НЕ ЎПУСЦІЦЬ СПРЫЯЛЬНЫ ЧАС

Халодная і мнагаводная вясна ўнесла свае карэктывы ў пачатак асноўнай хлебаробскай кампаніі – сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых. Нягледзячы на наяўнасць падрыхтаванай тэхнікі і гаруча-змазачных матэрыялаў большасць гаспадарак раёна першыя пасяўныя агрэгаты вывела на палеткі прыкладна на два тыдні пазней, чым летась. Не выключэнне і СВК “Гарадоцкі”, на палях якога пабывалі на другі дзень Вялікадня:

– Складаным выдаўся пачатак сяўбы. Нягледзячы на тое, што працую другі тыдзень, набраць належныя тэмпы работы ніяк не атрымліваецца. З-за моцнай вільготнасці глебы час ад часу даводзіцца пераязджаць з аднаго ўчастка на другі. Летась сяўбу яравых збожжавых распачыналі 11-га чысла. Правялі яе хутка і даволі лёгка. Сёлета наўрад ці так здолеем. З-за адсутнасці прыдатных плошчаў кіраўніцтва гаспадаркі ўжо зняло з пасяўной трактар МТЗ-222, “перакінуўшы” яго на ворыва глебы. Па гэтай жа прычыне даводзіцца шмат манеўраваць і мне, – дзеліцца “галоўны хлебароб” гаспадаркі Мікалай Боўбель, які ўпершыню вывеў на палеткі свой магутны “Джон-Дзір” з сеялкай 27 сакавіка і пасеяў ужо 220 гектараў яравога ячменю. – Каб паскорыць ход кампаніі пад збожжавыя і зернебабовыя культуры глебу падрыхтавалі яшчэ з восені. Своечасова пазнаёмілі нас з умовамі працоўнага спаборніцтва і з расцэнкамі. На пелеткі дастаўляецца гарачае харчаванне. Работа, заробкі і адносіны з боку кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі да нас, механізатараў, задавольваюць. Усяго пад яравую сяўбу ў гаспадарцы адведзена плошча 1703 гектары. На 840 – будуць размешчаны збожжавыя і зернебабовыя, 500 гектараў зойме кукуруза, 210 – бульба, 30 – кармавыя буракі. Астатняе – соя і пітомнікі для размнажэння бульбы. Галоўны аграном Сяргей Скіба запэўніў, што якасным насеннем гаспадарка як звычайна забяспечана на 100 працэнтаў. З гутанкаў правераныя гадамі трыцікале “карго”, пшаніца “ростань” і “імунк”, ячмень “талер”, люпін “ашчадны”, віка “удача”, авёс “стралец”, “багач” і “запавет”, гарох “чэрвеньскі”. Для закладкі трывалага падмурку будучага ўраджаю назапашана дастаткова арганікі і тукаў. Праўда, фосфарных і азотных мінеральных угнаенняў яшчэ не хапае для поўнай падкормкі сенажацяў і пашы. Усяго на пасяўной у “Гарадоцкім” задзейнічана 17 чалавек. Працуюць яны на вывазцы і ўнясенні арганікі і тукаў, на падвозцы насення, пратручванні зерня… Як адзначыў старшыня гаспадаркі Сяргей Чырэц, на іх – асноўная надзея. Кожны з гэтых людзей сумленны і адказны. У цэлым жа гаспадарка адчувае недаход механізатарскіх кадраў. З 42 адзінак тэхнікі 13 – застаюцца без гаспадара, а за некаторымі трактарыстамі замацавана па 2-3 адзінкі. І гэта пры тым, што на тэрыторыі “Гарадоцкага” знаходзіцца больш як 500 двароў. Людзі чамусьці не надта рвуцца да работы на зямлі. Хаця перспектывы ў гаспадаркі нядрэнныя, толькі сёлета мяркуецца пабудаваць жывёлагадоўчы комплекс на 600 галоў, зернеачышчальна-сушыльны комплекс, агароднінасховішча на 1,5 тысячы тон, вядзецца будаўніцтва жылля. НА ЗДЫМКАХ: неаднаразовы пераможца рэспубліканскага, абласнога і раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых Мікалай Боўбель; мінулагодні пераможца рэспубліканскага спаборніцтва на адвозцы збожжа ад камбайнаў сярод маладых вадзіцеляў Іван Раковіч; звяно па вывазцы і ўнясенню арганікі (злева направа) Іван Грыцкевіч, Раман Кіслюк, Леанід Бірыла, Васіль Арашкевіч, Фёдар Грыневіч. Галіна КУЧЭЙКА. Фота аўтара.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть