ПАРАЛОН: КАРЫСЦЬ КРАІНЕ, ГОРАДУ, ЛЮДЗЯМ

Апошнім часам у рэдакцыі газеты паступае шмат зваротаў жыхароў раёна наконт замежнага прадпрыемства, што ствараецца на плошчах ААТ “Палессеэлектрамаш”. Па нашай просьбе на пытанні чытачоў “ЛН” адказвае дырэктар ЗТАА “БелАрганіка” Юрый Канстанцінавіч ПЯТРЫНІЧ.
– Скажыце, калі ласка, чым будзе займацца прадпрыемства, якое выклікае такую цікавасць лунінчан? 
– Вытворчасцю мягкай поліурэтанавай пены, што запатрабавана дзяржаўнай праграмай імпартазамяшчэння. Паралон, які неабходны ў розных галінах прамысловасці, цяпер завозіцца з Польшчы ці Расіі. Толькі Брэстчыне гэта каштуе каля 300 тысяч еўра ў месяц, па Беларусі лічба, як мінімум, у 6 разоў вышэйшая. Вядомы ў Еўропе польскі холдынг “Арганіка” выступіў інвестарам новай для нашай краіны справы. Разглядаліся пляцоўкі ў розных абласцях. Нельга не быць задаволеным, што выбар спынілі на Брэстчыне.
– Вы – жыхар Пінска, дзе вас ведаюць па працы ў кіраўніцтве будаўнічых арганізацый, запалкавай фабрыкі, ААТ “Пінскдрэў”. Чаму вырашылі адкрыць новае прадпрыемства менавіта ў Лунінцы?
– У Лунінец нас запрасілі, зыходзячы з наяўнасці і свабодных вытворчых плошчаў на заводзе, і працоўных рэзерваў. Рашэнне райвыканкама было прынята 23 лютага 2009 года. Своечасова атрымалі экалагічныя ўмовы на праектаванне, заключэнне санітарнай службы, архітэктурна-планіровачнае заданне, дазвол Дзяржпрамнагляду, энергазберагаючых арганізацый, узгадненні абласных камітэтаў па працы, а таксама прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Хацеў бы дадаць, што праект ажыццяўляла вядомая з часоў СССР грунтоўнасцю і адказнасцю маскоўская арганізацыя ААТ “ГІПРАІВ”. Па яе праектах узводзіліся гіганты “вялікай хіміі” Беларусі, у ліку якіх “Нафтан”, “Лаўсан”, “Хімвалакно”.  
– Гараджане хвалююцца, што прадпрыемства хімічнай вытворчасці пагоршыць экалагічную абстаноўку ў Лунінцы.
– 23 снежня 2009 года выдадзена заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы на перапрафіляванне цэха гальванікі, які арандуем на заводзе, з абсталяваннем лініі па вытворчасці мягкай поліурэтанавай пены. Выкіды забруджваючых рэчываў у прыземным слоі атмасферы, згодна з разлікамі дзяржаўнай праграмы “Эколаг”, не перавысяць нормаў гранічна дапушчальных канцэнтрацый. Больш таго, у адрозненне ад гальванічнай вытворчасці наша абыходзіцца без сцёкаў, што будзе спрыяць паляпшэнню навакольнага асяроддзя. Шэраг адходаў, напрыклад, поліэтыленавую тару ці выкарыстаную крафт-паперу плануецца перапрацоўваць для атрымання другаснай сыравіны. 
– Існуе думка, што Еўропа пазбаўляецца ад прадпрыемстваў са шкоднай вытворчасцю, якія паступова перакачоўваюць на тэрыторыю краін СНД.
– Абвергну гэта памылковае меркаванне. У Еўропе шмат прадпрыемстваў такога кшталту. Толькі ў групе “Арганіка” наша таварыства – 11-ае, у тым ліку першае – у Беларусі. Раней, акрамя Польшчы, былі адкрыты вытворчасці ў Нідэрландах, Чэхіі, Босніі-Герцагавіне, Сербіі, Балгарыі, Украіне, Расіі.
– У якой стадыі цяпер знаходзіцца вытворчасць?
– Рыхтуемся да здачы аб’екта. Абсталяванне атрымана, зманціравана, праведзена яго апрабацыя. Не чакаў, што набор працаўнікоў выкліча такі, можна сказаць, ажыятажны попыт. На пачатковай стадыі абмежаваліся прыёмам на работу 17-ці чалавек, аддаючы перавагу кваліфікаваным электрыкам, аўтаматчыкам, тэхнолагам. З Польшчы і Чэхіі камандзіраваны спецыялісты, якія будуць навучаць лунінчан новым спецыяльнасцям. Тэхналогія дэталёва адпрацавана, яе ўкараненнем па еўрапейскіх стандартах займаецца вопытны тэхнічны дырэктар – таксама прадстаўнік “Арганікі” з краіны-заснавальніцы.
Да размовы далучыўся намеснік дырэктара ЗТАА”БелАрганіка” Анатоль Аляксандравіч МІСКАВЕЦ:
– Поліурэтан з’яўляецца ўспененым палімерам, які практычна не мае канкурэнтаў з боку сінтэтычных і натуральных матэрыялаў. Ён выкарыстоўваецца для вырабу мягкіх элементаў мэблі, аўтамабільных і авіяцыйных крэслаў, сядзенняў чыгуначных вагонаў, мяккіх цацак і іншых тавараў. Прадукцыя, якая будзем вырабляцца з паралону, – бясшкодная. Самы просты прыклад – губка, якой гаспадыні штодня мыюць посуд.
– Згадзіцеся, што адладжванне новай вытворчасці – працэс працаёмісты і рэдка абыходзіцца без збояў.
– Усведамляем складанасць новай справы, але запэўніваем лунінчан: калектыў прыкладзе максімум намаганняў, каб мінімізаваць выдаткі.
Гутарыла Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть