РАЁНУ ПАТРЭБНА НЕ “РЭВАЛЮЦЫЯ”, А СТВАРАЛЬНАЯ ПРАЦА

На мінулым тыдні на Лунінеччыне прайшло пасяджэнне гаспадарчага актыву. Правёў яго старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.

Прыезд кіраўніка вобласці быў выкліканы пераменамі ва ўладных структурах. Напярэдадні на пасяджэнні аблвыканкама за ўчынак, не сумяшчальны з высокім статусам дзяржаўнага служачага, быў вызвалены ад пасады старшыні Лунінецкага райвыканкама Уладзімір Мілашэўскі. Аднак няправільна лічыць, што прычынай для звальнення стала толькі ўчыненае ім дарожна-транспартнае задарэнне і разбітая ў выніку новая службовая машына. Як падкрэсліў Канстанцін Андрэевіч, рашэнне памяняць старшыню райвыканкама наспела яшчэ напрыканцы мінулага года, і было для гэтага нямала падстаў. Галоўная – адсутнасць у раёне плённай работы і прыкметнага паступальнага руху наперад. Раён як быў у вобласці на апошніх пазіцыях, так на іх і застаўся. У гэтым вінаваты і кіраўнік, і яго намеснікі, якія нярэдка займалі назіральную пазіцыю. “Няўжо ў вас душа не баліць за свой раён, за людзей, якія тут жывуць і працуюць? – з горыччу пытаў Канстанцін Андрэевіч у сабраўшыхся. – Такое ўражанне, што большасць з вас прыйшлі сюды часова. Але ж, майце на ўвазе, дачаснікаў у раёне больш цярпець не будзем!”

Нямала папрокаў прагучала ў адрас камунальнай службы. “Не памылюся, калі скажу, што пасля “Дажынак-2005” у Лунінцы палец аб палец не ўдарылі ў плане добраўпарадкавання”, – упэўнена заявіў Канстанцін Сумар. Такое перакананне грунтавалася на ўбачаным. Пашкоджаны і не адноўлены пасля рамонту інжынерных сетак асфальт на цэнтральных вуліцах, запушчаны выгляд ускраін, перапоўненыя смеццем кантэйнеры – вось далёка няпоўны пералік агрэхаў, што адразу кідаюцца ў вочы. Неабходна наводзіць парадак не толькі ў Лунінцы, але і ў Мікашэвічах, вёсках раёна. А там да гэтай работы яшчэ амаль не прыступалі, старшыні сельвыканкамаў нярэдка бяздзейнічаюць. Такія падыходы недаравальныя, тым больш – у Год роднай зямлі. У гэтым канстэксце крытычная ацэнка была дадзена дзейнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Участковыя проста не жадаюць бачыць беспарадак, што іншы раз пануе і ў гарадах, і ў вёсках раёна. 

Нашмат горш, чым вясковыя, выглядаюць гарадскія школы. Ды і ўвогуле ў адукацыі раёна працуюць толькі 16 працэнтаў настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй, у той час як у вобласці іх – больш як 20 працэнтаў. К.А. Сумар пабываў на тэрыторыі самай вялікай у раёне СШ №2. Устаноўленыя летась новыя шклопакеты не скрасілі агульнага сумнага ўражання ад навучальнай установы. Вышчарблены цокаль, бедны стадыён… Між тым, ён – адна з нешматлікіх спартыўных пляцовак у Заводскім мікрараёне.

Закрануўшы тэму здаровага ладу жыцця, кіраўнік вобласці агучыў дату адкрыцця рэканструіруемага гарадскога стадыёна – 10 мая гэтага года. Сёлета ж павінна прыняць першых пацыентаў новая бальніца: “Галоўнаму ўрачу варта часцей бываць на гэтым аб’екце, сачыць за якасцю праводзімых там работ. Тэрмін канчатковага ўводу бальніцы – 2010 год – больш пераносіцца не будзе”. Больш мэтанакіраванай павінна быць і работа па замацаванню на Лунінеччыне маладых урачоў. Неабходна асаблівую ўвагу звярнуць на забеспячэнне іх жылллём, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымасці. У тым ліку – выдзяленне новых дамоў, што будуюцца па Праграме адраджэння і развіцця вёскі.

Не засяроджваючы ўвагі на лічбах, Канстанцін Андрэевіч прааналізаваў становішча ў вытворчай сферы раёна, асаблівую ўвагу закцэнтаваўшы на сельскай гаспадарцы. Адзначыўшы стабільную работу і станоўчыя зрухі ў СВК “Гарадоцкі”, “Вулькаўскі світанак”, “Дзятлавіцкі”, КУП “Міжлесскае” і некаторых іншых гаспадарках, параіў “не ныць, а мэтанакіравана працаваць астатнім”. Раёну варта мець дакладную праграму развіцця на 5 год, прадугледзець у ёй усё, што ўпушчана за пошні час, і абавязкова выканаць намечанае. Планы павінны быць зарыентаваны на паляпшэнне жыцця людзей, бо менавіта яны стаяць за кожнай лічбай, кодным працоўным дасягненнем. “Самае галоўнае зараз – стварыць калектыў аднадумцаў, каб зладжана, з мінімальнымі стратамі пераадолець наступствы крызісу і выйсці на шлях павелічэння вытворчасці прадукцыі. Калі не будзеце сядзець склаўшы рукі, мы заўсёды вас падтрымаем”, — падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Пасля гэтага быў прадстаўлены выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Васіль Міхайлавіч Агіевіч. У Лунінец ён пераводам прыехаў з Пінска, дзе да гэтага працаваў першым намеснікам старшыні райвыканкама. Падзякаваўшы за давер, Васіль Міхайлавіч звярнуўся да прысутных:

— Маючы 20-гадовы вопыт гаспадарчай работы, ведаю, якая адказнасць кладзецца на мае плечы. Пастараюся апраўдаць спадзяванні, згуртаваць калектыў райвыканкама, плённымі справамі аднавіць яго добры імідж. Ведаю, якія добрыя і працалюбівыя людзі жывуць на Лунінеччыне, а таму вельмі спадзяюся на вашу падтрымку. Заўсёды цаніў і буду цаніць прафесіяналізм, ініцыятыўнасць, адказнасць, чэснасць, высакароднасць і працалюбства. На Лунінеччыне ёсць магчымасці для мэтанакіраванага і эфектыўнага развіцця рэгіёна. Спадзяюся, што разам, дзякуючы канструктыўнай і выніковай рабоце, мы здолеем гэтыя магчымасці накіраваць у правільнае русла – гарманічна развіваць як вытворчую, так і сацыяльную сферы раёна.

Расказваючы пра сябе, В.М. Агіевіч адзначыў, што нарадзіўся на Століншчыне, у в. Туры. Школа, армія, радыётэхнічны інстытут, Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт дапамаглі атрымаць неабходныя веды. Вопыт набываўся пазней – на самых розных пасадах: ад слесара-зборшчыка радыёапаратуры да дырэктара пінскага РУП “Камертон”, а пазней – першага намесніка старшыні райвынкама. Жанаты. Мае дваіх дзяцей. Дачка замужам, вучыцца ў Кіеўскай акадэміі кіруючага персаналу, сын заканчвае факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржуніверсітэта.

Новаму в.а. старшыні райвыканкама давялося адразу ж уключыцца ў работу. У пэўным сэнсе у гэтым дапамаглі вывады абласных служб. На працягу некалькіх дзён на Лунінеччыне працавала група спецыялістаў Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню. Яе кіраўнік Андрэй Пісарык адзначыў нядрэнныя тэмпы пасяўной. І ўсё ж звярнуў увагу на грубыя як тэхналагічныя, так і дысцыплінарныя парушэнні. Прамоўца пацвердзіў выснову, якую перад гэтым зрабіў К.А. Сумар – раён амаль не працуе з інвестыцыямі. У выніку грошы, якія маглі б пайсці на развіццё Лунінеччыны, накіроўваюцца ў іншыя рэгіёны. У СВК амаль не вядзецца будаўніцтва. Новая ферма будуецца толькі ў “Вулькаўскім світанку”. Між тым, зразумела, што без абнаўлення прыкметнага руху наперад не будзе.

Кіраўнікі, якія бралі ўдзел у рабоце гаспадарчага актыву, адразу ж выкарысталі магчымасць звярнуцца да губернатара за дапамогай у вырашэнні праблем. Па тым, з якой зацікаўленасцю быў выслуханы кожны запыт, можна было меркаваць: слова падтрымліваць раён ва ўсіх добрых пачынаннях Канстанцін Андрэевіч абавязкова стрымае.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть