ПРЫНЯСУЦЬ ПАКУПКІ РАДАСЦЬ

Пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрыты магазін тавараў паўсядзённага попыту ў Краснай Волі. Рамонт, які пачаўся напрыканцы мінулага года, непазнавальна змяніў гандлёвую кропку ў вёсцы.
Хаця вонкавыя работы яшчэ наперадзе, унутры ўсё ўражвае: сучаснае халадзільнае абсталяванне і вітрыны, багаты асартымент прадукцыі. Першых пакупнікоў віталі намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Ніна Некрашэвіч і дырэктар філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” Ніна Віцэнка. Калектыў прадаўцоў на чале з загадчыцай Надзеяй Насеня падрабязна расказвалі вяскоўцам аб новым метадзе самаабслугоўвання, месцах размяшчэння прамысловых і прадуктовых тавараў. Цікавіліся пакупнікі сельскагаспадарчым інвентаром, насеннем агародніны, саджанцамі руж, посудам, адзеннем.
Хутка Вялікдзень, таму многія гаспадыні з задавальненнем набывалі муку для кулічоў па таннейшай цане, ванілін, карыцу… Па заказах прывязуць торты і іншыя прысмакі.
Калектыў магазіна шчыра спадзяецца, што тавараабарот з месяца ў месяц будзе расці. На гэта настройвае падначаленых і старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар:
– Яго рост звычайна павялічваецца на 30-40 працэнтаў, што не можа не радаваць. Паколькі два магазіны сумясцілі, вызвалілася былое памяшканне гандлёвай кропкі. Яго пераўтворым у прыёма-нарыхтоўчы пункт.
Згодна з Дзяржаўнай праграмай развіцця і адраджэння вёскі, рамонтныя работы вядуцца ў аграгарадку Бастынь. Акрамя таго, поўная рэканструкцыя праводзіцца ў магазіне ў Бродніцы, змяненні чакаюць і “Харчтавары” ў Луніне. У райцэнтры на вуліцы Чырвоная будуецца самы сучасны універсам.
Разумею, што ідзем на пэўныя выдаткі, якія райспажыўтаварыству акупяцца праз некалькі год. Але наш калектыў усведамляе: гандаль на Лунінеччыне павінен адпавядаць сучаснаму імкліваму часу. Асабіста мне хочацца, каб сёння вясковыя магазіны выглядалі не горш за іншыя, каб за любым таварам не трэба было ехаць на рынкі ці ў гандлёвыя цэнтры вялікіх гарадоў, каб наш пакупнік меў багаты выбар і, вядома ж, такія магчымасці.
Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть