ПА ВОЛІ ЛЁСУ

Падлетак з Вічына і мужчына з Любачына сустрэліся на дарозе ў Дварцы. Аднаго гэта прывяло на бальнічны ложак, другога – на лаву падсудных.

Апошні дзень студзеня нічога непрадбачнага не абяцаў. Адам Дашкевіч (імя і прозвішча тут і далей зменены – рэд.) прыехаў у райцэнтр, каб вырашыць асабістыя пытанні і прагуляцца па горадзе. Убачыў знаёмага з Кажан-Гарадка, разам адзначылі сустрэчу. Добра выпіўшы, Адам захацеў праводзіць таварыша да дому. Замест таго, каб сесці ў рэйсавы аўтобус да Любачына, адправіўся ў старажытнае мястэчка. Зрабіўшы круг, выйшаў у Вічыне і пешшу пайшоў дамоў…

17-гадовы Мікалай Янкевіч, як большасць юнакоў яго ўзросту, цікавіўся тэхнікай. У той дзень разам са знаёмым правяралі стан гатоўнасці да работы яго трактара. Калі сцямнела, выйшлі з мехдвара СВК “Дварэцкі” і накіраваліся па дамах у розных напрамках. Тут у поле зроку Мікалая трапіў мужчына, які ішоў па другім боку дарогі і курыў цыгарэту. Падышоўшы да яго, малады чалавек папрасіў:

– Дайце, калі ласка, закурыць…

– Зараз як дам… – пачулася ў адказ нецэнзурная лаянка.

Юнак адышоў у бок. Нечакана мужчына паклікаў яго. Той, абрадаўшыся, вярнуўся. І раптоўна атрымаў удар, потым яшчэ адзін… Раз’юшаны падлетак на сілу вырашыў адказаць сілай. Ад удара па галаве Адам упаў і страціў прытомнасць, але юнака складана было спыніць: ён пачаў біць нагамі ў жывот. Праз некаторы час адумаўся, паглядзеў пульс, упэўніўся, што ёсць дыханне, і спакойна пайшоў дадому.

Праз некаторы час Мікалай заўважыў, што загубіў мабільны тэлефон. Папрасіў сябра, што жыў па-суседству, каб пайшоў разам з ім і дапамог у пошуку. Па дарозе без асаблівых падрабязнасцей расказаў аб здарэнні. Загубленую рэч хутка знайшлі, а вось пацярпелага на месцы “разборкі” не аказалася…

Гаспадар дома, насупраць якога ўсё адбывалася, убачыў на абочыне дарогі мужчыну. Падумаўшы, што яго збіў аўтамабіль, патэлефанаваў участковаму. Тым часам Адам апрытомнеў і, ледзь трымаючыся на нагах, накіраваўся дадому. Па дарозе яго дагнаў участковы і спытаў, ці патрэбна медыцынская дапамога. Адмовіўшыся, мужчына папрасіў падвезці дадому. Толькі раніцай зразумеў, што выпрабовае моцны боль. Дыягназ, які паставілі медыкі, аказаўся нясуцяшальным, патрабавалася тэрміновая аперацыя. Невялікае прамаруджванне… і смерць не прымусіла б чакаць.

За нанясенне цяжкіх цялесных пакалечанняў у адносінах Янкевіча Мікалая ўзбудзілі крымінальную справу. Ён цалкам прызнаў сваю віну. Па прыгавору суда юнаку назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Бацька падлетка ў зале суда кампенсаваў маральны ўрон пацярпеламу ў памеры 500 тысяч рублёў. Але сямейны бюджэт патаннее яшчэ на 923 тысячы, якія неабходна заплаціць за знаходжанне Адама Дашкевіча ў бальніцы, і 338 тысяч – працэсульных выдаткаў.

Здаецца, трагічнага выпадка магло і не быць, каб не шкодныя звычкі. Адзін злоўжывае спіртным, другі не ўяўляе сябе без цыгарэт. На першы погляд можа падацца, што пакаранне даволі мягкае, улічваючы, што па гэтым артыкуле можна пазбавіцца волі тэрмінам на 8? год. Але назіраючы ў зале суда за пацярпелым і падсудным, больш шкадавання выклікаў апошні. Выхоўваючыся без маці, відавочна, ён выпрабоўваў недахоп пяшчоты і цеплыні. Аднак, гэта не перашкодзіла яму наведаць Адама Дашкевіча ў бальніцы, а пазней і дома. Апошні ж сваёй віны не бачыць. Хаця, калі разабрацца, ён сам справакаваў бойку, знаходзячыся ў стане ап’янення. “Наркоз” быў настолькі моцны, што боль адчуў толькі на наступны дзень. Але з цяжкасцю верыцца, што гэта стане ўрокам для 42-гадовага Адама, за якога вельмі хвалявалася маці.

Алена ДАНІЛОВІЧ. (па матэрыялах прадастаўленым старшынёй суда В.У. Бельскім)

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть