НА СТАБІЛІЗАЦЫЮ І ПАЛЯПШЭННЕ АБСТАНОЎКІ

Дзяржаўныя и праваахоўныя органы рэгулярна праводзяць мэтанакіраваную работу па змягчэнню ўздзеяння негатыўных працэсаў на жыццё людзей, што дазваляе мабілізаваць дзейнасць сілавых структур на абарону правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржавы, спрыяць умацаванню законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна. Прааналізаваць стан злачыннасці за 2010 год на Лунінеччыне папрасілі пракурора раёна Віктара САВІЧА:

– Летась зарэгістравана 757 злачынстваў – амаль столькі ж, як і ў 2009-ым. Іх раскрывальнасць склала 75,8 працэнта, што вышэй за сярэднеабласны паказчык на 3,2 працэнта. Большасць адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх (62,1 працэнта). За мінулы год учынена 4 забойствы, павялічылася колькасць цяжкіх цялесных пакалечанняў, крадзяжоў з жыллёвых памяшканняў, злачынстваў на глебе сямейна-бытавых адносін.

Як сведчыць аналіз цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя, яны часцей адбываюцца ў сем’ях або сярод знаёмых паміж сабой асоб, з якімі раней або непасрэдна перад учыненнем злачынства распівалі гарачыцельныя напоі. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ёсць упушчэнні ў выяўленні і своечасовай пастаноўцы на прафілактычны ўлік градзян, якія злоўжываюць спіртным і схільны да гвалтоўных правапарушэнняў.

Асаблівую трывогу выклікае павелічэнне злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі (са 150 да 245), а таксама ў стане алкагольнага ап’янення (са 174 да 193). Гэта сведчыць аб недастатковым кантролі аддзела ўнутраных спраў за гэтай катэгорыяй грамадзян, іх бытавая неўладкаванасць і працоўная незанятасць. Рашэннем райвыканкама існуе бронь на 31 прадпрыемстве на 35 рабочых месцаў. Аднак праверкай устаноўлена, што 12 з іх заняты асобамі, якія не з’яўляюцца судзімымі.

На не належным узроўні ў РАУС наладжана работа па накіраванню хранічных алкаголікаў у ЛПП. Калі ў 2009 годзе на лячэнне накіравалі 34 чалавекі, то летась толькі 15. Неспрыяльная крымінагенная абстаноўка склалася ў Гарадоцкім, Вулькаўскім і Сінкевіцкім сельсаветах. Сельвыканкамы, за выключэннем Бастынскага і Лахвенскага, не праяўляюць ініцыятывы ў вырашэнні пытанняў аб абмежаванні ў дзеяздольнасці алкаголікаў, накіраванні іх на лячэнне, аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, пастаноўцы на прафілактычныя ўлікі ў РАУС і ўстанову аховы здароўя грамадзян з асацыяльнымі паводзінамі.

Барацьбе з карупцыяй надаецца недастаткова ўвагі. Па выніках праверак захавання антыкарупцыйнага заканадаўства пракуратурай унесена 3 прадстаўленні, вынесена 4 прадпісанні, 1 службовая асоба папярэджана, 9 прыцягнуты да дасцыплінарнай адказнасці.

За мінулы год на Лунінеччыне адбылося 95 пажараў, у якіх загінулі 12 чалавек. Суб’ектамі гаспадарання дапушчана 13 загаранняў з прычыненнем урону на 39 мільёнаў рублёў (у 2009 годзе адпаведна 4 пажары і 8,6 мільёна). За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі забаранялась эксплуатацыя 3 будынкаў, 18 памяшканняў і вытворчых участкаў, 24 печаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 59 кіраўнікоў, 89 службовых асоб і 263 грамадзяніна.

Па-ранейшаму не вырашана пытанне бяспечнага пражывання грамадзян дамах барачнага тыпу, у тым ліку тых, што знаходзяцца на балансе Мікашэвіцкай ЖКГ. У Люшчы ў адным з такіх дамоў жыве жанчына 1951 года нараджэння, якая злоўжывае спіртнымі напіткамі і неаднаразова дапускала загаранне кватэры, 4 разы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях інфармаваў аб гэтым у РАУС і прапанаваў паставіць кватэру на ўлік “з рэпутацыяй прытон” і сабраць матэрыял, каб накіраваць гаспадыню на лячэнне ад алкагалізму. Аднак, “воз и поныне там”.

Стан аховы працы і ўзровень вытворчага траўматызму характарызуецца ростам колькасці зарэгістраваных выпадкаў з 12 да 15 і зніжэннем гібелі людзей з 4 да 1. На ААТ “Палессеэлектрамаш” пры правядзенні работ быў траўміраваны грузчык. Ён звярнуўся за дапамогай у медыцынскі пункт прадпрыемства, аднак медработнік не прыняў меры па больш поўнаму абследаванню пацярпеўшага. Па заканчэнні работы, з дому мужчына быў дастаўлены бальніцу, дзе памёр пасля аперацыі.

З цяжкім зыходам дапушчаны факты траўміравання работнікаў на ААТ “Спецжалезабетон”, РУВП “Граніт”, філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Для паляпшэння стану аховы працы неабходна павысіць працоўную дысцыпліну, наладзіць сістэмны кантроль і бездакорнае выкананне бяспечных умоў.

Аналіз работы праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, стан законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна сведчаць аб неабходнасці прыняцця скардыянаваных мер, накіраваных на стабілізацыю і паляпшэнне абстаноўкі ў пытаннях законнасці і аховы правапарадку.

Запісала Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть