“НЕ СМЕЙЦЕ ЗАБЫВАТЬ УЧИТЕЛЕЙ!”

18 красавіка – Міжнародны дзень памятных і гістарычных мясцін

 

Безумоўна, усведамляю: адметная дата вызначана ў календары ААН, каб прыцягнуць увагу да захавання помнікаў, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць.

Мае ж нататкі датычаць не столькі матэрыяльнай, колькі маральнай спадчыны. Адношу да іх сціплыя надмагільныя помнікі, якія, тым не менш, у душах людзей маюць вялікае значэнне. Думаю, што кожны клапоціцца пра месцы пахавання родных. Мяне хвалюе і стан апошняга прытулку былых настаўнікаў.

Шаноўныя лунінчане! Прыгадайце педагогаў, якія кожнага з вас “выводзілі ў людзі”. Спіс з указаннем 30-ці прозвішчаў настаўнікаў, у каго не было сям’і ці сваякі знаходзяцца за межамі нашага раёна, перададзены ў школы. Спадзяюся, адміністрацыі ўстаноў адукацыі здолеюць арганізаваць работы на магілах: па магчымасці прыбяруць зімовае смецце, падсыплюць пяском, пафарбуюць.

З такой жа просьбай дазвольце звярнуцца да цяперашніх настаўнікаў. Калі будзеце на могілках, наведайце месцы пахавання былых калег. Магчыма, іх магілы таксама патрабуюць прыкладання вашых рук.

У нас ёсць пэўны вопыт такой работы, за што неабходна падзякаваць неабыякавым людзям. Магілы педагогаў папярэдніх пакаленняў даглядаюць сучаснікі: Ірына Уладзіміраўна Пахолак (СШ №1), Георгій Міхайлавіч Паграбенны (СШ №2), Лідзія Уладзіміраўна Барадзінская (СШ №3).

Ветэранская арганізацыя ўзяла на сябе клопат аб месцах пахавання педагогаў Лунінецкай рускай рэальнай гімназіі – Мікалая Мікалаевіча Царэўскага і Алены Віктараўны Кірыевіч, СШ №№ 2 і 1 – Георгія Сцяпанавіча Ішчанкі і вячэрняй школы – Валянціны Юльеўны Валынец. На нашу просьбу адгукнуліся і работнікі камунальнай службы. Яны паабяцалі добраўпарадкаваць магілы настаўніка Лунінецкага народнага вучылішча Івана Іванавіча Палхоўскага і яго жонкі Надзеі Якаўлеўны, якія памерлі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Прашу чытачоў паведаміць аб іншых прыкладах добрых спраў у адносінах магіл педагогаў і падказаць, дзе яшчэ патрэбна прыкладанне сіл грамадскасці.

Свой зварот адрасую ўсім жыхарам гарадоў і вёсак. Прыклад увагі да пахаванняў настаўнікаў пакажыце сваім дзецям, каб яны таксама ўсвядомілі: ва ўсім свеце ўзровень цывілізаванасці грамадства вызначаецца па адносінах да могілак…

Наталля КАЗАНКОВА, старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть