ПАМЯТАЕМ! ГАНАРЫМСЯ!

У ІМЯ АЙЧЫНЫ – ПЕРАМОГА!
У ІМЯ ТЫХ, ХТО ЖЫВЕ – ПЕРАМОГА!
У ІМЯ НАШЧАДКАЎ – ПЕРАМОГА
!
Мабыць, не існуе іншага свята, якое так адчувальна аб’ядноўвала б наш народ, як Дзень Вялікай Перамогі. Незвычайны гонар і вялікая радасць перапаўняюць сэрцы. Вельмі моцнае ў гэты дзень пачуццё асабістага дачынення да гэтай даты.
Мы нарадзіліся ў мірны пасляваенны час, не перажылі цяжкасцей і нягод ваеннага ліхалецця, не бачылі варожых бамбардзіровак, але ў кожнага з нас ёсць свой герой, свой абаронца – дзед, прадзед, бабуля, прабабуля… Яны ваявалі за нас, яны адстаялі родную зямлю. Дзякуючы ім мы жывем!
І галоўныя героі гэтага светлага дня, безумоўна, ветэраны. І хоць ім ужо за восемдзесят і здароўе часта падводзіць, яны стараюцца выйсці 9 Мая з дома, каб прыняць удзел у агульнай урачыстасці. І быццам адступае час, а вочы зноў іскрацца маладосцю.
На плошчы Леніна ўдзельнікаў вайны, партызанаў і працаўнікоў тыла сустракалі, як самых дарагіх і ганаровых гасцей, рассажвалі на размешчаныя крэслы. Побач размясціліся воіны гарнізона, школьнікі, працоўныя калектывы. У дзень Вялікай Перамогі і свята Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Флага Рэспублікі Беларусь горда развівалася ў паветры беларуская сімволіка, сцягі грамадскіх аб’яднанняў.
– Наша краіна адзначае самае вялікае свята, – звярнуўся да лунінчан старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. – Гэта дзень усеагульнага гонару, дзень заканчэння самай жорсткай вайны ў гісторыі, дзень славы! Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, урад, мясцовая ўлада разумеюць праблемы ветэранаў і надалей будуць падтрымліваць вас. Мы павінны захаваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць.
Цёплыя словы віншаванняў прагучалі ад ветэрана Паўла Акімавіча Дабрынца, дзесяцікласніцы СШ №4 Ірыны Адамовіч, выхаванцаў Цэнтра дзіцячай творчасці. На плошчу выбеглі юныя танцоры і закружыліся ў “Майскім вальсе”. Ляцелі ў блакітнае неба паветраныя шары, а дзеці з букетамі кветак накіраваліся да ветэранаў… Чаканілі крок па плошчы ваеннаслужачыя, прадстаўнікі Беларускіх саюзаў афіцэраў і ветэранаў вайны ў Афганістане, дакладна і зладжана ішлі строем акцябраты гарадскіх школ.
Урачысты мітынг на плошчы закончыўся. Святочныя калоны няспешна рушылі да абеліскаў загінуўшым пры вызваленні Лунінца. Радасцю са слязамі на вачах свяціліся твары ветэранаў, якія ішлі праз лікуючы “жывы калідор” ці назіралі за ўсім гэтым праз вокны аўтобуса, на якім іх падвезлі.
Памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця заплаціў за нашу свабоду, будзе жыць вечна. У гонар герояў гучалі залпы гармат, ускладзены на халодныя мармуровыя пліты кветкі, а людзі заміралі ў хвілінах маўчання…
Неўзабаве землякі разышліся. Адныя – дамоў, каб адзначыць дзень Перамогі за святочным сталом, іншыя – накіраваліся ў палаткі райспажыўтаварыства, адкуль даносіўся пах шашлыкоў. Ветэраны, атрымаўшы порцыю салдацкай кашы і “баявыя” сто грамаў, зноў пачалі ўспаміны. Юныя лунінчане з задавальненнем каталіся на надзіманых горках.
З-за раптоўна пачаўшагася дажджу канцэрт адбыўся не ў пазначаным у праграме месцы, а на плошчы Леніна. Разам з тым, гэта ніколькі не перашкодзіла сапраўдным аматарам народнай і эстраданай песні падтрымаць калектывы мастацкай самадзейнасці. А яшчэ лунінчане мелі магчымасць наведаць выставы дзіцячую “Салют Перамозе!”, майстроў народнай творчасці і фотамастакоў. Валанцёры інфармацыйнай палаткі Чырвонага Крыжа праводзілі шматлікія акцыі і аказвалі медыцынскую дапамогу.
Спартыўныя праграма сабрала на стадыёне “Палессе” тых, хто актыўна выступае за здаровы лад жыцця. У спаборніцтвах па дартсе перамог Іван Рашэцкі, у армрэстлінгу – Дзмітрый Насковіч, у гіравым спорце – Аляксандр Калянковіч, у шахматах – Барыс Грабяжоў, у шашках – Дзмітрый Жылко. У перацягванні каната не было роўных камандзе “Гудкі”. У міні-футбольным турніры першае месца занялі лунінскія спартсмены.
Да самага позняга вечара не сціхалі над горадам сучасная музыка і песні ваенных год, людзі віншавалі адзін аднаго з Днём Вялікай Перамогі. І дарослыя, і дзеці актыўна ўдзельнічалі ў акцыі-канцэрце кампаніі “Мабільныя ТэлеСістэмы” з удзелам спявачкі Улады і групы “Цяні-Талкай”. А роўна ў 23 гадзіны плошча Леніна азарылася святочным феерверкам – сімвалам міру і веры ў светлае будучае.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть