“НАРОД, ИЗДРЕВЛЕ НАМ РОДНОЙ…”

Выдатнае вызначэнне беларусам даў А.С. Пушкін! Вялікі рускі пісьменнік и цяпер выклікае прагу больш глыбокага вывучэння творчай спадчыны. На сёлетняй навукова-даследчай канферэнцыі школьнікаў цікава было пазнаёміцца з даследаваннем яго твора “Аповесці Белкіна”. Вучні прааналізавалі і лірыку І.А Буніна – першага ў сферы літаратуры нобелеўскага лаўрэата з Расіі. А лепшай прызнана праца аб семантыцы рускіх і беларускіх загадак пра жывёлы. Яе навуковым кіраўніком была настаўнік ліцэя Наталля Мікалаеўна КЛІМАЧОВА.
– Выбар тэмы выкліканы тым, што выкладаеце рускую мову і літаратуру?
– Не толькі. У маёй сям’і, як і ў многіх, цесна перапляліся сямейныя міжнацыянальныя сувязі. Я – беларуска, муж – рускі, таму вельмі хочацца шукаць прыклады агульнасці, у тым ліку моўнай, двух народаў.
– Звернемся да працы. Ці ёсць такія загадкі, дзе пабудова, парадак слоў і значэнне якіх у дзвюх мовах цалкам супадаюць, як і пераклад?
– Калі ласка. Па-беларуску: “пад соснамі, пад ёлкамі ляжыць клубок з іголкамі”, па-руску: “под соснами, под елками лежит клубок с иголками”. Гэта, вядома, ёжык. А вось – загадка пра карову: “пасярод двара стаіць капна, спераду вілы, ззаду мятла”, ці “среди двора стоит копна, спереди вилы, сзади метла”. Гэта своеасаблівыя калькі. Складана вызначыць, якая мова паслужыла ўзорам. Не займаліся спецыяльна пошукам адпаведнасцей.
– У чым яшчэ заўважана падабенства загадак?
– У частотнасці семантычных прыкмет. На першым месцы па ўжыванню знаходзіцца знешні выгляд жывёлы: памер, форма, афарбоўка, наяўнасць асобных часцей цела. Напрыклад, пра рака: “ног многа, вусы доўгія, а хвосцікам пахліпвае” і пра свінню: “хвост крючком, рыло пятачком, в два ряда пуговицы”. Часта ўказваюцца павадкі жывёл. Так характарызуецца і заяц: “на гару бягом, з гары кувырком”, і верабей: “птичка-невеличка ножки имеет, а ходить не умеет, хочет сделать прыжок – получается шажок”.
– Ці ўдалося вызначыць адрозненні?
– Толькі ў загадках пра месца прабывання, якіх у беларускіх – 33 працэнты, у рускіх – 17, і падабенства з іншымі жывёламі – адпаведна 37 і 13. Упэўніваемся ў гэтым на шэрагу прыкладаў, у тым ліку – пра саву: “плача, як дзіця, а жыве ў лесе” і пра куліка: “в болоте плачет, а из болота не идет”.
– Якія загадкі можна лічыць рэдкімі?
– Нячаста адзначаюцца гукі жывёл, напрыклад: пра жука – “лячыць – вуржыць” ці пра квактуху – “квохчет, квохчет, детей созывает, всех под крылья собирает”. Няшмат – з апісаннем ежы звяроў і птушак ці сезонных змяненняў. 
– Што, па-вашаму, з’яўляецца найбольш важнай прыкметай загадак? 
– Алегарычнасць. Напрыклад, “корова комола, лоб широк, глаза узеньки, в стаде не пасется и в руки не дается». Аказваецца, у Сібіры мядзведзя называлі быком, а мядзведзіцу – каровай. Магчыма, гэта іншасказанне нам зразумець складана, але алегорыя ўтрымліваецца і ў беларускіх загадках, якія падобны на рускія. Вось прыклад: “прыйшла кракота пад новыя вароты, пытае ў лапэты: ці дома панура?” і “пришла темнота под наши ворота, пытает ляпоту, чи дома понура?”. Ці здагадаліся, якія жывёлы маюцца на ўвазе?
– Складана адказаць…
– Першае – гэта воўк. Слова “кракота” сугучна з пачаткам слова “красці”, а “темнота” дазваляе ўявіць і афарбоўку, і небяспеку, якую нагадвае паяўленне ваўка. Ад слова “лаяць” (па-руску) утвораны “лапэта” і “ляпота” – гэта сабака. “Панура” (“понура”) азначае апушчаную галаву, што характэрна для свінні.
– Гэта няпростыя загадкі і для дарослых, а іх вывучэннем заняліся дзеці!
– У спецыяльнай літаратуры не сустрэлі аналізу, таму вырашылі правесці супараўнане на семантычным узроўні. Вылучылі гіпотэзу, што паміж беларускімі і рускімі загадкамі значна больш падабенства, чым адрозненняў, і даказалі яе.
– Можна лічыць, што вам удалося ўнесці свой маленькі ўклад у гуманітарную складаемую саюзнай дзяржавы. Застаецца толькі падзякаваць. 
Гутарыла Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть