РАСЧАРАВАЎ ЧЭРВЕНЬ УЛОВАМ

З асаблівым нецярпеннем чакалі адкрыцця сезона рыбаловы-аматары. Хацелася як мага хутчэй выехаць на ўлонне прыроды, з трапяткім хваляваннем сустрэць досвітак на беразе Прыпяці ці на малых рэках і вадасховішчах. І, зразумела, удала аблавіць клёвыя месцы мінулага года. 
Калі летась у першы ж дзень многія вярнуліся дамоў з багатымі ўловамі, то сёлетнія спадзяванні  на трафеі, а значыць і на наварыстую юшку, праваліліся поўнасцю. Добра ішла напачатку “зубастая”. Потым шчупака нібы адрэзала. Калі раней яго ўсплёскі можна было назіраць то там, то тут, цяпер драпежнік гоніцца за дробяззю надзвычай рэдка. Сёй-той рыбак злавіў некалькі рыбін, ды і тыя асобіны нельга залічыць у лік трафейных. Праўда, мікашэвіцкія аматары-рыбаловы адвялі душу па вылаву сома. На некаторых ямінах асобныя экзэмпляры пацягнулі на 18 кілаграмаў. Трапляліся і такія, што заважылі без малога 2 пуды.
Не могуць пахваліцца ўдачай і паплавочнікі. Не надта ахвотна ловіцца рыба і на малых рэчках. Калі напрыканцы мая дазвалялася лавіць адной вудай у час нерасту з берага ў светлы час сутак, можна было добра “насёрбаць” плотак, акунёў. Ішоў на чарвяка язь вагой да кілаграма, а то і больш. Цяпер з падзеннем узроўню вады такога клёву не назіраецца. Выручае верхаводка, якую за гадзіну-другую, пастаянна падкормліваючы мякішам хлеба, можна налавіць на некалькі патэльняў.
Адзін з самых распаўсюджаных відаў рыбы нашых вадаёмаў – пячкур, і той цяпер, нават у Цне, не дае аб сабе ведаць. Не могуць пахваліцца ўловамі і тыя, хто на ранішняй зорцы “палюе” за карасём.  Толькі сям-там на меліярацыйных каналах асушаных Грычынскіх балот ды ў самой Валчанцы ўсё ж шанцуе.
Чэрвень, як бачым, не парадаваў рыбай. Усе лепшыя спадзяванні рыбаловы-аматары ўскладваюць на ліпень. Як кажуць, пажывем – пабачым. А пакуль усім – ні хваста, ні лускі.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть