РАВЕСНІЦА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ

Таццяне Нагорнай – 21 год. Роўна столькі – дэкларатыўна
абвешчанай незалежнасці нашай краіны.

Лёс дзяўчыны яднае з лёсам краіны яшчэ адна акалічнасць –
да самастойнасці вёў вельмі няпросты шлях. У 11 год дзяўчынка страціла маму, якая
трагічна загінула. Год таму гэтак жа трагічна з жыцця пайшоў бацька. Мама была
медсястрой, менавіта таму асірацелая дачка вырашыла працягнуць працоўную
дынастыю і абавязкова паспець у жыцці зрабіць усё, што не паспела яна.
Закончыўшы 11 класаў Краснавольскай школы, паступіла ў Пінскі медыцынскі
каледж. Паспяхова яго закончыла і атрымала размеркаванне ў абласны цэнтр. Там у
гарадской бальніцы №1 пачалося сталенне маладога спецыяліста.

Назад на малую радзіму паклікала каханне. Паклапаціўшыся
пра пераразмеркаванне, сёлета Таццяна прыехала ў Лунінец да мужа Руслана, які,
дарэчы, працуе вадзіцелем на машыне “хуткай дапамогі”.

– Мне вельмі падабалася ў Брэсце, але і ў Лунінцы ўмовы
для работы выдатныя. Такая прыгожая і вельмі камфортная для хворых бальніца ёсць
далёка не ў кожным вялікім горадзе, – задаволена гаворыць Таццяна.

Працуючы медыцынскай сястрой хірургічнага аддзялення,
дзяўчына вяртае да паўнацэннага жыця хворых пасля аперацый і траўмаў. Гэтая
акалічнасць падштурхнула працягнуць адукацыю ў Брэсцкім педагагічным
універсітэце імя А.С. Пушкіна. Менавіта тут Таццяна Нагорная завочна атрымлівае
адукацыю рэабілітолага.

– З нецярпеннем чакаю ўводу ў строй новага плавальнага
басейна. Вельмі спадзяюся, што хутка буду мець магчымасць адточваць майстэрства
ў плаванні, рыхтуючыся да зімовай сесіі. Асвойваючы асновы фізічнай
рэабілітацыі, мы вывучаем не толькі тэорыю, але і загатроўваемся, займаючыся
гімнастыкай, валейболам, баскетболам, плаваннем…  Проста цудоўна, што хутка ў Лунінцы будзе
такі патрэбны спартыўны аб’ект!

Дзяўчына, нягледзячы на цяжкасці і выпрабаванні, светла і
захоплена верыць у шчаслівую будучыню. Для сябе, сваёй і сям’і сястры, якая
таксама маладым спецыялістам вярнулася на малую радзіму. Для ўсіх беларусаў,
якіх аб’ядноўвае любоў да Бацькаўшчыны і роднага парога, што назаўсёды
застаецца пачаткам сцяжынкі ў вялікае жыццё.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть