НОВЫЯ ПРАВІЛЫ ВЯДЗЕННЯ БІЗНЕСУ

Апошнім часам паслядоўна рэалізоўваюцца меры па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці, ухіляюцца неабгрунтаваныя адміністрацыйныя бар’еры на шляху дзелавой ініцыятывы, а дзяржаўныя органы не так актыўна ўмешваюцца ў дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў. З канстатацыі гэтых фактаў пачалася нарада, якая адбылася ў панядзелак у актавай зале Дома Саветаў.

Галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Ірына Палуян спынілася на вядзенні гандлёвага рэестра, давяла інфармацыю аб аб’ектах раённай камунальнай уласнасці, якія прапаноўвюцца для продажу і арэнды. Важным у прадпрымальніцкай дзейнасці з’яўляюцца пытанні ліцэнзавання. Цяпер “іпэшнікам” не патрэбна ліцэнзія на рознічны гандаль, аднак на рэалізацыю тытунёвых і спіртаўтрымліваючых вырабаў наяўнасць гэтага дакумента абавязкова. Дзеля спрашчэння адміністрацыйных працэдур і рэалізацыі айчыннай прадукцыі на знешніх рынках сістэма пацвярджэння бяспекі і якасці харчовых прадуктаў стала простай і зручнай. На гэтым, а таксама на ўдасканальванні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства засяродзіла ўвагу загадчыца аддзела гігіены ДУ “Лунінецкі райЦГіЭ” Людміла Мароз. Аб тым, якія змяненні адбыліся ў падатковым заканадаўстве на гэты год у адносінах да дзейнасці ІП, праінфармаваў начальнік аддзела падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў інспекцыі МПЗ па Лунінецкім раёне Віктар Пауліч. Ён жа спыніўся на парадку і перавагах электроннага дэкларавання, на льготах па падаходным падатку, якія прадастаўляюцца па Дэкрэту №9 ад 20.12. 2007г. пры ажыццяўленні дзейнасці ў сельскай мясцовасці. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №477 ад 25.09. 2009 г. для рэалізацыі тавараў айчынных вытворцаў за межамі краіны індывідуальным прадпрымальнікам дастаткова заплаціць збор у памеры 35 тысяч рублёў. Па ходу выступленняў індывідуальныя прадпрымальнікі, а іх прысутнічала на пасяджэнні каля 80, задавалі пытанні, на якія тут жа атрымлівалі адказы. Многія з прадстаўнікоў прыватнага бізнесу спадзяюцца, што хутка будзе распрацаваны новы нарматыўны дакумент на падставе Дырэктывы №4, які дазволіць прыцягваць наёмных работнікаў пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть