць. Лунінецкі раён” занатавана: “Рыгор Лазаравіч Герасімовіч, н. у. 1919, радавы, стралок 242 сп 104 сд, прапаў без вестак у жніўні 1944”. А вось бацьку жанчыны, хаця і параненаму пры фарсіраванні Одэра ў Германіі, пашчасціла выжыць. Пасля фронту яшчэ 5 год служыў у арміі. Вярнуўся ўзімку. Восенню згулялі вяселле хутараніна і вяскоўкі. У студзені 1952-га на свет паявілася Кацярына, у ліпені 1953-га – Паліна. Яна ўдакладняе маё пытанне:
– Што памятаю з ваенных успамінаў бацькі? Няшмат. На танках малявалі зоркі за кожнага збітага нямецкага “тыгра”… Яшчэ казаў, што ў немцаў куплялі малако, а ў жбанах знаходзіліся жабкі для ахалоджвання… Ці былі ў бацькі ўзнагароды? Канешне. Гулялі мы ў дзяцінстве з гэтымі медалямі. Так і згубіліся…
У мірны час франтавік уладкаваўся рабочым на эстакаду ў Люшчанскі лесапункт. Гэта было выгадна не па невялікай зарплаце, а па гарантаваным забеспячэнні 10 кубаметрамі дроў. Для дадатковага заробку 12 год пасвіў калгасных цялят.
Аляксандр Лазаравіч Герасімовіч год не дажыў да пенсіі. Яго зямны шлях закончыўся 2 мая 1985-га – напярэдадні 40-годдзя Вялікай Перамогі. Ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені сям’я атрымала без кармільца… Удава – Марыя Васільеўна Арабей – перажыла мужа амаль на 20 год.
– У мяне было шчаслівым дзяцінства, – усміхаецца дачка франтавіка. – Лепшыя сябры – лес і яго насельнікі. Выскачыш з двара – навокал сунічныя паляны, чарніцы, грыбы. Не споўнілася і 5-ці год, калі бацька перавёз зруб на бераг Белага возера. Побач пабудаваўся Павел Качановіч. У двух кіламетрах, на Падбалоце, засталіся дамы братоў Брадніцкіх. Адзін з іх быў лесніком. Потым на нашым участку Васіль Барысавіч высаджваў лес… 
Суразмоўніца прыгадвае, як яна з сястрой і два аднагодкі – сыны суседа, толькі і сядзелі ў празрыстай вадзе. Лёгка пераплывалі Белае возера. Непадалёку размяшчалася вайсковая часць. Прыцягваў аэрадром для “кукурузнікаў”. Заўважае, што былы палігон – цяпер самае ўрадлівае на чарніцы месца… Па вечарах салдаты пускалі кіно. Дзятва не прамінула ніводнага фільма! На летні лагер прыязджалі жывёлаводы калгаса з Луніна. Новыя людзі – новыя ўражанні…
Хапіла іх і пазней. У першы клас пайшла ў 1961-ым, калі ў Бастыні адкрылася новая школа. З сястрой жылі ў прышкольным інтэрнаце. А потым з Белага возера, дзе неўзабаве пачалі ўзводзіць піянерскія лагеры, сем’і перасялілі на цэнтральную сядзібу. Загартаваная прыродай, дзяўчынка паказвала высокія спартыўныя вынікі. Не дзіўна, што, закончыўшы 9 класаў, паступіла ў Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры. Дарэчы, у той год студэнткамі сталі тры бастынянкі: Надзея Зылевіч (як і Паліна – аддзялення спартыўнай гімнастыкі) і Вера Прымаковіч (мастацкай).
– Пасля заканчэння вучобы нас размеркавалі на Міншчыну, – прыгадвае Паліна Аляксандраўна. – Мяне і Надзею накіравалі ў Любань, Вера трапіла ў Старыя Дарогі. Праз год яны на некаторы час выехалі на поўнач. Надзея закончыла і ВНУ, выкладала гісторыю ў Брэсце. Вера была фізруком у Язвінскай СШ.
Доўгім быў шлях дамоў у маёй суразмоўніцы. Маладым спецыялістам выйшла замуж. Разам з мужам і дачушкай вярнуліся ў Бастынь, дзе нарадзіўся сынок. Уладкавалася фізруком у Бастынскую СШ. Але шлюб не склаўся. У складаныя часы выязджала на заробкі ў Расію. Потым амаль 10 год у Барысаве працавала сацыяльным работнікам. Выйшаўшы на пенсію, вярнулася ў Бастынь. 
Паліна Аляксандраўна па-ранейшаму сябруе са спортам – у доме зроблена “шведская сценка” для размінкі, самаробны “трэнажор” для адціскання. Пастаянную фізічную нагрузку дае занятасць па гаспадарцы – двор, сад, агарод…   
У свой час бацькі аддалі сваю сядзібу для яе сям’і, пабудаваўшы сабе ў двары невялікі домік. Цяпер Паліна Аляксандраўна – гаспадыня абодвух. Шчаслівая тым, што паставіла на ногі дзяцей. Марына працуе дзяжурнай па станцыі Малькавічы. Дзмітрый, як і дзядуля, працаваў на Люшчанскім лесапункце. Цяпер з жонкай-аднакласніцай асталяваліся ў агракамбінаце “Сноў” паблі-зу Нясвіжа.
– У час працы ў школе, у 1980-ыя, на летнія канікулы выязджала ў лагер “Бярозка” на Белае возера, – падводзіць вынік гутарцы суразмоўніца. – Адпачывала душой і целам у родных мясцінах, прыгадвала маленства, бадзёры настрой падтрымлівалі юныя выхаванцы. Цяпер радасць сэрцу дастаўляюць трое ўнукаў: дзеці сына – Валя і Толік,  дачкі – Іван…
Вялікая сядзіба размешчана на вуліцы Зылевіча – такая афіцыйная назва часткі Бастыні, што мясцовыя жыхары ведаюць як хутар Палетак. Непадалёк пражывае старэйшая сястра з сям’ёй сына, які працуе лесніком. Падалося, што на схіле год Паліна Аляксандраўна зноў апынулася ў асяроддзі, у нечым нагадваючым дзяцінства. Палетак знаходзіцца ў такім жа маляўнічым месцы, як былое Падбалота, хіба што на большай адлегласці ад возера Белае…
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть