НАСУСТРАЧ ВЫБАРАМ

Перадвыбарная кампанія набірае абароты. 15 сакавіка завяршылася падача дакументаў на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў. У вызначаны тэрмін пройдзе праверка сапраўднасці прадастаўленых звестак, і да 25 сакавіка рэгістрацыя будзе закончана. Больш падрабязна аб ходзе падрыхтоўкі да правядзення выбараў у мясцовыя Саветы расказвае старшыня раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Віктар РАФАЛОВІЧ:
– На Лунінеччыне ўтвораны 183 выбарчыя акругі. У раённую тэрытарыяльную выбарчую камісію паступілі дакументы ад 192 чалавек. Дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты абласнога Савета падалі 5 чалавек на 3 выбарчыя акругі, раённага – 45 на 40 акруг, Мікашэвіцкага гарадскога – 16 на 15 акруг і сельскіх саветаў – 126 прэтэндэнтаў на 125 акруг. Вылучэнне ішло ў асноўным шляхам збору подпісаў. Больш як 30 чалавек вылучылі працоўныя калектывы. Адзначу невысокую актыўнасць палітычных партый. Свайго прадстаўніка ў мясцовых органах улады пажадала мець толькі раённая структура Камуністычнай партыі Беларусі. 
Амаль трэцяя частка ад агульнай колькасці ўсіх будучых прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты – жанчыны. Актыўна прадстаўлена інтэлігенцыя. Сярод патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты шмат прадстаўнікоў сацыяльнай сферы – адукацыі, аховы здароўя, гандлю і г.д. Дзяржаўныя структуры вылучылі 35 чалавек, 9 – праваахоўнікі і ваенізаваныя арганізацыі, 26 – прамысловасць, транспарт і сувязь, 40 – сельскагаспадрчыя калектывы. Ёсць нават двое часова непрацуючых.
Зараз сфарміраваны ўчастковыя выбарчыя камісіі, куды ўвайшлі кампетэнтныя, кваліфікаваныя людзі, для якіх галоўнае – захаванне законнасці ў ходзе правядзення перадвыбарнай кампаніі і саміх выбараў у мясцовыя Саветы. Члены камісій працуюць па ўчастках, удакладняючы спісы выбаршчыкаў. Як толькі будзе завершана гэтая работа, стане вядома, ці захаваўся парытэт мінулых год, калі на 50 працэнтаў гарадскіх жыхароў, якія маюць права голасу, прыходзілася прыкладна столькі ж вяскоўцаў.
Вызначана размяшчэнне ўчасткаў для галасавання. Ідзе актыўная работа па іх афармленню. Тут будуць створаны ўсе неабходныя ўмовы для свабоднага і бесперашкоднага волевыяўлення кожнага выбаршчыка. Мяркуецца, што дзень выбараў стане сапраўдным святам для жыхароў. Падтрымаць добры настрой дапамогуць святочны гандаль і канцэртна-забаўляльныя праграмы. 
Няма сумнення, што нашы жыхары разумеюць важнасць прадстаячай палітычнай кампаніі. Ад іх грамадзянскай пазіцыі залежыць, хто будзе абараняць іх інтарэсы ў мясцовых органах улады. Таму так важна, каб прыйшлі сюды кампетэнтныя, чэсныя, адкрытыя і адукаваныя людзі, якія жыццёвым вопытам і рэальнымі дасягненнямі даказалі сваю здольнасць прымаць мудрыя рашэнні. Кажучы іншымі словамі – людзі справы, здольныя шмат карыснага зрабіць і для раёна ў цэлым, і для кожнага яго жыхара паасобку.
Запісала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

  1. Добры артыкул.
    Спадзяюся, як дэпутат мясцовых Саветаў змагу удзельнічаць у прыняцці рашэнняў менавіта як адкрыты і кампетэнтны спецыяліст у галіне мясцовага кіравання і самакіравання. Тым болей, што час патрабуе маладых і актыўных спецыялістаў, здольных прыймаць менавіта мудрыя рашэнні.
    Сайт вельмі прыгожа выглядае.
    У добры шлях, Лунінецкія Навіны!

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть