ПРЫСПЕШВАЕ ВЯСНА

За акном – сапраўдная зіма, а аграрнікі поўным ходам рыхтуюцца не толькі да веснавых палявых работ, але і да нарыхтоўкі кармоў, а таксама ўборкі ўраджаю-2011. Ход падрыхтоўкі быў разгледжаны на лютаўскм пасяджэнні райвыканкама, якое правёў яго старшыня В.М. Агіевіч.

Галоўны аграном райсельгасхарчу А.І. Краўцоў адзначыў, што сёлета азімыя пасеяны на плошчы ў 12,4 тысячы гектараў, што на 200 гектараў больш, чым у папярэднім годзе. Унесена неабходная коькасць тукаў і арганікі, праведзены неабходныя хімабаронныя мерапрыемствы. Папярэднія дадзеныя сведчаць пра тое, што перазімавалі пасевы нядрэнна.

Сяўбу яравых трэба будзе правесці на плошчы ў 23,4 тысячы гектараў. Прыкметна павялічаны плошчы пад кукурузай на зерне. Галоўны аграном запэўніў, што ў раёне ёсць неабходная колькасць насення не толькі збожжавых і зернебабовых, але і шматгадовых траў. Акрамя гэтага, распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне ўрадлівасці глебы. Назапашана неабходная колькасць арганічных угнаенняў. Адначасова самая пільная ўвага была звернута на актывізацыю іх вывазкі на палі. Марознае надвор’е стварыла найбольш спрыяльныя для гэтага ўмовы. Больш патрабавальна варта ставіцца да гэтай справы не толькі ў сельгаскааператывах, але і ў райаграсервісе, чые механізаваныя атрады павінны выконваць львіную частку работ па вывазцы арганікі.

Не абыйшлі ўвагай і стан гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі. На канец лютага яна склала амаль 93 працэнты. В.М. Агіевіч падкрэсліў, што забяпечанасць тэхнікай на Лунінеччыне добрая. Ёсць усе перадумовы для таго, каб пасяўную кампанію правесці хутка і якасна.

 

НЕ БЫВАЮЦЬ НІЧЫЙНЫМІ ДЗЕЦІ

нават калі яны выхоўваюцца ў дзяржаўных установах. Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, сродкі на іх утрыманне вылічваюцца з бацькоў, якія падлягаюць абавязковаму працаўладкаванню. Як з гэтым абстаяць справы на Лунінеччыне?

Паводле слоў загадчыка сектара аховы дзяцінства раа Т.А. Шандарэўскай, летась працэнт вяртання сродкаў, затрачаных дзяржавай на выхаванне сацыяльных сірот, склаў 54,8 працэнта, што амаль на 10 працэнтаў вышэй паказчыка папярэдняга года. Аднак праблемы застаюцца. Звязаны яны, як правіла, з нежаданнем некаторых так званых абавязаных асоб належным чынам выконваць працоўныя абавязкі. Пэўным чынам уплывае на гэта адсутнасць кантролю з боку наймальнікаў і міліцыі. На лічбе запазыкі, а яна ўнушальная, адмоўным чынам адбіваецца і тое, што заробак у бацькоў, якія выплачваюць сродкі на ўтрыманне сваіх дзяцей, у пераважнай большасці выпадкаў невысокі.

Станоўчую адзнаку сістэме работы з абавязанымі асобамі даў пракурор раёна В.В. Савіч. А старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч запатрабаваў прынцыпова ставіцца да тых, хто не жадае працаваць і клапаціцца пра ўласных дзяцей, прымяняючы да гора-бацькоў не толькі прэвентыўныя, але і больш кардынальныя меры ўздзеяння – ад арышту на 15 сутак да змяшчэння ва ўстановы лячэбна-прафілактычнага характару.

 

АБАРАНІЦЬ РАЁН АД ПАЖАРАЎ

Такая няпростая задача стаіць перад раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, уладамі і грамадскасцю. З наступленнем пажаранебяспечнага перыяду ўвага да гэтага будзе яшчэ больш пільнай.

Начальнік РАНС М.У. Арашкевіч расказаў, якім чынам мяркуецца сёлета папярэджваць узгаранні і змагацца з пажарамі. Да ўвагі членаў райвыканкама быў прадстаўлены план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да пажаранебяспечнага перыяду, прыцягнення сіл і сродкаў на тушэнне лясных і тарфяных пажараў.

Вырашана актывізаваць прафілактычную работу, захаваўшы практыку правядзення агульных сходаў у вёсках, дзе дэманстраваць фота-і відэасведчанні жудасных вынікаў бяды, яую нясе з сабою агонь.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть