“РАЗ – ДОЩЕЧКА, ДВА – ДОЩЕЧКА, БУДЕТ ЛЕСЕНКА…”

Пракуратурай раёна праверана захаванне КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ” патрабаванняў заканадаўства аб утрыманні спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак. У ходзе рэйду былі выяўлены шматлікія парушэнні.
Увагу правяраючых прыцягнулі пляцоўкі каля дамоў №№ 7а і 7б па вуліцы Маладзёжная. Звычная для дзетвары “горка” мела тут выгляд не толькі варты жалю, але і ўяўляла самую сапраўдную пагрозу для малышоў. Аснова для поручня вырвана, ліст для слізгання дэфарміраваны і мае з двух бакоў вялізныя дзіркі з вострымі выступаючымі краямі. Гледзячы на суседняе “збудаванне”, цяжка здагадацца, што гэта арэлі: драўляныя напаўненні адсутнічаюць, а там, дзе яны ёсць, дзетвару палохаюць вострыя цвікі, якія тырчаць прама з дошак. Самі арэлі дрэнна замацаваны і хістаюцца пры малейшым дотыку. Нідзе ў дварах не ўбачылі правяраючыя звычайных пясочніц для малышоў.
У час летніх канікул, трэба меркаваць, дастаткова запатрабаванымі будуць спартыўныя пляцоўкі. На адну з іх – у двары дома №6 па вуліцы Першамайская – звярнулі ўвагу ўдзельнікі рэйду. Абсталяванне пляцоўкі абмяжоўвалася парай футбольных варот – аб-дзёртых, непафарбаваных і без сетак.  У жудасным стане і горка: верхні край ліста выгнуты і прыўзняты, мае востры край (на здымку). Мала хто з дзяцей рызыкне ўзабрацца на брусы. Спартыўная канструкцыя настолькі хістаецца і дэфарміравана, што адточваць спрыт на ёй можа хіба толькі самы адважны аматар здаровага ладу жыцця.
Не лепшы малюнак убачылі і ў дварах дамоў №№14 і 14а на гэтай жа вуліцы. Тая ж дэфармаваная “горка”, зламаныя арэлі, расхістаная перакладзіна. Наўрад ці хто рызыкне прысесці на дзіцячую лаўку ў двары дамоў №№10, 10а, 8 і 8а па вуліцы Першамайская. Замест яе засталіся два вострыя штыры, якія тояць небяспеку для малышні, што бавіць тут час. Горкі выгляд мае спартыўная пляцоўка, дзе не знайшлі ніводнага прыдатнага для заняткаў фізічнай культурай снараду.
Вельмі “змястоўны” набор прыстасаванняў для адпачынку давялося ўбачыць у двары дамоў №№ 9 і 10 на вуліцы Фабрычная. Абмежаваўся ён звычайнай расхістанай перакладзінай, на якой жыльцы часцей выбіваюць дываны, ды драўлянай альтанкай для дарослых. Ніякіх іншых прыстасаванняў для малышоў тут няма.
Іншы раз самі дарослыя пазбаўляюць дзетвару абсталяваных месцаў правя-дзення вольнага часу на свежым паветры. Прычым аднаўляць разбуранае не спяшаюцца. Каля дома №3 па вуліцы Будаўнікоў разгорнуты работы па рамонту вода- і цеплазабеспячэння. Ад гэтага пацярпела дзіцячая гульнявая пляцоўка, дзе дарослыя дзядзі і цёці панавыкапвалі ямін глыбінёй больш як у метр. Побач ляжаць бетонныя пліты і тырчаць металічныя штыры і арматура (на здымку). Рамонт, вядома, справа патрэбная, але ж на час яго варта было б абмежаваць на раскурочаную дзіцячую пляцоўку доступ малышні, устанавіўшы звычайную агароджу. Аднак пра гэта ніхто не паклапаціўся. Няўжо варта чакаць бяды?
За час праверкі ў Мікашэвічах не давялося знайсці ніводнай пляцоўкі, якую можна было б назваць нават не ўзорнай, а хоць бы больш-менш прыймальнай для адпачынку дзяцей. Між тым, заканадаўства абавязвае юрыдычныя асобы, незалежна ад формаў уласнасці, і жыллёва-эксплуатацыйныя арганізацыі не толькі клапаціцца пра абсталяванне на прыдамавых тэрыторыях спартыўных, гульнявых пляцовак і прыстасаванняў, але і своечасова  рамантаваць іх, забяспечыўшы належны тэхнічны і санітарны стан. У горадзе ж наогул станам гэтых аб’ектаў ніхто ніколі не цікавіўся. Пра гэта сведчыць адсутнасць актаў агляду дзіцячых гульнявых пляцовак і прыдамавых тэрыторый. Гэта недапушчальна.
Як недапушчальны варварскія адносіны да названых аб’ектаў з боку жыльцоў. Малюнак, прыведзены вышэй, у большасці выпадкаў з’яўляецца вынікам непрыгожых учынкаў несвядомай часткі прадстаўнікоў нашага грамадства. Самы час пару-тройку вандалаў выявіць ды прыцягнуць да адказнасці. Але ж фактаў такіх няма. Значыць, падобнае не выключана ў будучым, нават пасля таго, як дзе-нідзе будзе выкананы рамонт…
Каб такога не здарылася, пракуратурай раёна на імя дырэктара КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ” Андрэя Сержпутоўскага накіравана прадстаўленне аб ухіленні пазначаных недахопаў і пакаранні вінаватых. Звесткі аб выкананай рабоце трэба будзе прадставіць у пракуратуру.
Варта зазначыць, што падобная праверка праводзілася і ў Лунінцы. Тут сітуацыя неўпрыкмет лепшая. Выяўлены адзінкавыя парушэнні, пра якія ведаюць камунальнікі і прыступілі ўжо да іх выпраўлення. Прычым спасылацца на адсутнасць фінансаў у гэтай сітуацыі не даводзіцца. Якія такія выдаткі патрэбны для таго, каб забіць цвік ці ўмацаваць перакладзіну? Колькі намаганняў і піламатэрыялаў неабходна, каб адрамантаваць дзіцячыя арэлі? Відавочна, настаў час весці гаворку пра неналежнае выкананне сваіх абавязкаў тымі, хто непасрэдна адказвае за даручаную справу. У дадзеным выпадку – начальнікаў жыллёва-эксплуатацыйнай службы і майстроў па добраўпарадкаванню.
Аксана ЗОТКІНА, памочнік пракурора раёна.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть