ПРОСТА МАРЫЯ

7 студзеня – Нараджэнне Хрыстова (па календары праваслаўнай канфесіі)

У пачатковых класах Лахвенскай СШ заканчваюцца ўрокі, але вучні не спяшаюцца разбягацца па дамах. Закідваюць пытаннямі настаўніцу:

– Марына Паўлаўна, а чаму…

Яна з усмешкай уважліва выслухоўвае самые неверагодныя звароты. Малодшыя школьнікі, якіх вучыць чытаць і пісаць, выклікаюць добрыя пачуцці. Праўда, іншы раз педагог шкадуе, што дзеці ХХІ стагоддзя – больш прагматычныя і рэалістычныя, чым у такім жа ўзросце час былі яна і яе равеснікі. Прыгадвае, як у дзяцінстве захаплялі калядныя, у нечым магічныя, дзеянні мамы. У святы вечар на стол клаўся шматок саломы, на якую ставіўся чугунок з куццёй – ячнай кашай, побач запальвалася свечка. Дзеці частаваліся блінамі і, адкрыўшы рот, сачылі за дарослымі, якія паўжартоўна-паўсёр’ёзна гадалі, убачыўшы нешта толькі ім зразумелае ў прыцягальным полымі з водарам воску… І ўсё ж настаўніца радуецца, калі дзеці затрымліваюцца пасля ўрокаў. Значыць, удалося пераканаць маленькіх скептыкаў, што Дзед Мароз – не толькі знаёмы дзядзька, які пераапрануўся, каб уручыць навагоднія падарункі. Адчувае неабходасць выклікаць цікаўнасць любімых “чамучак” і да іншых з’яў, якія ў яе дзяцінстве ўспрымаліся як безумоўны цуд. А вось многія ў думках пытанні педагога застаюцца без адказу. Бабулі і дзядулі расказвалі ўнучцы, якая працягнула род жыхароў Лахвы, аб старажытнасці і заможнасці малой радзімы. Сталеўшы, яна са шкадаваннем адзначала прыкметы заняпаду былога мястэчка. Хаця… Не адышла ў нябыт прыгажосць прыроды, занатаваная ў вечнасці аўтарам “Зямлі пад белымі крыламі”. І храм у гонар Нараджэння Багародзіцы другое стагоддзе захапляе жыхароў і гасцей Лахвы вытанчанасцю архітэктуры! Азарэнне прыйшло раптоўна. Тры гады таму ў Гомелі, дзе жыве сястра, наведала выставу вышытых ікон. Вярнуўшыся, купіла тканіну і ніткі. З хваляваннем прыступала да працы, якой не краналася са студэнцкіх часін, калі 10 год таму ў Мазырскім педінстытуце здала экзамен па вышыўцы. Але справа пайшла. І цяпер ужо каля 20-ці невялікіх карцін, створаных у тэхніцы крыжыка, часта экспануюцца на школьных выставах. – Першай была выява Барагодзіцы, – светла ўсміхаецца настаўніца. – Інакш і быць не магло. Хаця дзеці і калегі называюць іншым імем, у сапраўднасці мяне завуць Марыя… Як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, у даўнія часы, убачыўшы прыгажосць вёскі, хтосьці з замежнікаў усклікнуў: “Лафа!”, што значыць, цудоўна. Гэта і занатавалася ў назве сяла. Папярэднікі і паслядоўнікі Марыі Паўлаўны Канапацкай сваімі рукамі ствараюць хараство, якое выклікае такое ж шчырае пачуццё. У святыя калядныя дні верыцца, што ў Лахве будзе павялічвацца колькасць падстаў для захаплення…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть