НЕ БЫВАЕ ЧУЖЫХ БЕДАЎ

Прыкладна так можна ахарактарызаваць сутнасць праблем, з
якімі жыхары Лунінеччыны звярталіся да старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара
падчас прыёму, што на мінулым тыдні прайшоў у райвыканкаме.

Першым у кабінет завітаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны з
Азярніцы М.А. Ермаковіч. Мікалай Апанасавіч у чарговы раз звярнуў увагу ўлад на
добраўпарадкаванне цэнтра вёскі, неабходнасць рамонту пешаходнага мастка праз
Смердзь і пракладвання асфальтаванкі, якая магла б напрасткі злучыць Азярніцу з
Бродніцай. Праблемы нельга назваць надуманымі, але і першачарговымі іх лічыць
няварта. Цэнтр вёскі абсалютна не мае прыкмет недагледжанасці. Пэўныя агрэхі,
якія ўзнікаюць звычайна пасля непагадзі, аператыўна ліквідуюцца дарожнікамі.
Кладкай праз рэчку мясцовы люд звычайна карыстаецца, каб скараціць дарогу да
лесу. А што да асфальтавання, то сёлета не плануецца яно не толькі на названай
гравійнай дарозе (яе значэнне для мясцовых жыхароў таксама перабольшана), але і
на многіх вуліцах, у тым ліку ў райцэнтры.

А вось для жыхаркі Мікашэвіч адказ на зварот быў больш
абнадзейваючым. Жанчына скардзілася на дрэнны ўплыў высакавольтнай лініі
электраперадачы, якая прайшла праз участак у непасрэднай блізкасці ад дома.
Пацярпелымі лічаць сябе яшчэ 6 сем’яў. Менавіта таму вырашана вынесці
электрычныя апоры за межы сядзіб. Работы павінны быць выкананымі да канца
бягучага года.

Святло не ў канцы тунеля, а на адной з вуліц у Лунінцы
павінна паявіцца ўжо да 1 жніўня 2012 года. Менавіта з-за яго адсутнасці ледзь
не на 10 год расцягнулася ўзвядзенне тут новых прыватных дамоў. Канстанцін
Сумар быў непрыемна здзіўлены, што так доўга нельга было вырашыць радавую,
здавалася б, праблему.

Варта зазначыць, што далёка не ўсе скаржнікі змаглі пацвердзіць
абгрунтаванасць сваіх прэтэнзій. Пры будаўніцтве Лядовай арэны пры забіванні
сваяў пацярпеў адзін з суседніх дамоў: у некалькіх кватэрах абсыпалася
тынкоўка, сям-там паявіліся трэшчыны. Нягледзячы на тое, што спецыяльнай
эскпертызай устаноўлены хібы ў праекце дома, будаўнікі  за свой кошт арамантавалі ўсе кватэры і
пад’езды. І толькі адна з жыхарак засталася незадаволенай прапановамі майстроў.
Зрэшты, яе прэтэнзіі так і засталіся віртуальнымі. Нягледзячы на тое, што сям’і
прапаноўвалі на час рамонту іншае жыллё і нават давалі транспарт для перавозкі
рэчаў, пакоі ўладальнікі так і не вызвалілі. Тым не менш, ПМК-7 даручана
камісійна выявіць усе недахопы, задакументаваць іх і нарэшце ўхіліць.

Часцей радаваць балельшчыкаў выніковай гульнёй параіў
кіраўнік вобласці прадстаўніку футбольнага клуба “Граніт”, які скардзіўся на
недастатковае фінансаванне каманды. Каб своечасова выплачваць заработную плату
футбалістам, якія выйшлі з элітнага дывізіёну і гуляюць у першай лізе, вырашана
звярнуцца за фінансавай падтрымкай не толькі да РУВП “Граніт”, але і мясцовых
прадпрымальніцкіх структур, у прыватнасці – фермераў. А патрэбны для ўтрымання
каманды без уліку прэміяльных не такія і малыя сродкі – прыкладна 3,5 мільярда
рублёў на год.

Адразу некалькі чалавек звярнуліся да старшыні
аблвыканкама за садзеяннем у працаўладкаванні. Галаву мнагадзетнай сям’і
турбавала праблема прыпынення фінансавання будаўніцтва дома. Нягледзячы на
некаторыя складанасці, сям’і, у якой гадуюцца чацвёра дзяцей, абяцана дапамога.

Многія з пытанняў, з якімі звярталіся людзі да
губернатара, маглі падацца дробязнымі, але так кіраўнік вобласці не лічыць.
Менавіта таму да кожнага з запытаў ставіўся уважліва. Задаволенай вырашэннем
праблемы засталася жыхарка Сінкевіч, якая 33 гады адпрацавала ў тагачасным
калгасе “40 год Кастрычніка”. Грунтуючыся на тым, што яна па ўласным жаданні
звольнілася з працы, дачасна выйшаўша на пенсію, у СП “Аграграніт”, які
з’яўляецца правапераемнікам калгаса, адмаўляюць у карыстанні некаторымі
льготамі , што маюць былыя калгаснікі. Але справядлівасць, трэба думаць, будзе
адноўлена. Каменціруючы шляхі вырашэння праблемы, Канстанцін Аднрэевіч
адзначыў, што вырашаць падобныя пытанні варта, паставіўшы сябе на месца людзей.
Адпаведна і адносіцца да чужых бедаў трэба, як да сваіх.

У той жа дзень у зале гарадскога Дома культуры прайшла
сустрэча старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара з насельніцтвам. Звяртаючыся
да сабраўшыхся, кіраўнік вобласці запрасіў іх да адкрытага дыялогу, які
распачаў сам. Перш-наперш, адзначыў, што на Брэстчыне шмат зроблена, каб
пераадолець наступствы эканамічнага спаду. Але яшчэ больш трэба зрабіць.

У якасці прыярытэтных напрамкаў дзейнасці былі названы
мадэрнізацыя эканомікі; актывізацыя работы па прыцягненню інвестыцый;
забеспячэнне росту даходаў насельніцтва, увязанага з ростам прадукцыйнасці
працы; далейшае ўмацаванне рубля і эфектыўнасці кіравання эканомікай;
нарошчванне экспарту і імпартазамешчэння; развіццё навукі і інавацый;
павелічэнне аб’ёмаў выпуску прамысловай і сельгаспрадукцыі; паляпшэнне
эфектыўнасці жыллёвай палітыкі.

Сёння эканоміка працуе нармальна. Назіраецца рост
фінансавых паказчыкаў. Прафіцыт абласнога бюджэту склаў 570 мільярдаў рублёў.
Дасягнута станоўчае сальда знешнегандлёвага абароту. Сярэдняя заработная плата
складае 2 мільёны 820 тысяч рублёў, а да канца года павінна вырасці да 3
мільёнаў 670 тысяч. Ёсць усе шанцы выйсці на ўзровень, эквівалентны 500 доларам
ЗША .

У вобласці паспяхова забяспечваюцца ўсе сацыяльна важныя
расходы. Станоўча ўплывае на гэта стабільная работа большасці прамысловых і
сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, у тым ліку і лунінецкіх.

Адначасова Канстанцін Сумар выказаў незадаволенасць
работай будаўнічага комплексу. Пацверджаннем з’яўляюцца тэмпы, якімі ў горадзе
ўзводзіцца гасцініца. На гэтыя мэты прадугледжана 10 мільярдаў рублёў, асвоена
пакуль толькі 3 мільярды. Тым не менш, падкрэсліў Канстанцін Андрэевіч,
гасцініца павінна ўвайсці ў строй па плану – у лістападзе гэтага года.

Спыніўся кіраўнік вобласці на жыллёвым будаўніцтве,
адзначыўшы, што дзяржаўная палітыка ў гэтай сферы ўдасканальваецца. Тым не
менш, прагучала цвёрдая перакананасць, што забудоўшчыкам, якія афармлялі
дакументы на крэдыты па старых правілах да ўступлення ў сілу агульнавядомага
Указа №13, будзе дадзена магчымасць узводзіць жыллё на ранейшых умовах.
Праблема гэтая дастаткова сур’ёзная, а таму будзе вырашацца паэтапна.

 Адначасова была
звернута ўвага на неабходнасць распачынання рамонту блочных дамоў, узведзеных у
Мікашэвічах у першыя гады існавання “Граніта”. “Штогод мы павінны капітальна
рамантаваць па 2-3 такія дамы.  Тое ж
датычыць і добраўпарадкавання вуліц у Мікашэвічах і Лунінцы. Работу гэтую
закідваць нельга”, – падкрэсліў К.А. Сумар.

У звароце была закранута і праблема камунальных плацяжоў.
Як вядома , сёння карыстальнікі выгод аплочваюць прыкладна 17 працэнтаў ад іх
рэальнага кошту, хаця папярэдне планавалася, што гэтая лічба дасягне 32
працэнтаў. Сёлета зноў закладзена вяртанне расходаў камунальнікаў у межах 30-32
працэнтаў. Недастаючая сума па-ранейшаму будзе пагашацца з бюджэту.

Пасля гэтага Канстанцін Андрэевіч перайшоў да аналізу
работы народнагаспадарчага комплексу раёна, заўважыўшы, што тут бачны істотныя
станоўчыя зрухі. У аграпрамысловым комплексе складана вызначыць па-сапраўднаму
моцныя гаспадаркі, хаця работа СВК “Вулькаўскі світанак”, “Новае Палессе”,
“Гарадоцкі” у некаторых напрамках годная пераймання. Але ж па-ранейшаму на
Лунінеччыне ёсць і эканамічна слабыя гаспадаркі, дзе невысокія прывагі і надоі.
Менавіта яны цягнуць раён уніз абласной зводкі. Адначасова прамоўца яшчэ раз
падкрэсліў неабходнасць навядзення парадку на землях, для чаго, перш-наперш,
трэба правесці дакладную і прынцыповую іх інвентарызацыю.

Што датычыць прамысловага комплексу, то кіраўнік вобласці
спыніўся на праблемах “Граніта”, “Палессеэлектрамаша”, рамонтна-механічнага
завода, ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Апошняе прадпрыемства, па меркаванню
Канстанціна Андрэевіча, павінна выйсці на бясстратную работу не за кошт
узвінчвання цэн на прадукцыю, а за кошт пашырэння яе асартыменту.

Характарызуючы работу сацыяльнай сферы, Канстанцін Сумар
выказаў задаволенасць станам школ раёна і работай педагагічных калектываў.
Адначасова прагучаў папрок у адрас культработнікаў, асабліва вясковых клубаў,
якія не заўсёды могуць задаволіць зместам і насычанасцю прапаноўваемых паслуг,
а таксама ўмовамі знаходжання там людзей.

У ходзе выступлення прагучала ўпэўненасць, што ўсе
дзяржаўныя сацыяльныя праграмы будуць абавязкова выкананы.

Пытанняў з залы было няшмат, аднак удзячнасць
земляку-губернатару за падтрымку прагучала. У адказ Канстанцін Андрэевіч
адзначыў, што для яго аднолькава неабыякавы любы рэгіён Брэстчыны, але для
Лунінеччыны з боку абласных улад і сапраўды шмат робіцца, каб тут камфортней
жылося людзям.

Размова з землякамі працягвалася на вуліцы пасля
завяршэння сустрэчы.

 Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть