Па галоўнай вуліцы – з АРКЕСТРАМ

у калоне лакаматыўнага дэпо, якая ў святочныя ўрачыстасці дружнымі радамі выходзіць на цэнтральную плошчу, крочыць і Адам АРАШКЕВІЧ. 
Ён па праву можа знаходзіцца і сярод ветэранаў вайны, да якіх прыроўнены работнікі прыфрантавых чыгунак, але выбірае свой былы працоўны калектыў. І здзіўленне выклікае не столькі гэты факт, колькі ўзрост паважанага лунінчаніна – Адаму Аляксеевічу ідзе 92-гі год.
Ураджэнец Дрэбска чыгункай захапіўся з дзяцінства. Бацькоўскі дом стаяў непадалёку ад сталёвых магістраляў. Хлопчык выбягаў на кожны свісток паравоза. З зайздрасцю праводзіў позіркам жалезнага “каня” і ішоў займацца гаспадаркай. Пасталеўшы, уладкаваўся на фанерны завод у Мікашэвічы… Яму было 19, калі “прыйшлі Саветы”. Недасягальная мара нечакана набыла канкрэтнае аблічча.
– Паглядзіце маю працоўную кніжку, – з гонарам адзначае Адам Аляксеевіч. – З пачаткам вайны архіў прадпрыемства эвакуіравалі ў Расію, а пасля вызвалення нашы дакументы вярнуліся…
Першы запіс занатаваў, што 10 лютага 1940-га прыняты рабочым у паравознае дэпо. Ужо ў ліпені юнака павысілі да памочніка качагара, а ў лістападзе прызначылі памочнікам машыніста. Шчаслівы вясковец у складзе брыгады рухаўся з паравозамі яшчэ па вузкай “польскай каляі”. Не палохалі ні фізічнае напружанне, ні зменны графік з бяссоннымі начамі. Перажываў толькі за дзяўчат, якіх прыслалі на практыку з Брэсцкага чыгуначнага вучылішча. 
– Тры нашы зямлячкі вырашылі стаць памочнікамі машыністаў, – усміхаецца ветэран. – Марыя Кацуба з Дзятлавіч, Надзея Патурай з Любажэрдзя і адна лунінчанка. Памятаю, што жыла на Пясках, а вось прозвішча забыўся… Выдалі ім абмундзіраванне, ватныя штаны, зімовы абутак, а памеры – мужчынскія. Залазяць дзеўкі на тэндар, а тыя валёнкі з ног у снег спадаюць…
Чэрвеньскай нядзельнай ноччу 1941-га лунінецкая брыгада была накіравана ў чарговы рэйс. На досвітку спыніліся ў Кобрыне. Свішча, свішча паравоз – семафор не адкрываюць. Нарэшце падбег стрэлачнік. Пытанні лунін-чан пераадрасаваў дзяжурнаму механіку. Той сумна паведаміў: вайна пачалася…
– Нас заправілі вугалем і вадой і накіравалі назад, – з болем даюцца словы ветэрану. – У Янаве прычапілі 16 вагонаў з пасажырамі, пераважна яўрэямі, якіх трэба было эвакуіраваць. Загадалі Лунінец праехаць з ходу, дакладна вызначыўшы, што чыгуначны вузел будзе мэтай налётаў нямецкай авіяцыі. Чарговы прыпынак належала зрабіць у Лахве. Набліжаючыся да Лобчы, убачылі 16 самалётаў з чорнымі крыжамі на крылах…
У Лахве дагрузілі вугалю і забяспечылі вадой. Над Сінкевічамі зноў убачылі нямецкія самалёты. Па іх з Прыпяці сталі страляць маракі – самалёты змянілі напрамак на Грычын… Эшалон, не спыняючыся, завяршыў рэйс у Жыткавічах. Зноў папоўнілі запасы вугалю і вады і накіравалі ў Калінкавічы. Толькі тут паравознікам, не спаўшым двое сутак, дазволілі адпачыць. 
– Машыніст так і ўпаў на рэверс, – успамінае Адам Аляксеевіч. – Я кінуў пад галаву “канцы”, што паравоз абціраем, і прытуліўся на скрынку – наша звычайнае “крэсла”. Раніцай у кабіну каменем пастукаў дзяжурны: на Лунінец тэрмінова патрэбен паравоз. Накіраваліся ў зваротны рэйс. Тут памяняліся.
Вярнуўшыся ў інтэрнат, крыху памыўся, сабраў рэчы ў чамадан, але стомленасць узяла сваё… Прачнуўся ад страшнага грукату. Здагадаўся: чарговая бамбёжка… Нацягнуў шынель, захапіў процівагаз і пабег у дэпо.
Дзверы ў кабінет дзяжурнага былі расчынены. Раскіданыя па стале і падлозе паперы, разбіты тэлефон – усё сведчыла аб па-нічных уцёках. Не знайшоўшы нікога, хто мог бы патлумачыць сітуацыю, Адам вярнуўся на станцыю. Дагэтуль у памяці жудасная карціна наступстваў бамбёжкі. З боку Украіны якраз прыбыў эшалон з кавалерыяй. Салдаты пабеглі за вадой для коней, але наляцелі варожыя самалёты. Перон быў літаральна засыпаны параненымі і забітымі, валяліся брызентавыя вёдры, страшна ржалі пацярпеўшыя ад асколкаў коні…
Апантаны адной думкай: тэр- мінова дамоў (быццам родныя сцены маглі абараніць ад небяспекі?!), збочыў на Залессе. Спачатку хацеў удакладніць, што здарылася з дзяўчатамі, сярод якіх асабліва трывожыўся за адну… Разгубленыя чыгуначніцы сядзелі на кватэры, якую здымалі. Адам пераканаў, што неадкладна трэба вяртацца да родных. Развіта-ліся. Праз Любажэрдзе дайшоў да Ракітна, праз Малады лес, полем, пакрочыў на Кажан-Гарадок. Раптам з альховага лесу выйшаў чырвонаармеец:
– Стой! Куды ідзеш?
– Дамоў!
Салдат загадаў ісці за ім. Пад дубам на траве спалі чырвонаармейцы. Камандзір папрасіў правесці да Лахвы, дзе спадзяваліся на падмацаванне, што падыдзе па чыгунцы. Па жыце дайшлі да Цны. Адам прапанаваў камандзіру:
– Мой дом побач. Няхай хлопцы памыюцца, а мы зойдзем…
Суразмоўца змахнуў слязінку і перадыхнуў:
– І дагэтуль памятаю водар хлеба – мама якраз вынула з печы. Убачыла мяне, кінулася на грудзі: сынок! Нават няёмка стала. А камандзір ціха супакоіў: мне зразумелы пачуцці маці, у самога жонка і двое дзяцей у Брэсце засталіся…
З хлебам і благаславеннем салдаты рушылі за Адамам, які вывеў іх на чыгунку і паказаў напрамак Лахвы…
Старэйшы сын Арашкевічаў, Пётр, быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію ў 1940-ым (з фронту вярнуўся з Перамогай). Адам клапаціўся аб пажылых бацьках. Каб пазбегнуць прымусовага вывазу ў Нямеччыну (акупанты аддавалі перавагу моладзі перад сем’ямі), узяў шлюб з дзятлаўчанкай, з якой пазнаёміла чыгунка…
Пасля вызвалення – з 22 ліпеня 1944-га – зноў вярнуўся ў дэпо. Быў памочнікам у вядомага тагачаснага машыніста Мікалая Паўлавіча Савачкіна, затым сам 20 год кіраваў паравозам. Цяжкасці працы адбіліся на здароўі. Выйшаўшы на пенсію, перанёс некалькі аперацый.
– На жаль, жонка памерла больш як 30 год таму, – дзеліцца болем душы ветэран прыфрантавых чыгунак. – Потым і другую пахаваў… Не адчуваць, што застаўся адзін, дапамагаюць дочкі. Кожны ранак тэлефануюць. Прыносяць смачную ежу. Ні дзеці, ні ўнукі не пайшлі на чыгунку. Калі прапаноўваў, адказвалі: цябе не бачылі за пастаяннымі рэйсамі… Не магу сказаць, што маюць больш спакойнае жыццё, але гэта іх выбар.
Адам Аляксеевіч застаўся адданым чыгунцы. Яго пяціпавярхоўка размешчана насупраць вакзала. Ва ўспаміны маладосці вяртаюць гудкі лакаматываў. Ба-дзёрасці настрою дадаюць святы, калі ветэран вайны крочыць у адным страі з цяперашнімі чыгуначнікамі – калектыў дэпо дагэтуль лічыць родным.
Аляксандр МАТОР, старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо  Лунінец.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть